Чалавек з бiлборда: фельчар Ганна Доўнар - пра радасці і складанасці сваёй прафесіі

Рэцэпты яе поспеху

Білборды «Чалавек працы» з фотаздымкамі лепшых прадстаўнікоў розных прафесій з’яўляюцца на вуліцах гарадоў нашай краіны. На вялікіх плакатах — аператары машыннага даення, вадзіцелі, урачы і людзі іншых прафесій. Карэспандэнт «Р» сустрэлася з Ганнай Доўнар, фельчарам падстанцыі № 6 установы аховы здароўя «Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі», чыё фота ўчора ўпрыгожыла мінскую вуліцу Багдановіча.

Ганна ДОЎНАР — фельчар падстанцыі № 6 установы аховы здароўя «Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі».
Фота Аляксандра СТАДУБА
Учора Ганна Доўнар дзяжурыла ў брыгадзе «хуткай дапамогі» побач з футбольным манежам: у выпадку непрадбачаных траўмаў ці дрэннага самаадчування спартсменаў медыкі тут як тут. Пакуль, на шчасце, усё спакойна, пытаюся, як яна прыйшла ў гэтую няпростую прафесію:

— Я не паступіла на бюджэт у медыцынскі інстытут. Аплачваць навучанне не было магчымасці, таму пайшла ў медкаледж. У мяне быў высокі сярэдні бал, таму з’явілася магчымасць вучыцца не на медсястру, а на фельчара.

Ужо амаль 10 гадоў дзяўчына працуе ў спецбрыгадзе інтэнсіўнай тэрапіі. Складаецца брыгада з урача і двух фельчараў і выязджае ў асноўным на выклікі да пажылых мінчан з інфарктамі, інсультамі. У яе працы, прызнаецца Ганна, важна быць эмацыянальна стойкай і знаходзіць прафесійны падыход да кожнага пацыента. Цяжкасцей хапае, не скрывае яна:

— Людзі розныя, не заўсёды кожнаму дагодзіш. Таксама тут цяжкі працоўны графік, хоць я і прызвычаілася ўжо. Заступае брыгада на дзяжурства ў 8 раніцы, а заканчвае працу ў 8 раніцы наступнага дня. І так суткі праз двое. Ноччу спаць хочацца, канечне, але мы ратуемся кавай, гарбатай і гутаркамі. Перад суткамі я звычайна вырашаю ўсе хатнія справы, адсыпаюся, а на наступны дзень пасля змены іду на іншую працу.

Здзіўляюся: няўжо з такім графікам можна паспяваць дзесьці яшчэ падзарабляць? Ганна працягвае: пасля сутак напружанай працы з кардыялагічнымі пацыентамі яна ідзе ў салон прыгажосці і праводзіць наведвальнікам касметычныя працэдуры. Але і гэта не ўсё: дзяўчына паспела і вышэйшую адукацыю атрымаць — вывучылася на псіхолага прадпрымальніцкай дзейнасці. Праўда, прызнаецца, што ў гэтай прафесіі расчаравалася. Вось з працай у «хуткай» расставацца пакуль не збіраецца. Ганна Доўнар плануе атрымаць вышэйшую катэгорыю, хаця 9 гадоў таму меркавала, што ў брыгадзе адпрацуе толькі два гады:

— Спачатку было цяжка з-за графіка: я ж таксама вучылася ў каледжы. Не высыпалася зусім. Але з часам прызвычаілася і палюбіла сваю прафесію. Нават з адпачынку хочацца хутчэй вярнуцца на працу! Работнікі неадкладнай меддапамогі альбо вельмі хутка адсюль сыходзяць, альбо застаюцца надоўга.

Каб апынуцца сярод лепшых спецыялістаў горада, Ганне прыйшлося прыкласці шмат намаганняў — спаборнічаць у прафесійных, творчых уменнях і прадэманстраваць тэарэтычныя веды:

— Учора я не ведала, што плакат ужо вісіць на Багдановіча. Расказаў мне пра гэта вадзіцель «хуткай», які міма праязджаў. Прыемна, канечне. Таксама родныя мной вельмі ганарацца. Рада, што стала ўдзельніцай такога праекта.

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter