Рэцэпт у спадчыну

Ніводная  з  сямейных  пар,  благаславёная караваем Валянціны Уласік,  не  разышлася па  розных  жыццёвых  сцежках

Ніводная  з  сямейных  пар,  благаславёная караваем Валянціны Уласік,  не  разышлася па  розных  жыццёвых  сцежках

— Бадай, ні адно свята не адзначаецца ў Беларусі так шырока і ўрачыста, як вяселле, — гаворыць Валянціна Канстанцінаўна. – Пры гэтым ніводнае не абыходзіцца без каравая — своеасаблівага сімвалу заможнасці, дастатку і шчасця маладых. У былыя часы пячы караваі было справаю хроснай маці. Вось і я восем сваіх хроснікаў гэтым пачастункам адарыла. А пасля пачала і для людзей пячы, бо многія прасілі, маўляў, надта ж ужо твае, Валянціначка, караваі прыгожыя і смачныя атрымліваюцца... 

Калі вы думаеце, што Валянціна Уласік – дыпламаваны хлебапёк, то памыляецеся. Па прафесіі яна эканаміст, а шматлікія адзнакі за мастацкую выпечку (у тым ліку і дыпломы міжнароднага ўзроўню) сведчаць пра прыроджаны талент гаспадыні. І хто ведае, ці раскрыўся б ён у поў-най меры, каб не жыццёвыя абставіны. 

— Перанесла аперацыю, далі інваліднасць. У адчаі думала: “Ну чым займацца?” Сяджу дома адна з успамінамі. А ўспамінаецца больш за ўсё маленства, бестурботнае і шчаслівае, — то дзіцячыя гульні на беразе Нёмана, то бабуліны казкі і мудрыя парады.Мая бабуля Марыя жыла  ў Мікалаеўшчыне, сябравала з сястрою Якуба Коласа Міхалінай. І было ў іх вялікае захапленне – выпечка. Тыя старадаўнія рэцэпты перайшлі мне ў спадчыну. Захоўваліся, як кажуць, да лепшых дзён. А тут... Разважаю сабе: “Нездарма нешта часта бабуля сніцца, мабыць, яна мне справу падказвае.” Помню, як муж здзівіўся на маю просьбу назапасіць старых бярозавых дроў. А я бадзёра паведамляю: “Прысмакі з цеста гатаваць буду!” Так з наступнага дня пачала зусім новае жыццё. 

Літасць лёсу часта пераходзіць у шчодрасць. Пра майстрыху абрадава-мастацкай выпечкі Валянціну Уласік хутка пайшла пагалоска па ўсім Стаўбцоўскім раёне. Яна пачала ўдзельнічаць у выставах, святах, конкурсах, стала членам мясцовага клуба выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Пралеска”, членам Саюза майстроў народнай творчасці рэспублікі. Спіс лаўрэацкіх званняў гэтай таленавітай каравайніцы доўгі. І маршруты яе падарожжаў па свеце складаюць не адну тысячу кіламетраў. Валянціна Канстанцінаўна пабывала ў Германіі, Галандыі, Бельгіі, Чэхіі, Польшчы, Прыбалтыцы, Расіі... 

Яе цуды з цеста захапляюць, здзіўляюць, натхняюць. Так і карціць іх пакаштаваць. Калі ласка, частуйцеся! У кожную паездку Уласік  спецыяльна бярэ з сабою з дзесятак скрынак  фірменных прысмакаў, выпякаць якія ёй ахвотна дапамагаюць дзеці і ўнучкі. Нядаўна зноў атрымала запрашэнне на “Славянскі базар у Віцебску”. “Была там не раз, весела, народных майстроў многа і маё печыва нязменным попытам карыстаецца...” — прызнаецца шчаслівая жанчына. 

Магчыма, хто-небудзь падумае: і што тут складанага сённяшнім днём спячы нешта арыгінальнае? Існуюць падрабязныя кулінарныя дапаможнікі, у продажы — прамысловыя інгрэдыенты для аздобы... Але ж справа якраз у тым, каб выкарыстоўваць у сваім вырабе толькі спрадвечна традыцыйнае: муку, цукар, яйкі, малако, дрожджы, масла. Так рабілі нашы продкі і сакрэты свайго майстэрства перадавалі з пакалення ў пакаленне. Валянціна Канстанцінаўна інтуітыўна знайшла шлях да народнага прызнання. І шмат зрабіла  на ім для ўдасканалення і пашырэння магчымасцей мастацкай выпечкі. 

Салодкія цукровыя ружы, сунічкі і каштаны надзіва праўдападобныя. Рознакаляровыя птушачкі-пернікі нібыта толькі што прыляцелі з далёкіх заморскіх краёў. А пірожныя ў выглядзе вожыкаў, здаецца, вось-вось распаўзуцца ў розныя бакі... 

— Дык вы яшчэ і скульптар мініяцюры? – перапытваю я, гледзячы на рукатворную казку ў доме Уласікаў. 

— Вучылася на пластыліне, — успамінае 77-гадовая гаспадыня. – Дарэчы, цеста для фігурак па кансістэнцыі пластылін і нагадвае. Так што зляпіць можна ўсё. У мяне, напрыклад, была тэматычная кампазіцыя ”Раніца ў нядзельку” паводле вядомай паэмы Коласа “Новая зям-ля”. Там, уявіце, столькі дробязей было выпечана, нават блінцы на стале, за якім каларытная беларуская сям’я снедала... Ну, а больш за ўсё мне падабаецца чараваць над караваямі. Яны ў мяне заўсёды атрымліваюцца высокімі, пульхнымі і пры гэтым адзін на другі не падобныя. 

— А ў караваяў ёсць пэўная сімволіка? 

— Ну вядома! Вясельны каравай, зразумела, адрозніваецца ад дажынкавага. Нашы продкі, калі іх пяклі, то розныя прыгаворкі прамаўлялі. Дажынкавы я звычайна аздабляю лісцікамі, каласкамі, а вясельны – галубкамі і іншымі сімваламі: каб кахаліся, як лебедзі, уставалі разам з пеўнямі, цвілі, як ружы, ну а буслікі каб кожны год насілі ў хатку па немаўлятку... 

На пытанне, колькі ўсяго вясельных караваяў яна спякла, Валянціна Канстанцінаўна шчыра адказвае, што не лічыла. Шмат. І што характэрна, ніводная з сямейных пар, благаславёная яе караваем, не разышлася па розных жыццёвых сцяжынах. А гэта вялікае шчасце.Успамінае з замілаваннем: 

— Нядаўна да мяне завіталі муж з жонкаю і папрасілі спячы каравай на іх сярэбранае вяселле. Прыехалі яны аж з Хабараўска. Казалі: “Усялякае здаралася, але мы заўжды памяталі ваш паэтычны наказ: “У каханні купацца і праўнукаў дачакацца...” Жылі з гэтымі словамі і пераадольвалі нягоды.”  

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter