Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Чароўны свет беларускага Палесся адкрылі для сябе супляменнікі з замежжа

Роднае — заўсёды прыгоднае

Памятаю, летась, падводзячы вынікі творчай стажыроўкі кіраўнікоў аматарскіх калектываў беларускіх суполак замежжа, яе ўдзельнікі казалі: вось бы ўзбагаціць тэарэтычныя, практычныя заняткі ў Мінску паездкай у рэгіёны! Пажаданне ўлічылі арганізатары сёлетняй праграмы курсаў: супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. І павезлі навучэнцаў на Гомельшчыну — пасёлак Акцябрскі, аграгарадок Валосавічы, Мазыр. Паехалі супляменнікі з Арменіі, Італіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Расіі, Украіны.

Старадаўнім танцам навучалі гасцей у Акцябрскім Цэнтры вольнага часу
фота: кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ
Міні-экскурсію па родным сваім горадзе Мазыры правяла для сяброў-удзельнікаў стажыроўкі старшыня Фонду садзеяння развіццю беларуска-расійскіх стасункаў “Белыя Росы” з Санкт-Пецярбурга Ірына Рогава. Аповед пра горад, дзе яна свет пабачыла й расла, не быў спланаваны, але, поўны шчырых эмоцый ды ўспамінаў, вельмі прыйшоўся “ў тэму”. Праз вокны аўтобуса мы бачылі Мазырскі замак, помнік ахвярам Чарнобыля, мемарыяльны комплекс “Курган славы”, а таксама Мазырскі драмтэатр імя Івана Мележа, у якім пяць гадоў Ірына Ігараўна была акторкай. Там непадалёк і дом-“хрушчоўка” з 50-60-х гадоў. “Вунь на чацвёртым паверсе гарыць святло! — звярнула ўвагу Ірына Рогава. — Мама там на кухні — гатуе маю любімую бульбу з мясам: рыхтуецца да сустрэчы. Відаць, не адну слязінку змахнула з вачэй, чакаючы”.

Чакалі гасцей і ў Палацы культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Цэлы канцэрт зладзіў дзіцячы гурт фальклорнай песні “Мазырскія весялушкі”. Дарэчы, гурт у 2012-м пасля ядзернага выбуху на Факусіме выязджаў выступаць у Японію. “Дзеці спявалі ў школах, дзіцячых садах, моладзевых цэнтрах, храмах, — казала дырэктарка Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка. — Мы давалі надзею, расказвалі, што й пасля ядзернай катастрофы жыццё працягваецца. І доказам таму былі маленькія артысты з ансамбля: таленавітыя, прыгожыя, здаровыя. Тады японцаў вельмі здзівілі доўгія косы ў дзяўчынак. А бацькі ж гэтых спявачак самі былі дзяцьмі, калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС...”  

Шчырыя гутаркі ды невялікія майстар-класы прайшлі з артыстамі ансамбля народнай песні ды музыкі “Жывіца”, заслужаным аматарскім калектывам “Сваякі”. Пабывалі курсанты й на рэпетыцыі ўнікальнага ансамбля фальклорнай музыкі ды песні “Стрэчанне”, рэпертуар якога цалкам збудаваны на старадаўніх кампазіцыях, сабраных у экспедыцыях па беларускіх вёсках. 

Заняткі па ткацтве
фота: Кацярына Мядзведская

Часта творчыя гурты Палаца культуры НПЗ, казаў яго дырэктар Аляксандр Буры, удзельнічаюць у розных конкурсах і фэстах Беларусі, выязджаюць за мяжу. Добра знаёмыя гурты “Стрэчанне”, “Сваякі” польскаму гледачу. Выступалі на традыцыйным фэсце Беласточчыны “Свята беларускай песні”. А “Жывіцу” хоча запрасіць да сябе на Калядны кірмаш у Санкт-Пецярбург Ірына Рогава.

Старадаўнім танцам сваёй мясцовасці навучалі гасцей у Цэнтры вольнага часу гарадскога пасёлка Акцябрскі артысты народнага ансамбля танца “Весніца” ды ўзорнага фальклорнага гурта “Рудабельскія зорачкі”. Здзівіў майстэрствам і ўзорны фальклорны гурт “Некрашынка”, створаны пры Валосавіцкім сельскім доме народнай творчасці. Яго дырэктар Леанід Шчэрбін казаў: “Гэты дзіцячы калектыў — пастаянны ўдзельнік фэстаў фальклорнага мастацтва “Берагіня”, што раз на два гады праходзіць у Акцябрскім. Разам з мастацкім кіраўніком Алай Бялько юныя артысты выязджаюць у экспедыцыі: ад вясковых носьбітаў фальклору пераймаюць песні “з голасу ў голас”, музыку “з рук у руку”, танцы “з нагі ў нагу”.

Калі ад пачутых песень ды ўбачаных  танцаў “раскрывалася” мая душа, то ў Акцябрскім раённым цэнтры рамёстваў захацелася змайстраваць нешта сваімі рукамі: выляпіць з гліны фігурку сабачкі, сімвал будучага года па кітайскім календары, вышыць патаемны ўзор на сурвэтцы, сесці за кросны ці зрабіць на памяць сувенір з саломкі. Супляменнікі разышліся “па інтарэсах” і распытвалі-разглядвалі ў майстроў тыя сакрэты, якім яны сёння навучаюць моладзь. Я ж пагаварыла з дырэктаркай Таццянай Халадок, зразумела: Цэнтр рамёстваў — гэта й вялікая майстэрня, і вучэльня, і ўтульны дом для ўсіх ахвочых да рамёстваў жыхароў пасёлка, а таксама й дзетак, якія наведваюць заняткі, калі прыязджаюць на канікулы да бабуль. У ім працуюць творчыя майстэрні па ткацтве й пляценні паясоў, вырабе лялек-абярэгаў, традыцыйным касцюме, вышыўцы й вязанні шыдэлкам, саломапляценні, кераміцы, ганчарстве, папяровым арце. Філіялы Цэнтра рамёстваў адкрыты ў вёсках Забалацце і Гаць, аграгарадках Парэчча, Красная Слабада, Рассвет. Дарэчы, цэнтр намінаваны, казалі мне, на прэмію “За духоўнае адраджэнне” за 2017 год. Пажадаем поспеху руплівым творцам!

Пра кніжную спадчыну Ф. Скарыны расказвалі супляменнікам у Нацыянальнай бібліятэцы
фота: Кацярына Мядзведская

У Нацыянальнай бібліятэцы, на падвядзенні вынікаў стажыроўкі, гучалі толькі пазітыўныя водгукі. Сябра асацыяцыі “Bellarus” у Неапалі, удзельніца хору “Спадчына” Марына Яфімчык казала, напрыклад, што ёй было цікава даведацца, як працуюць прафесійныя калектывы, спадабаліся майстар-класы па спевах, танцах. Марыць сама стварыць у Італіі дзіцячы ансамбль беларускай песні. “Трэба, каб дзеці ведалі мову сваіх бацькоў і дзядоў, — упэўнена Марына. — А, спяваючы, не забудуцца”. Прыемна здзіўлена перажытым і ўбачаным была й супляменніца з Арменіі, сябра суполкі “Беларусь” з Ерэвана Людміла Асланян: “Не думала, што ў Беларусі такая ўвага надаецца захаванню роднай культуры. У Арменіі, дзе жыву ўжо 20 гадоў, не так... Вельмі ўдзячна дзяржаве, рада за свой народ”.

Падзячныя словы арганізатарам курсаў ад усіх навучэнцаў выказаў кіраўнік мастацкай групы Культурнага аб’яднання беларусаў “Агніца” з украінскай Палтавы Глеб Кудрашоў: “Кожны ўдзельнік беларускага руху, жывучы за сотні, тысячы, а то й дзясяткі тысяч кіламетраў ад Беларусі, робіць вялікую справу: зберагае родную культуру. Хто як можа: у танцы, песні, навуковых даследаваннях... І кожнаму так важна ўпэўніцца: тое, што ён робіць, — патрэбна! І Бацькаўшчына ўжо тым, што запрасіла нас на стажыроўку, сказала нам “дзякуй”. Мы ж будзем цяпер пашыраць веды, уменні, што нам падарылі на Радзіме”.

Вольга Антоненка, уручаючы сертыфікаты аб праходжанні навучання, паабяцала ў праграме курсаў на будучы год улічыць прапановы й заўвагі сёлетніх “студэнтаў”. Магчыма, будуць у ёй і кулінарныя майстар-класы, і паходы ў тэатр... Стажыроўка можа быць перанесена й на лета, быць прымеркавана да нейкага абрадавага свята. А па выніках усіх заняткаў ды падарожжаў зняты фільм: адметны, пазнавальны, практычны.

Дарэчы.

Ведаючы даты правядзення сёлетняй стажыроўкі, сяброўкі з Іркуцка Алена Сіпакова і Юлія Пярмінава падрыхтавалі для сябе дадатковую культурную праграму: пабывалі на Фестывалі паэзіі “Знак роўнасці” ў Галерэі источник, на Спеўным сходзе Сяргея Доўгушава. Традыцыйныя танцы патанчылі ў Доме фальклору ў Міханавічах, пад Мінскам, патрапілі на этнадыскатэку ў Баранавічы, наведалі курсы “Мова Нанова” ў мінскай кавярні “Грай”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 46 (3550), чацвер, 7 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter