Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Тысячу і адну сустрэчу з роднай краінай падрыхтавалі для чытачоў з усяго свету супрацоўнікі часопіса “Беларусь”

Родам з 1930-га

З’яўляюцца ў ім і артыкулы пра жыццё беларусаў замежжа
Творчы працэс у рэдакцыі часопіса “Беларусь. Belarus”
Фота: Віталь Гіль
На пачатку года мае калегі святкавалі выхад 1000-га нумара выдання. А напрыканцы лютага пабачыў свет і 1001-ы. І хоць у размове пра папулярны грамадска-палітычны часопіс “Беларусь. Belarus” варта быць рэалістам, аднак можна ўспрымаць яго і як дзівосную, прыгожую казку. Бо колькі мар, надзей, прыгожых людзей, вершаў, здымкаў, малюнкаў, а таксама цікавых артыкулаў знойдзеш у тых 1001 нумарах!

Прызнацца, само па сабе цуд, што выданне з красамоўнай назвай – жыве і развіваецца, нягледзячы на розныя жыццёвыя абставіны. Часопісу больш за 75 гадоў, а з 2017-га ён выходзіць і на кітайскай мове. Не маглі сабе такое ўявіць (пра Беларусь і яе людзей пісаць іерогліфамі…) стваральнікі часопіса “Чырвоная Беларусь” у 1930-м. Дарэчы, на мяжы тысячагоддзяў, яшчэ ў старым будынку Нацыянальнай бібліятэкі, я трымаў даваенныя падшыўкі ў руках і напісаў для часопіса пару тэкстаў пад назвай “Нованароджаны” да 70-годдзя выдання (“Беларусь, 2000 г, №№1,2). А нядаўна бачыў, як беларуска-перакладчыца ўносіла на камп’ютары ў вёрстку лютаўскага, 1001 нумара, свае праўкі. Повязь часоў, тэхналогій, бесперапынны летапіс Бацькаўшчыны…

Зрэшты, пра бесперапыннасць... Працуючы ў архівах, я высветліў: часопіс “Чырвоная Беларусь” партвярхушка БССР рыхтавала ў якасці падарунка Іосіфу Сталіну да юбілею, ён жа нарадзіўся 21 снежня 1879 года. На вокладцы першага нумара “двухтыднёвай ілюстраванай часопісі” бачым партрэт “вождя” і яскравы подпіс: “Да пяцідзесяцігодзьдзя з дня нараджэньня”. Інтэрнэт падказвае: выданне рыхтавалася, калі першым сакратаром ЦК кампартыі Беларусі (з 4 снежня 1928-га па 8 студзеня 1930-га) быў Якаў Цудзікавіч (Ян Барысавіч) Гамарнік, ураджэнец Жытоміра, вядомы военачальнік, паплечнік маршала Тухачэўскага. У Мінску й цяпер ёсць вуліца Гамарніка. Выданню дазволілі выходзіць па-беларуску (пэўна, былі на тое прычыны), і адказным рэдактарам прызначылі паэта і журналіста Міхася Чарота, чалавека спрактыкаванага: у 1920-29 гадах працаваў у газеце “Савецкая Беларусь”. Аднак утрымаўся ён на пасадзе нядоўга: у 1932-м яго змяніў Мікола Хведаровіч. А Чарота ў 1937-м рэпрэсавалі ды расстралялі. Пазней паэт Сяргей Грахоўскі згадваў: фактычна ж адказны сакратар Янка Шарахоўскі ды мастак Анатоль Тычына ўдвух рыхтавалі, выдавалі той часопіс.

Цікава, што выданне ішло па ўсім Савецкім Саюзе. На нумарах з 30-х гадоў у Нацыянальнай бібліятэцы ёсць пазнакі, што яны вярнуліся ў Беларусь з Іркуцкага ўніверсітэта, Томска, Татарстана, Адэсы... Знаходкі ў архівах далі мне падставы напісаць да 70-х угодкаў часопіса “Беларусь” радкі: “Чыталі ў Томску і ў Адэсе,/ А потым – тварам да сцяны… І пасля сталінскіх рэпрэсій/ Ўваскрэсла аж пасля вайны”. Да закрыцця часопіса ў 1933-м выйшла 79 нумароў. Афіцыйная прычына перапынення выхаду: нястача паперы ў краіне…

Часопіс аднавіўся пад назвай “Беларусь”, пачаў выходзіць у Маскве пад рэдактарствам Ільі Гурскага ў студзені 1944-га, калі тэрыторыя Беларусі яшчэ не была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І папера знайшлася! Але перадваенныя нумары новыя стваральнікі выдання чамусьці забылі. А ў 1982-м была прынята спецыяльная пастанова ЦК КПБ аб устанаўленні часу выдання часопіса – са студзеня 1930-га. І ўжо калі часопіс адзначаў (у 2000-м) 70-гадовы юбілей, то перадваенныя 79 нумароў таксама былі ўключаны ў агульную нумарацыю выдання. Вось што стаіць за лічбай 1001!

Мне выпаў гонар працаваць у часопісе “Беларусь” намеснікам галоўнага рэдактара з кастрычніка 1996-га: нас з Валянцінай Ждановіч (ёй прапанавалі пасаду адказнага сакратара) запрасіў на працу тагачасны галоўрэд Аляксандр Шабалін. Дарэчы, Валянціна Міхайлаўна і застаецца той унікальнай “жывой нітачкай”, праз якую традыцыі, набыткі ранейшага выдання, а таксама й нумарацыя ад 1930 года перайшла ў часопіс “Беларусь. Belarus”. Цяпер, як і газета “Голас Радзімы”, часопіс – у складзе медыяхолдынгу “СБ. Беларусь сегодня”.

Што ўяўляе з сябе часопіс сёння? З нагоды выхаду 1000 нумара Валянціна Ждановіч расказвала, што гэта – выданне іміджавае, з’арыентаванае ў тым ліку і на замежную аўдыторыю. Выходзіць на пяці мовах: беларускай, англійскай, іспанскай, польскай, кітайскай. На апошняй выйшла два нумары. Па словах адказнага сакратара, калі ўтвараўся часопіс “Беларусь. Belarus” у новым фармаце, то былі званкі ад чытачоў, аўтараў, якія хацелі прапанаваць на яго старонкі і вострыя артыкулы, гарачыя тэмы. На такія прапановы Валянціна адказвала пытаннем: “Скажыце, вы ў госці ў чым ідзяце: у той вопратцы, у якой на кухні гатуеце, альбо святочна?” Яна лічыць, што ў людзі варта йсці прыбранымі, прыгожымі: “Хоць у краіне нашай і  ёсць свае праблемы, цяжкасці, як і ў любой сям’і, але за межы свайго дома гэта выносіць не варта”.

Маючы моцныя творчыя сувязі з беларусамі замежжа, я прапаноўваю на старонкі часопіса “Беларусь.Belarus” адпаведныя тэмы. І ўжо выходзілі артыкулы, у якіх расказваецца пра жыццё беларусаў у Іркуцку, Цюмені ды Цюменьскай вобласці, Новасібірску, Белгарадзе. А ў 1001-м  нумары выйшаў тэкст і пра беларусаў у Аргенціне. Цяпер на інтэрнэт-партале холдынга “СБ” ёсць магчымасць пабачыць часопіс у ПДФ-фармаце на розных мовах, выбраўшы злева ўверсе спасылку “Издания”.

Голас Радзімы № 10 (3514), чацвер, 9 сакавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter