Роднае слова

Сёння беларусы адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы

Вядомы вучоны-філолаг Аляксандр Лукашанец лічыць, што на беларускай мове трэба больш размаўляць людзям паспяховым, аўтарытэтным, паважаным і прыгожым. Каб стаць прыкладам для пераймання

Штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў заснаваны рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 1999 годзе ў мэтах садзейнічання прызнанню і выкарыстанню родных моў ва ўсім свеце. Паводле звестак ЮНЕСКА, у свеце існуе каля 6 тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца на мяжы знікнення. Штогод каля дзясятка моў вымірае.

Адзначэнне Міжнароднага дня роднай мовы стала ў нашай краіне традыцыйным. Напярэдадні яго ў ходзе круглага стала «Папулярызацыя беларускай мовы: сучаснасць і перспектывы» сваімі думкамі пра моўную сітуацыю ў нашай краіне з журналістамі падзяліўся дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Купалы і Я. Коласа НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец.

Паводле яго слоў, галоўная мэта Міжнароднага дня роднай мовы — падтрымка нацыянальных моў і культур, захаванне нацыянальнай адметнасці і самабытнасці, забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай, стварэнне ўмоў для гэтага з боку дзяржаўных органаў улады, і перш за ўсё падобныя праблемы актульныя для так званых малых народаў і моў нацыянальных меншасцей.

— Спецыфіка моўнай сітуацыі ў нашай краіне ў тым, што аб’ектам самай пільнай увагі ў гэты дзень з’яўляецца беларуская мова — дзяржаўная мова краіны і мова тытульнай нацыі. Нягледзячы на высокі заканадаўчы статус, нададзены беларускай мове, існуюць велізарныя праблемы з яе выкарыстаннем як рэальнага сродку зносін, — адзначыў Аляксандр Лукашанец.

На яго думку, гаворачы пра сённяшняе існаванне беларускай мовы, трэба адрозніваць два аспекты — узровень развіцця сістэмы мовы і яе становішча як сродку зносін у грамадстве.

Што датычыць сістэмы, то беларуская мова сёння — гэта высокаразвітая літаратурная мова, якая можа абслугоўваць усе патрэбы жыцця сучаснага грамадства і паспяхова выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах — ад побытавай да высокіх камп’ютарных тэхналогій. Для гэтага створана неабходная тэарэтычная і факталагічная база, падрыхтаваны як фундаментальныя працы з сістэмным, паслядоўным апісаннем беларускай мовы на ўсіх узроўнях, так і працы, якія забяспечваюць патрэбы сучаснай моўнай практыкі. Рыхтуюцца і фундаментальныя працы, як, напрыклад, гістарычны і этымалагічны слоўнікі беларускай мовы, якія забяспечваюць прэстыж яе і ўсяго беларускага мовазнаўства ва ўсім свеце.

— Сёння сістэма беларускай мовы развіваецца ў рэчышчы тых агульных тэндэнцый, якія вызначаюць сучаснае развіццё ўсіх славянскіх моў, і знаходзіцца ў кантэксце сусветнага моўнага працэсу, — сцвярджае вучоны.

Дык што трэба рабіць, каб беларуская мова рэальна заняла тое месца ва ўсіх сферах камунікацый, якое павінна займаць дзяржаўная мова краіны? Разважаючы над гэтым, Аляксандр Лукашанец акрэсліў некалькі момантаў. Па-першае, неабходна строгае выкананне існуючага дзяржаўнага заканадаўства ў моўнай сферы, што дасць магчымасць рэальна пашырыць беларускую мову ва ўсе афіцыйныя сферы ўжытку. Па-другое, трэба павышаць беларускамоўную кампетэнцыю грамадства. І гэта ў першую чаргу задача сістэмы адукацыі, лічыць вучоны, многія будучыя дарослыя грамадзяне краіны знаёмяцца з беларускай мовай і атрымліваюць практычныя навыкі яе карыстання менавіта ў школе. Па-трэцяе, беларускай мове трэба ствараць дадатковы станоўчы імідж, і папулярызаваць яе павінны «людзі паспяховыя, аўтарытэтныя, паважаныя і прыгожыя», каб, гледзячы на іх, больш ахвотна імкнуліся карыстацца ёю і ўсе астатнія. І яшчэ адно, што на думку Аляксандра Лукашанца важна для сучаснай моўнай сітуацыі, — беларуская мова павінна стаць фактарам кансалідацыі, а не канфрантацыі беларускага грамадства.

— Гэта значыць, што сёння павінна вітацца любое беларускамоўнае вымаўленне. Але пры гэтым трэба разумець, што ёсць сферы, дзе можа выкарыстоўвацца тая ці іншая разнавіднасць нацыянальнай мовы, і ёсць сферы, дзе павінна выкарыстоўвацца толькі беларуская літаратурная мова. Калі ўсё гэта мець на ўвазе і выконваць, думаю, беларуская мова ў 21-м стагоддзі не толькі застанецца важнейшым фактарам беларускай нацыянальнай культуры, але і пашырыць свае функцыі як рэальны сродак камунікацый, — адзначыў Аляксандр Лукашанец.

Дарэчы, паводле яго слоў, нягле­дзячы на праблемы з выкарыстаннем у большасці афіцыйных сфер ужытку, беларуская мова сёння пранікае ў тыя сферы, дзе яна раней сродкам зносін не была. Гэта перш за ўсё інтэрнэт-камунікацыі і канфесійная сфера, а значыць, яна запатрабавана і мае тэндэнцыю да пашырэння ў новыя сферы ўжытку.

Выпраўленне моўнай сітуацыі — справа вырашальная, лічыць Аляксандр Лукашанец, але не аднаго дня. Патрэбны кансалідаваная воля ўсяго грамадства і цярпенне. Важна, адзначае вучоны, што крокі ў гэтым напрамку робяцца, і трэба, каб яны пашыраліся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter