Рэцэпт лекаў ад крызісу знайшоўся ў прыпеўках

Бывае, даводзіцца чуць, што прыпеўкі — гэта прымітыўны жанр. Маўляў, зрыфмаваў пару радкоў — от табе і песня. Нейкая доля праўды ў гэтым ёсць. Народнае слова і не павінна быць мудрагелістым. Здавалася б... Але нашы людзі хочуць і ўмеюць спяваць не толькі пра чарку ды скварку, іх турбуюць і даволі складаныя тэмы. Што да прыпевак як жанру, то, кажуць, і наш класік Янка Купала любіў гэту справу. Таму ў нейкім сэнсе прыпеўкі — мастацтва класічнае. Працягваючы рубрыку “Чаму б нам не спець!”, мы даём слова тым чытачам, для каго прыпеўка — неад’емная частка жыцця. А яшчэ ў гэтых песеньках ёсць рэцэпты вырашэння многіх праблем. Таму слухаць вершаваныя гісторыі не толькі прыемна, але і карысна.
Аліфціна Кліменцьеўна Аўдзеева з Нясвіжа выпісвае “Народную газету” вельмі даўно, як яна сведчыць, “можа, з моманту яе заснавання”. Пра сябе наша чытачка расказвае сціпла, аднак нам здаецца, яе ёсць за што паважаць.
— Я пенсіянерка, люблю зямлю і працу на ёй, і хоць мне ўжо за семдзесят, апрацоўваю дзве дачы (20 сотак) і агарод каля дома. Штогод атрымліваю нядрэнныя ўраджаі бульбы і гародніны. Таму дачна-агародная тэма мне знаёмая і блізкая, і я вырашыла паспрабаваць свае сілы яшчэ і ў прыпеўках, пакуль што пра гурочкі.
Спадарыня Аўдзеева вельмі ж любіць гуркі: і сеяць іх, і збіраць зялёных красуноў, і закручваць на зіму ў слоікі. Пасля яе песні так хочацца пахрумстаць зялёненькім...

Аліфціна АЎДЗЕЕВА (Нясвіж)

“Пасею гурочкі, і добра ўсё будзе”

Станем хораша ў кружок,
Маладзіцы, дзеўкі,
Пра гурочкі прапяём
Вясёлыя прыпеўкі.

Пасею гурочкі —
Да радка радочак,
Каб хапіла для сыноў,
Унукаў і дочак.

Пасею гурочкі,
Буду шчыра даглядаць,
Добра ўлетку папрацую —
Зімой не буду галадаць.

Пасею гурочкі —
І добра ўсё будзе,
Нарыхтую іх сабе
І дам добрым людзям.

Пасею гурочкі,
Буду іх кансерваваць.
Нарыхтую на ўсю зіму —
І на крызіс напляваць!

Пасею гурочкі,
Як сеюць спрадвеку,
Каб у краіне захаваць
Харчовую бяспеку.

Насалю гурочкаў
З часначком і хрэнам,
Пачну імі гандляваць —
Стану бізнесменам.

Калі Бог пашле здароўе —
Будзем жыць і працаваць,
Агурочкі будзем сеяць
І прыпеўкі распяваць.

Спявайма разам!

Юбілейная рыфма

У вас таксама ёсць пра што праспяваць, шаноўныя? Дасылайце свае прыпеўкі-карацелькі ў рэдакцыю: спяваць на вясёлай бяседзе ўсё ж весялей, чым аднаму. Да таго ж і нагода добрая ёсць сабрацца: у наступным годзе “Народная газета” адзначыць дваццаць гадоў з дня выхаду першага нумара. Не, гэта не значыць, што трэба прыпеўкі толькі пра нашу газету дасылаць (хаця, вядома, гэта прыемна будзе). Пішыце пра ўсё, пра што і “Народная газета” піша: пра грошы, пра школу, пра здароўе, пра бюракратыю, пра п’янства, пра каханне — вернае і не зусім. У прыпеўках усё гэта і жартам, і ўсур’ёз атрымліваецца — карацей, здорава! Паспрабуйце — самі пераканаецеся.
Дасылайце свае прыпеўкі на адрас рэдакцыі. Яны будуць змешчаны на старонках газеты, а самыя цікавыя з іх праілюструе сваімі малюнкамі наш мастак Алег Папоў. А пасля, бліжэй да юбілею, мы запросім нашых аўтараў-прыпевачнікаў у рэдакцыю і праспяваем іх творы разам з вядомым народным ансамблем.
Пішыце нам! Не прапусціце сваю хвіліну славы!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter