“Родная музыка для роднай краіны”, - Маэстра Міхаіл ФІНБЕРГ

Пяты раз старажытны Тураў сустракае 4 верасня музычнае свята, якое ладзіць Заслужаны калектыў “Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі” пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама і Жыткавіцкага райвыканкама. Гэтай імпрэзай аркестр пачынае свой 23-ці музычны сезон. Якім будзе ён для знакамітага калектыву і асабіста для яго славутага кіраўніка — народнага артыста Беларусі, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і прэміі Саюзнай дзяржавы Міхаіла ФІНБЕРГА? Адказы на гэта і некаторыя іншыя, звязаныя з творчасцю і эстрадным мастацтвам пытанні маэстра даў у эксклюзіўным інтэрв’ю “Народнай газеце” і ў час анлайн-канферэнцыі ў інфармацыйным агенцтве БелТА.

Пяты раз старажытны Тураў сустракае 4 верасня музычнае свята, якое ладзіць Заслужаны калектыў “Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі” пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама і Жыткавіцкага райвыканкама. Гэтай імпрэзай аркестр пачынае свой 23-ці музычны сезон. Якім будзе ён для знакамітага калектыву і асабіста для яго славутага кіраўніка — народнага артыста Беларусі, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і прэміі Саюзнай дзяржавы Міхаіла ФІНБЕРГА? Адказы на гэта і некаторыя іншыя, звязаныя з творчасцю і эстрадным мастацтвам пытанні маэстра даў у эксклюзіўным інтэрв’ю “Народнай газеце” і ў час анлайн-канферэнцыі ў інфармацыйным агенцтве БелТА.

— Міхаіл Якаўлевіч, раскажыце крыху падрабязней пра імпрэзу ў Тураве...

— Яна прысвечана Году роднай зямлі і ўслаўляе аднаго са знакамітых сыноў Беларусі — кампазітара і музычнага дзеяча Станіслава Манюшку. Сёлета, калі шырокі мастацкі свет адзначае яго 190-годдзе, мы вырашылі паставіць асобу Манюшкі ў цэнтр музычных імпрэз, якія ў Тураве маюць асаблівыя, старажытныя акцэнты. У Тураўскім гарадскім доме культуры аматары высокай музыкі змогуць паслухаць віртуознае выкананне камерных калектываў нашага аркестра. Напомню, што ўраджэнец Міншчыны (маёнтак Убель) Станіслаў Манюшка з дзяцінства выхоўваўся ў пашане да беларускага слова і беларускай народнай музыкі. Краявіды яго зямлі, казкі і легенды — усё гэта адгукнулася ў яго музыцы сталых гадоў. Істотна, што творча сталеў ён таксама на Беларусі: менавіта  на Міншчыне, а яшчэ на Віленшчыне правёў больш за 30 гадоў свайго жыцця. Потым, ужо сталым майстрам, сфарміраваным у беларускі перыяд творчасці, які прынёс музычнаму свету сотні Манюшкавых песень і рамансаў, оперныя, сімфанічныя, харавыя кампазіцыі, трапіў у польскую сталіцу. Творчасць кампазітара немагчыма сёння падзяліць паміж народамі. Наша задача — множыць і захоўваць памяць аб Манюшку ў сэрцах нашчадкаў. Дарэчы, на асветніцкім фэсце ў Тураве прагучаць творы не толькі Станіслава Манюшкі, але і яго суайчыннікаў і сяброў.

— Ваш аркестр нанава адкрыў мноства імён, інакш кажучы, мы адкрывалі сябе, сваю музыку, якая доўгія часы не гучала на Бацькаўшчыне? Ці працягнецца гэта работа вашага калектыву ў новым сезоне?

— У мінулым сезоне, які я лічу паспяховым, аркестр арганізаваў і правёў у малых гарадах краіны 12 фестываляў, на якіх гучала беларуская музыка розных эпох, нярэдка адноўленая нашымі аранжыроўшчыкамі па аднаму нотнаму радку, знойдзенаму нават у замежных архівах, напрыклад, прафесарам Вольгай Дадзіёмавай з Беларускай акадэміі музыкі. Мы падрыхтавалі 27 новых праграм, якія таксама ў большасці складаюцца з беларускай музыкі і беларускай нацыянальнай песні. Прагучалі аўтарскія канцэрты кампазітараў Мечыслава Карловіча, Генрыха Вагнера, Дзмітрыя Смольскага, паэта Адама Русака.

— Калі праводзіць паралелі, то ваша вялікая музычна-асветніцкая дзейнасць параўнальная з дзейнасцю еўрапейскіх асветнікаў XVII—XVIII стагоддзяў і мае не меншае значэнне для культуры. Ці разумеюць гэта дзяржаўныя мужы і ці атрымліваеце вы падтрымку дзяржавы?

— Я ўжо гаварыў пра фестывалі ў малых гарадах — за гады існавання аркестра мы правялі іх 93. І ўсе ў гістарычных цэнтрах Беларусі — Нясвіж, Заслаўе, Мір, Мсціслаў, Чачэрск, Маладзечна, Тураў... У новым сезоне пачынаем новы фестываль у Пінску. І я вельмі ганаруся тым, што людзі ўспрымаюць такую музыку — камерную, якая патрабуе вялікай работы душы і розуму. Ужо дзеці нашых першых слухачоў прыходзяць на канцэрты. А дзяржава, вядома, нас падтрымлівае. І Адміністрацыя Прэзідэнта, і Міністэрства культуры, і мясцовыя ўлады, за што ім вялікі дзякуй.

— Міхаіл Якаўлевіч, акрамя фестывалю ў Пінску, які пакажа народжаную ў гэтым самабытным краі музыку, чым яшчэ парадуюць паклоннікаў аркестра вашы канцэртныя афішы?

— Новым фестывалем у Мінску, прысвечаным беларускай эстраднай песні і паэзіі. Ён аб’яднае адразу тры праграмы: “Спяваем з аркестрам!”, у якой прымуць удзел самыя маленькія выканаўцы з усёй краіны; канцэрт, прысвечаны памяці Уладзіміра Караткевіча — да 80-годдзя пісьменніка; творчы вечар народнага артыста Беларусі кампазітара Эдуарда Зарыцкага.
Сярод іншых навінак сезона — арганізацыя конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, новы фармат фестывалю “Шлягер на ўсе часы” ў Магілёве, які цяпер будзе праходзіць як шэраг аўтарскіх вечарын вядомых спевакоў і кампазітараў.

— Ці паўплываў сусветны фінансавы крызіс на фестывальны рух, на вашы творчыя планы?

— Той, хто хоча працаваць — шукае спосаб, той, хто не хоча — шукае прычыну. Сёння я магу з гордасцю сказаць, што план года ўжо завершаны. А дзяржаўны план у нас вельмі строгі і напружаны — мы ж дзяржаўны калектыў. Мы працуем і ў малых гарадах, і ў аграгарадках, і на такіх буйных фестывалях, як “Славянскі базар у Віцебску”. Не, крызіс нам не перашкодзіў, і ўжо сёння мы займаемся планамі сезона 2010—2011 гадоў. Таму ў нас і няма крызісу, што мы — працуем.

— Кажуць, што ў ваш аркестр вельмі цяжка трапіць. Якія крытэрыі адбору ў калектыў?

— Першая ўмова — абавязковая вышэйшая музычная адукацыя. Калі беларуская — то Дзяржаўная акадэмія музыкі. Калі іншай краіны — толькі кансерваторыя. Вядома, патрэбен і вопыт работы ў аркестры. Сёння наш калектыў поўнасцю ўкамплектаваны, прынялі некалькі новых музыкантаў, з астатнімі прадоўжылі кантракты. Каб вы ведалі: наш аркестр адзіны на постсавецкай прасторы, у якім кожны музыкант кожны год іграе індывідуальнае праслухоўванне перад тым, як яму падпішуць кантракт. Але ў нас практычна няма цякучкі кадраў у калектыве. Мы цэнім і моладзь, і тых, хто даўно працуе. Бо няма нічога больш каштоўнага, чым вопыт. Каб яго набыць, трэба пражыць добры кавалак жыцця. Так, у аркестры адбылася змена пакаленняў, зараз працуе шмат маладых музыкантаў. Гэта цудоўныя людзі. Яны больш таленавітыя і адукаваныя, чым тыя, з кім я пачынаў аркестр. Яны — сапраўды твар краіны. Яны разумеюць, што такое нацыянальная музыка, сучасная музыка. Сёння мой аркестр не проста іграе, у ім кожны музыкант — артыст.

— Міхаіл Якаўлевіч, да беларускага шоу-бізнесу многія адносяцца скептычна. Маўляў, мала артыстаў, якія могуць сабраць поўную залу. А, на ваш погляд, чаго не хапае айчынным “зоркам”?

— Прэзідэнт нашай краіны падпісаў цудоўны дакумент, які рэгулюе канцэртную дзейнасць у краіне. На жаль, яго выкананне не кантралюецца. Сёння любы можа назвацца прадзюсерам і арганізоўваць канцэрты, рэпетыцыі якіх праходзяць хіба што не ў аўтобусе... Я ж сваю праграму “Ад Масквы да Брэста” рэпеціраваў год. Гэта год майго жыцця! Каб атрымалася, каб спадабалася, інакш і не можа быць. А сённяшні шоу-бізнес — гэта “фанера”. І нават на дзяржаўных мерапрыемствах, на “Славянскім базары” кульгае якасць канцэртаў. Няма рэжысёраў, няма навацый... А час жа патрабуе новых падыходаў.
Наша беларуская эстрада — гэта аднолькавыя галасы і фанаграма. Такога быць не павінна. Фанаграма дапускаецца, толькі калі ідзе запіс праграмы на тэлебачанні. Інакш музыканты і спевакі перастаюць працаваць. І новай беларускай музыкі сталі мала пісаць, і яна не вельмі запатрабавана.

— Напачатку новага канцэртнага сезона Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі сустракаецца па традыцыі са сваімі паклоннікамі і сябрамі ў Мазыры...

— Сёлета гэта сустрэча адбудзецца 5 верасня і будзе прысвечана 85-годдзю Мазыра. Традыцыі сяброўства з мазыранамі ці не два дзесяцігоддзі. Асабліва цёплая дружба звязвае нашых музыкантаў і спевакоў з работнікамі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Нярэдка менавіта мазыране становяцца першымі гледачамі і слухачамі нашых новых праграм. Юбілею горада-працаўніка, Году роднай зямлі і 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвечаны наш новы суботні канцэрт для сяброў.
У верасні наш аркестр выступіць таксама на свяце горада Мінска і ў вёсцы Камянюкі — на святкаванні 600-годдзя ўстанаўлення ахоўнага рэжыму ў Белавежскай пушчы. Гэты канцэрт ахопіць асноўныя этапы развіцця беларускай музыкі на працягу шасці стагоддзяў. А ў лістападзе мы паедзем у Маскву па запрашэнні аднаго з вядучых расійскіх тэлеканалаў на запіс Навагодняга агеньчыка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter