Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Сваё 75-годдзе касманаўт Пётр Клімук адзначыў на малой радзіме

Родам з Камароўкі

Павіншаваў славутага земляка з юбілеем Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. “Ваш жыццёвы шлях — яркі прыклад самаахвярнага служэння Айчыне. Мужнасць, прафесіяналізм, шырокая эрудыцыя, адказнасць і адданасць сваёй справе дазволілі Вам стаць выбітным лётчыкам-касманаўтам, двойчы Героем Савецкага Саюза”, — гаворыцца ў віншаванні. А свой юбілей Пётр Ільіч святкаваў на малой радзіме ў Брэсцкай вобласці, паведамляецца на сайце інфармагенцтва БЕЛТА. “Большага шчасця не знаходжу ў свае 75. Не чакаў, што так будзе. Сустрэўся са сваякамі, сябрамі ў Тамашоўцы, роднай Камароўцы, Брэсце. Быць на Брэстчыне — самае вялікае шчасце. У Беларусь вяртаюся з радасцю: як бусел у сваё гняздо, так і Клімук — у сваю вёску”, — казаў касманаўт на сустрэчы з землякамі ў Брэсце.

Адказваючы на пытанне пра першы палёт у космас, знакаміты беларус прызнаўся, што толкам яго не адчуў: “На Байканур паляцеў дублёрам, другім экіпажам. А там прызначылі першым экіпажам. Усе тыя восем дзён даволі хутка і энергічна прайшлі, так што я іх нават і не адчуў. Але было прыемна: упершыню пабываў у космасе маёрам”. Дарэчы, той палёт Пётр Клімук здзейсніў з 18 па 26 снежня 1973 года на касмічным караблі “Союз-13”. Усяго ў космасе быў тройчы. “Хацелася мне і больш лётаць на касмічным караблі, і больш на арбіце быць. Але ў жыцці не заўсёды атрымліваецца так, як хочацца. У маладым узросце мяне прызначылі начальнікам палітаддзела (па сутнасці, другая асоба) Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. У 35 гадоў генералам стаў. Пайшоў крыху па іншым шляху, але ж лічу, што ён нічым не горшы”, — рэзюмаваў касманаўт.

На сустрэчу з Пятром Клімуком прыйшло шмат жыхароў Брэста, навакольных вёсак і пасёлкаў. Яго віншавалі з 75-годдзем кіраўнікі абласнога і гарвыканкамаў, дэпутаты, грамадскія дзеячы, моладзь. І ахвочых сфатаграфавацца або ўзяць аўтограф у першага беларускага касманаўта было вельмі шмат.


Голас Радзімы № 27 (3531), чацвер, 20 ліпеня, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter