Илья Журавлев с КУВ СГП "Дриссенский" Верхнедвинск района - ровесник Конституции Республики Беларусь

Род Жураўлёвых спрадвеку пры тэхнiцы

Ілля ЖУРАЎЛЁЎ.
Дырэктар КУВ СГП «Дрысенскі» Верхнядзвінскага раёна Васіль Губанаў на маю просьбу, як бы ямчэй расказаць пра маладога загадчыка майстэрні Іллю Жураўлёва, перапытаў:

— А чаму менавіта пра Жураўлёва? У нас жа ўсе — маладыя спецыялісты: і галоўны аграном Яўген Мароз з жонкай аграномам-насенняводам Дар’яй Мароз, і галоўны энергетык Аляксандр Кудакоў, і яго жонка ветурач Кацярына Кудакова, і загадчык машыннага двара Дзяніс Дзямідаў. І адзін другому не ўступаюць у прафесіяналізме.

— «Білет» такі выпаў вашаму Жураўлёву, растлумачваю. — Хлопец — равеснік Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Вось і чытачам хочацца пра яго пабольш даведацца.

— З работай спраўляецца. Летам на камбайне хлеб убірае, не п’е, — выдае Губанаў сціслую характарыстыку.

З IЛЛЁЙ, апранутым у паўвайсковую форму, сустрэліся ў майстэрні, калі заканчвалася выгрузка запчастак, за якой ён пільна сачыў.

— Ці не пазнавата прывезлі? — удакладняю, маючы на ўвазе, што на вуліцы на той час была ўжо сярэдзіна сакавіка і палявыя работы вось-вось павінны пачацца.

— Гэта да корма- і зернеўборачных камбайнаў, — удакладняе Ілля, зразумеўшы падтэкст пытання. — А да пасяўной падрыхтаваліся загадзя, хаця клопатаў хапіла як ніколі. Тэхніка даволі зношаная. З навейшай вось толькі тры адзінкі: трактары МТЗ-3520, МТЗ-1523 ды кормаўборачны камбайн КВК-800. А так у асноўным па сем-восем гадоў і болей. Пасяўному агрэгату АПП-6 наогул дзевяць. Перабіралі яго ўвесь. Мянялі і сашнікі, і падшыпнікі, і ўтулкі...

— Напэўна, была праблема і з запчасткамі?

— Не, дзякуй нашаму дырэктару Васілю Іванавічу, тут ён здорава дапамагае. Мы, інжынерная служба, складаем дэфектную ведамасць, што нам трэба, і дырэктар падпісвае, хаця і грошай тых не так багата ў гаспадарцы, ды і запчасткі дарагія.

— Неяк жа выкручваецеся?

— Ну, грошы з малака «бягуць», а яшчэ насенне траў прадаём. А як сэканоміць, мы тут на месцы глядзім. Бяром запчасткі ад вытворцаў, каб без хібаў і лішніх накрутак. Падсабляе наш Верхнядзвінскі аграсэрвіс, дзе асобныя запчасткі рэстаўрыруюць, а некаторыя наогул вырабляюць.

Звяртаю ўвагу на тое, што ў майстэрні як маладыя механізатары, так і даволі пажылыя. Намякаю, што з апошнімі, відаць, больш клопатаў: як гэта людзям, якія адпрацавалі па 30—40 гадоў, слухаць яго, яшчэ зеленаватага спецыяліста.

Ілля з гэтым не згодзен:

— Якраз са старэйшымі менш праблем: яны ведаюць сваю справу і стараюцца зрабіць як трэба. Можа, гучна будзе сказана: гонар хлебаробскі ў іх такі: не могуць абы-як! Праўда, усялякія выпадкі здараюцца. Аднак мы не караем людзей рублём. Пераконваем, дапамагаем.

З машыннага двара зухавата вырульвае невялікі трактарок МТЗ-320, якім кіруе... галоўны аграном Яўген Мароз.

— У поле падаўся, — каментуе Жураўлёў. — Не на кожны ўчастак на машыне цяпер даедзеш, а на гэтым «усюдыходзе» — самы раз.

— Малайчына, асвоіў і тэхніку, — хвалю агранома.

— О, ён у нас на ўсе рукі майстар, — пагаджаецца Ілля. — Летась механізатар захварэў, дык цэлы тыдзень глебу дыскаваў на ягоным трактары. Дома вялікую гаспадарку трымае, нават свіней в’етнамскіх. Праўда, тут яму жонка Дар’я падсабляе, якая насенняводам у нас працуе.

Справа ідзе к абеду. Жураўлёў паглядвае на гадзіннік і прапануе:

— Паедзем да мяне дахаты. Гарбатай, заваранай на зёлках, пачастую. Бацька ў мяне ляснік. Назбіраў.

Па дарозе ўзнаўляю гаворку. Маўляў, як атрымалася, што бацька лясную прафесію выбраў, а сын да тэхнікі падаўся?

Ілля загадкава ўсміхаецца і выдае сенсацыйную інфармацыю:

— Наш род Жураўлёвых спрадвеку з тэхнікай павязаны. Дзед мой, Міхаіл Сцяпанавіч, трыццаць шэсць гадоў на трактары ў калгасе адрабіў, быў тут таксама і майстрам-наладчыкам. Бацька мой да таго, як у лес пайшоў, гэтымі майстэрнямі доўгі час загадваў. Цяпер я, выходзіць, на яго месцы.

Маладыя спецыялісты КУВ СГП «Дрысенскі»: галоўны аграном Яўген МАРОЗ, галоўны інжынер Сяргей ЛАГУН,  ветурач Кацярына КУДАКОВА, загадчык машыннага двара Дзяніс ДЗЯМІДАЎ, аграном-насеннявод Дар’я МАРОЗ,  загадчык майстэрні Ілля ЖУРАЎЛЁЎ.

— А як гэта атрымалася?

— Тут цэлая гісторыя. Пасля заканчэння Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа было размеркаванне. Нас, выпускнікоў, паставілі перад фактам: ці адпраўляйцеся па заяўках, да так званых «купцоў», ці выбірайце гаспадаркі самі. Але адтуль павінна быць адпаведнае пісьмо.

Мне ж, канечне, захацелася дахаты. Да дырэктара Васіля Іванавіча звярнуўся з просьбай узяць у якасці тэхніка-механіка. Ён паглядзеў дыплом, уздыхнуў: «І рад бы, ды ніякай вакансіі няма. Калі хочаш, папрацуй камбайнерам і проста ў майстэрні, а там па восені месца павінна вызваліцца». З радасцю пагадзіўся. Потым атрымалася, як ён і абяцаў.

А пачыналася ўсё з дзяцінства. Нарадзіўся я ў вёсцы Дзехцярова, дзе і жыву цяпер разам з бацькамі. Дом наш на самым беразе Сар’янкі. Бегаў купацца ў яе халаднаватай чыстай вадзе, лавіў рыбу. Ладных шчупакоў выцягваў. Непадалёк лес, дзе «паляваў» даволі ўдала за баравікамі, падасінавікамі. Хадзіў у мясцовую школу, што ў Сар’і. Асабліва падабаліся гісторыя і беларуская мова. Захацеў паступаць у Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж, які ў свой час скончыў мой бацька. Тады гэта ўстанова называлася саўгас-тэхнікум. Бацька даведаўся аб маім жаданні, адвёў мяне на машынны двор, а я тады яшчэ толькі дзясяты клас скончыў, і сказаў: «Паглядзі на гэту арганізацыю знутры, што гэта за хлеб! Папрацуй памочнікам камбайнера». Відаць, разлічваў, што я спалохаюся і перадумаю. Атрымалася ж наадварот: цяга да тэхнікі яшчэ больш вырасла.

Паспрыяла гэтаму, відаць, і тое, што трапіў я ў памочнікі да знакамітага камбайнера Станіслава Адольфавіча Пяткевіча. Ён быў ужо на пенсіі, і камбайн КЗС-10 таксама амаль што адхадзіў сваё, але не стаялі мы ў загонцы, спраўна ўсё атрымлівалася. І з таго часу на канікулах заўсёды ішоў у памочнікі камбайнера. А цяпер, калі пачынаецца ўборка, сам саджуся за штурвал. У нас традыцыя такая — на час жніва і загадчык машыннага двара Дзяніс Дзямідаў, і я ўбіраем хлеб.

— Усё работа, работа. А як з вольным часам? Відаць, і ў той лес у грыбы, і на рэчку рыбу павудзіць часу не выпадае?

— Гэта не зусім так. Цяпер пасяўная, як кажуць, вясновы дзень год корміць. Тут асабліва не разгонішся. А ўвогуле час знаходзім. У Сар’і добры сельскі Дом культуры, дзе часта бываюць канцэрты, ёсць кафэ, дзе можна пасядзець адвячоркам ці ў выхадны. У мясцовай школе ў спартзале гуляем у валейбол. Выступаем на розных раённых спаборніцтвах. Асабліва няблага — на турыстычным злёце. У нашай камандзе васямнаццаць чалавек: спецыялісты, механізатары, прадстаўнікі іншых прафесій. Капітан Яўген Мароз. У эстафеце і трыятлоне, напрыклад, занялі другое месца, у дартсе — трэцяе.

ВЫЯЗДЖАЕМ на вуліцу вёскі Дзехцярова. Сядзіба Жураўлёвых прыкметная не толькі акуратненькім сялянскім домам, немалым садам, але ў першую чаргу падворкам, на якім і куры, і гусі, і качкі. Такое ўражанне, што «прызямліўся» тут цэлы вырай.

— Гэта яшчэ не ўсё, — заўважае Ілля. — У хлеве — свінні, карова.

— А як з сенам?

— Дае гаспадарка, пры жаданні. Але мы не бяром. Ёсць уласны трактар. Назапашваем з яго дапамогай. Сваё — смачнейшае.

Ілля падыходзіць да студні, што ў двары, і дастае вядро са сцюдзёнай, аж зубы зводзіць, надзвычай чыстай і смачнай вадой.

— Крынічная! — з гонарам канстатуе Жураўлёў і запрашае ў хату, дзе нас чакае духмяны чай на лясных зёлках...

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter