Рэстаўраваць i паказаць

Замежная тытунёвая кампанiя ўкладае грошы ў беларускую культуру

Замежная тытунёвая кампанiя ўкладае грошы ў беларускую культуру

У Беларусi закладзены падмурак iнстытута мецэнацтва ў галiне культуры. Нацыянальны гiстарычны музей першым з падобных устаноў у нашай краiне займеў пастаяннага спонсара. Iм стала Мiжнародная кампанiя «Japan Tobacco International» (JTI).

Гэта арганiзацыя ўжо даўно займаецца дабрачыннасцю. За апошнiя пяць гадоў толькi ў Беларусi яна рэалiзавала 30 праектаў на агульную суму больш за мiльярд беларускiх рублёў. Адзiн з самых гучных – фiнансавая падтрымка Мiжнароднага музычнага фестываля Юрыя Башмета. Кампанiя ўкладае сродкi ў захаванне сусветнай гiсторыка-культурнай спадчыны iншых краiн. Напрыклад, шмат гадоў супрацоўнiчае з французскiм Луўрам, iспанскiм музеем Прада, расiйскiм Эрмiтажам i iншымi. Цяпер у гэтым спiсе з’явiўся i Нацыянальны гiстарычны музей Беларусi. Пагадненне падпiсана да канца 2012 года, але па словах вiцэ-прэзiдэнта кампанii JTI Канстанцiна Фёдарава, ёсць упэўненасць, што яно будзе працягнута.

Выдзеленыя сродкi, а гэта 200 тысяч долараў, плануецца направiць на экспазiцыйна-выставачныя i культурна-масавыя праекты. Але першае, за што возьмуцца бакi, — гэта стварэнне сучаснага сайта музея. Гэта даўняя, але не адзiная мара дырэктара НГМ Сяргея Вечара. Таксама кiраўнiк установы плануе, што ў блiжэйшыя гады нарэшце будзе выдадзены альбом музея.

Значная сума будзе выдаткавана на знаёмства беларусаў са здабыткамi культуры iншых народаў. Маецца на ўвазе правядзенне сумесных мiжнародных выстаў. Намаганнямi iншых спонсараў музей неаднаразова праводзiў падобныя мерапрыемствы. Цяпер гэта добрая справа будзе працягнута i арганiзавана на новым узроўнi.

За сродкi спонсара плануецца хаця б часткова вырашыць яшчэ адну праблему: значная частка фонду патрабуе рэстаўрацыi. У блiжэйшы час у рукi рэдкiх спецыялiстаў трапяць два ўнiкальныя экспанаты – цэхавыя харугвы XVIII стагоддзя. Яны аказалiся ў музеi ў пасляваенны час, але дагэтуль не выстаўлялiся. Прычыны – iх дрэнны стан i адсутнасць сродкаў на рэстаўрацыю.

З’яўленне пастаяннага спонсара – гэта пакуль незвычайная падзея ў беларускай культуры. Удвая прыемна, што JTI не чакае ад музея нiякiх дывыдэндаў. Кiраўнiцтва кампанii падкрэслiвае, што гэта дабрачынная справа. Хочацца верыць, што ў хуткiм часе i iншыя буйныя вытворцы павернуцца тварам да беларускага мастацтва, захавання яго спадчыны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter