Беларусы Малдовы збіраюць гэтай восенню багаты ўраджай культурных падзей

Роднае сэрцы грэе

Беларусы Малдовы збіраюць гэтай восенню багаты ўраджай культурных падзей


Вось і мы, беларусы Малдовы, як і ўсе тутэйшыя аматары беларускай культуры і мастацтва, дачакаліся Дзён культуры Беларусі. Знакавая падзея ўвабрала ў сябе шэраг імпрэз. Гадоў дзесяць такіх праектаў не было, і вось правядзенне Дзён культуры Беларусі ў нас адноўлена. Рашэнне прынята на пасяджэнні міжурадавай беларуска-малдаўскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў Мінску 15 ліпеня.


Сустрэча Барыса Святлова з актывістамі беларускай дыяспары

Цёплай, сяброўскай была сустрэча Міністра культуры Беларусі Барыса Святлова з кіраўнікамі грамадскіх суполак беларускай дыяспары ў Малдове. Тое адбылося ў памяшканні будучага Беларускага культурнага цэнтра: ён ствараецца на базе беларуска-малдаўскага СП “Керамін-груп”. Разам з Міністрам абмяркоўвалі, як далей ладзіць супрацу, Пасол Беларусі ў Малдове Сяргей Чычук, саветнік Пасольства Аляксандр Істомін, старшыня Беларускага культурнага руху Малдовы Ганна Мазур з намесніцай Людмілай Гросу, старшыня Беларускай грамады ў Малдове Юры Статкевіч, старшыня Таварыства дружбы і супрацоў­ніцтва “Малдова-Беларусь” Генадзь Зяньковіч, намеснік старшыні Асацыяцыі бела­русаў муніцыпія Кішынёў “Беларусь” Юры Максімаў, беларускі мастак Вячаслаў Ігнаценка, а таксама генеральны і камерцыйны дырэктары СП “Керамін-груп” Дан Фартунэ і Валянціна Панфілава.

Сустрэча атрамалася дружалюбнай, канструктыўнай. Мы абмеркавалі шэраг тэм, якія тычацца працы будучага БКЦ, дзейнасці беларускіх суполак у Малдове. Не хавалі, што разлічваем на дапамогу Мінкультуры: і ў правядзенні конкурсу на лепшы праект дызайну інтэр’ера для будучага БКЦ, і ва ўсталяванні помніка Францыску Скарыне ў Кішынёве. Як наладзіць доступ супляменнікам за рубяжом да актуальнай інфармацыі пра значныя культурныя мерапрыемствы і конкурсы, якія праводзяцца ў Беларусі? І ці магчыма нам, творчым людзям дыяспары, у іх часцей удзельнічаць? А яшчэ нам патрэбны нацыянальныя беларускія строі, у тым ліку і невялікіх памераў, для артыстаў беларуска-малдаўскага этнічнага тэатра “Куфар”, што створаны пры БКРМ. Вельмі неабходна метадычная і мастацкая літаратура, нацыянальная сім­воліка, дапамога Бацькаў­шчыны ў правядзенні найбольш значных імпрэзаў беларусаў Малдовы. Барыс Святлоў адказваў на ўсе пытанні, падарыў удзельнікам сустрэчы памятныя падарункі, паабяцаў і ў далейшым аказваць усебаковую падтрымку і дапамогу супляменнікам у Малдове.

Ва ўрачыстым адкрыцці Дзён у Нацыянальнай філармоніі імя Сяргея Лункевіча ўдзельнічалі Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў і віцэ-Міністр культуры Малдовы Георгі Постыкэ. Барыс Святлоў, вітаючы гасцей і ўдзельнікаў свята, падкрэсліў: культурныя сувязі паміж нашымі народамі досыць традыцыйныя, доўгія, і міністэрствы культуры абедзвюх краін маюць жаданне тыя сувязі развіваць далей. Ён падзякаваў малдаўскі бок за намаганні, дзякуючы якім “праз час, які падаўся досыць доўгім, на выдатнай малдаўскай зямлі зноў адбылася гэтая сустрэча”.


На вернісажы “Каляровая нiзка”

Яркія, пазітыўныя ўра­жанні ўсіх, хто прыйшоў на доўгачаканае свята беларускай культуры, дапаўнялі вернісаж габеленаў беларускіх майстроў “Каляровая нiзка”, а таксама раскошны канцэрт знакамітага гурта “Cвята” — артысты купаліся ў бурных апладысментах, іх доўга не адпускалі са сцэны. На другі дзень гурт з бляскам выступіў у Палацы культуры Бельцаў, паўночнай сталіцы Малдовы.

А ў Цэнтры культуры і мастацтва Odeon у Кішынёве ў плыні Дзён два дні паказвалі беларускія фільмы: “Белыя росы. Вяртанне” і “Сляды апосталаў”. Завяршыліся Дні прэзентацыяй анімацыйных фільмаў студыі “Беларусьфільм” і кінакарцінай “Брэсцкая крэпасць”.

Дні культуры Беларусі ў Малдове сабіралі вялікую колькасць шаноўных гасцей, прадстаўнікоў дыпкорпусу, культурнай інтэлігенцыі, бізнес-эліты. А яшчэ гэта была выдатная пляцоўка для душэўных сустрэч беларусаў-супляменнікаў, якія жывуць у Малдове. Успаміны пра цёплае свята — з роднымі нам людзьмі, словамі, гукамі, спевамі, фарбамі, узорамі… — будуць яшчэ доўга грэць сэрцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter