Як зберагчы жыццё вяскоўцам напярэдадні сезона халадоў

Рэйд па гарачым вуголлі

Нягледзячы на халады, для ратавальнікаў надыходзіць гарачы сезон. Кожны дзень ім даводзіцца выязджаць на пажары, якія сталі вынікам безадказнасці чалавека. Няспраўная печ або грубка лёгка могуць прывесці да ўзга-рання з самымі трагічнымі наступствамі. Але ж бяду лягчэй прадухіліць. Два тыдні таму ў краіне пачалася традыцыйная акцыя «За бяспеку разам». Ратавальнікі, супрацоўнікі міліцыі, сацыяльныя службы правяраюць ха-ты і падворкі вяскоўцаў. У адной з груп працаваў і карэспандэнт «Р».

Супрацоўнік МНС Юрый КАЛЯДА папярэджвае: усё, што можа загарэцца, трэба трымаць як мага далей ад агню.

У Маларыцкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях суботнім ранкам шматлюдна. На дапамогу калегам прыехалі ратавальнікі з Брэста. Мэта агульная — адпрацаваць як мага больш дамоў, пагаварыць з вяскоўцамі, праверыць стан печаў і электраправодкі. На пляцоўцы перад будынкам традыцыйнае пастраенне, кароткі інструктаж. Яго праводзіць старшы інжынер аддзела нагляду і прафілактыкі Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Ілья Асюціч:

— Сёння будуць працаваць сем груп. У кожнай па два чалавекі. Вы атрымаеце адрасы, дзе жывуць адзінокія старыя, а таксама шматдзетныя сем’і. Іх трэба наведаць у першую чаргу. Звяртаем увагу літаральна на ўсё – дробязей быць не можа. Кожная група сёння праверыць больш за 20 падворкаў.

Нашай групе выпала ехаць у аграгарадок Арэхава за 20 кіламетраў ад райцэнтра, побач з украінскай мяжой.

У аграгарадку нас сустракаюць участковы інспектар Генадзь Сідарэнка і старшыня мясцовага сельскага выканаўчага камітэта Святлана Вітаноўская. Ра­зам едзем да 86-гадовай пенсіянеркі Веры Іванаўны, якая жыве адна. Юрый Каляда, намеснік начальніка цэнтра прапаганды і ўзае­мадзеяння з грамадскасцю пры Брэсцкім абласным упраўленні МНС, пытаецца з парога:

— Можа, ёсць нейкія праблемы, цяжкасці з эксплуатацыяй печы або праводкі?

Вера Іванаўна толькі ўсміхнулася:

— Якія могуць быць у мяне праблемы? Здароўя хіба што не стае. Але ж з гэтым вы мне не дапаможаце.

Ратавальнік адкрывае печ. Аглядае ўнутры і звонку. Каменціруе:

— У вас канапа стаіць вельмі блізка да дзверцаў грубкі. Упадзе якая-небудзь галавешка – можа здарыцца пажар. Давайце адсунем канапу трохі далей. Добра, што ёсць прытопачны ліст. Мяркуючы па ўсім, печ не так даўно рамантавалі.

Пенсіянерка ўспамінае: печку перарабілі два гады таму, комін прачысцілі. На гарышчы навялі парадак, усё лішняе прыбралі. Таксама замянілі стары электрычны лічыльнік на сучасны, аўтаматычны. Але ж без недахопаў не абышлося. Ратавальнік параіў замяніць старыя разеткі.

За адзін дзень ратавальнікі праверылі ў Маларыцкім раёне каля 150 хат і падворкаў

– У астатнім у вас усё добра. Так што жывіце да 100 гадоў!

Вера Іванаўна зноў рассмяялася:

— Да 100 гэта як мінімум. Я разлічваю даўжэй пажыць!

Пенсіянерка Вольга Лукінічна Касьянік да нечаканых гасцей аднеслася насцярожана. Убачыўшы на парозе супрацоўнікаў МНС, бабуля захвалявалася:

— То вы хіба мою пэчку прыйшлы розкыдаты?

Юрый Каляда супакоіў: раскідваць печ ніхто не будзе, яе проста правераць. Ратавальнік робіць дзве заўвагі – паперу з прыпека трэба прыбраць, а дровы пакласці збоку ад грубкі. Усё, што можа загарэцца, трэба трымаць як мага далей ад агню.

Яшчэ трэба агледзець гарышча. Але ж пенсіянерка аказалася падкаванай:

— А вас можна туды пускаць? Вы спачатку пасведчанне пакажыце.

Участковы інспектар усміхнуўся – бабуля добра ведае, як паводзіць сябе з незнаёмцамі.

Праверыўшы дымаход і падсобнае памяшканне, Юрый Каляда з інжынерам абласнога ўпраўлення МНС Ягорам Барысенкам параілі 87-гадовай бабулі прыбраць шкло далей ад электрычных правадоў, навесці парадак на гарышчы, а таксама звярнулі яе ўвагу на невялікія расколіны ў коміне. Старшыня сельвыканкама Святлана Вітаноўская запэўніла: гэтую інфармацыю перададуць дзецям пенсіянеркі, яны зробяць усё неабходнае.

Ад Вольгі Лукінічны ідзём да шматдзетнай сям’і Бегеза. Супрацоўнікам МНС Насця, Саша і Андрэй ахвотна дэманструюць свае веды. Расказваюць, як трэба паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях і па якім нумары можна выклікаць ратавальнікаў. Падарунак ад гасцей – спецыяльныя памяткі і брашуры.

Па словах Святланы Віта­ноўскай, работа з пажылымі і адзінокімі людзьмі, са шмат­дзетнымі сем’ямі арганізавана як мае быць:

— Спецыяльная камісія, створаная пры сельвыканкаме, наведвае дамы і падворкі, правярае стан супрацьпажарнай бяспекі. Наша задача – хаця б раз на год наведаць кожную сям’ю. У гэтым годзе абследавалі прыкладна 400 дамоў. Таксама інфармацыю атрымліваем ад сацыяльных работнікаў, паштальёнаў. Калі ў чалавека няма блізкіх сваякоў, адрамантаваць печ або праводку дапамагае сельвыканкам. Гэта таксама наша работа.

p.losich@gmail.com

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter