Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Інфармацыйна-гуманітарную акцыю, прысвечаную Дню яднання народаў Беларусі ды Расіі, беларусы з суполкі “Батькавщина” правялі ў Курганскай вобласці

Род. Сям’я. Блізкія людзі

Пра намер правесці акцыю “Славянская сям’я народаў Зауралля”, прысвечаную Дню яднання, нам напісала Людміла Урванцава. Кіраўніца Курганскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў Зауралля “Батькавщина” даслала ў рэдакцыю праект праграмы свята. Запрашала прыязджаць, але ж — далекавата: ад Беларусі больш за 2800 кіламетраў. Дарэчы, прыкладна столькі ж прайшлі мы пешшу ў 1996-м за 120 дзён, калі абыходзілі Беларусь па перыметры ўздоўж Дзяржаўнай мяжы. Калі свята прайшло, Людміла Рыгораўна скінула здымкі з каментарам: усё збылося, як планавалі. Дадала: “Столькі цяпла ды ўсмешак было — аднак іх усе не пакажаш. І колькі мы спявалі — шкада, не пачуеце!”

Смачны пачастунак — гасцям

Што ж, паспрабуем падключыць уяўленне. Інфармацыйна-гуманітарную акцыю актывісты суполкі распачалі 4 красавіка ў 11 гадзін там, дзе кампактна жывуць супляменнікі-беларусы. Выбралі для таго Новагеоргіеўскую сярэднюю агульнаадукацыйную школу: сяло Новагеоргіеўка-2, у Петухоўскім раёне Курганскай вобласці. Глянуў па карце: амаль 200 км ад абласнога цэнтра, пры мяжы з Казахстанам. Дарэчы, у 2009-м пад час прэс-тура беларускіх журналістаў вазілі якраз у Петрапаўлаўск, цэнтр Паўночна-Казахстанскай вобласці. Мы яшчэ й Мамлютку наведвалі, яе знакаміты элеватар, бачылі Транссібірскую магістраль, што, аказваецца, і праз Петухова праходзіць… Карацей: блізка былі да беларускіх пасяленняў Зауралля. Дык вось, на пачатку акцыі ў школьным фае дэманстравалася выстава кніг беларускіх аўтараў, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — з беларускім каларытам. І спяваў народны калектыў: ансамбль беларускай песні з Кургана “Журавачка”.

Вядучыя расказалі пра гісторыю Дня яднання. Далей у сцэнары ёсць меркаванне, быццам “расіяне і беларусы ... выдатна разумеюць мовы адзін аднаго без перакладчыкаў”. Беларусы, безумоўна,  мову суседзяў ведаюць, а расіяне беларускую — далёка не заўсёды. У 2013-м у Цюмені я гаварыў сярод беларусаў на мове — і не ўсе мяне зразумелі. Як і любая іншая мова, беларуская патрабуе да сябе ўвагі ды павагі, а рускаму чалавеку, калі й пастарацца, зразумець можна сотні чатыры-пяць сугучных слоў, не больш. Дарэчы, паспрабуйце даць расіянам у арыгінале пачытаць творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, іншых беларускіх пісьменнікаў...

Этнкаларыт на выставе ў Заураллі

На ўрачыстасці былі, віталі прысутных ганаровыя госці: прадстаўнікі раённай ды абласной улады, а таксама старшыня савета Асамблеі народаў Зауралля Уладзімір Уфімцаў. А Людміла Урванцава  расказала пра “Батькавщина”, дэманстраваліся фотаздымкі з мерапрыемстваў, якія праводзяць беларусы. Узнагароджваліся актывісты беларускай дыяспары ў Заураллі. Выкладчык Курганскага педкаледжа, стваральнік музея музычных інструментаў, заслужаны настаўнік Расіі Юрый Куньшын паказваў розныя славянскія музінструменты, расказваў пра іх.

А далей — святочны канцэрт. У ім паўдзельнічалі мясцовыя артысты з сёлаў Новаільінскае, Новагеоргіеўка ды Новагеоргіеўка-2-я. Гучалі вершы, песні, дэманстраваўся дакументальны фільм “Живет село родное” ды слайды з жыцця беларускіх вёсак. Цёпла і сардэчна віталі вяскоўцы выступленне гасцей — гурта “Журавушка”, якім кіруе Уладзімір Лушнікаў. У выкананні артыстаў з Кургана гучалі вядомыя беларускія песні, у тым ліку і знакамітая “Чарка на пасашок”.

Спадзяемся, ад такіх творчых кантактаў зауральскіх беларусаў ёсць карысць для ўсіх. Падобныя акцыі, безумоўна, запамінаюцца і сапраўды спрыяюць умацаванню сяброўства паміж народамі.

Голас Радзімы № 15 (3519), чацвер, 13 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter