Давид Шульман из Израиля пишет книги на белорусском языке

Рэстаўратар памяцi

«У нас быў беларуска–габрэйска–польскi раён з парай кропкавых татарскiх уключэнняў: адна сям’я i Мотава жонка Тася. Мы з пацанамi не думалi пра тое, што калi–небудзь састарэем».


Так пачынаецца апавяданне Давiда Шульмана «На нашай вулiцы» пра родны Барысаў. Увогуле ўся новая кнiга Давiда, якi ўжо амаль тры дзесяцiгоддзi жыве ў Iзраiлi, прысвечана Барысаву. Называецца яна адметна: «Жанчына валiць з ног, жанчына ставiць на ногi».

«Дамы нашай вулiцы стаялi ўздоўж брукаванкi. Па спiнах камянёў ехалi машыны, грукаталi абады вазоў. I гэтак да вечара, калi на дарозе рабiлася цiха. Камянi любiлi, калi церусiў дождж. Ён мыў iх стомленыя спiны».

Старажытны беларускi горад з нядзельнымi кiрмашамi i рупнай працай бондараў i гадзiннiкавых майстроў, з прадаўцамi цукровых пернiкаў i камiнарамi, з летуценнымi хлопчыкамi, якiя пасвяць аблокi (для гэтага трэба легчы на выгане спiной у траву), з цэрквамi i сiнагогамi, шматмоўем, шматколернасцю... Свет, якi страчаны... Якi ажывае на старонках.

— Я — габрэйскi беларус! — сцвярджае Давiд.

I калi вы пачняце шукаць звесткi пра яго ў сецiве, абавязкова натрапiце на такую прэзентацыю: «Адзiны пiсьменнiк, якi жыве ў Iзраiлi i пiша на беларускай мове».

— Ну так... Выхадцаў з Беларусi там шмат, але не чуў, каб у Iзраiлi хтось выдаваў кнiгi па–беларуску, — пацвярджае Давiд.

— Але ж вы не ў Iзраiлi пачалi пiсаць?

— Не, вядома. Маё першае апавяданне на беларускай мове «Гарпуша» было надрукавана ў «Чырвонай змене». А ўвогуле самае першае з’явiлася, калi мне было пятнаццаць год. Я напiсаў яго ў Маладзечанскiм полiтэхнiчным тэхнiкуме, калi настаўнiца задала сачыненне «Як я правёў лета».

— Пра вас зусiм розныя звесткi: i на заводзе працавалi, i музыкант, i экскурсавод...

— I ўсё праўда. Калi скончыў полiтэхнiчны iнстытут, працаваў на Барысаўскiм крышталёвым заводзе, намеснiкам галоўнага энергетыка. У мяне, дарэчы, выйшла кнiга нарысаў пра гэты завод. Адкрыў кааператыў, якi называўся «Час», i займаўся шоу–бiзнесам. Я ж i ў студэнцтве iграў у аркестры, i ў Барысаве таксама, на кантрабасе, потым на бас–гiтары, а пачынаў са скрыпкi. Пiсаў сцэнарыi, i па–беларуску, i па–руску. I экскурсаводам быў. Калi мы паехалi ў Iзраiль на пачатку 90–х, ведалi, што iнжынерамi пакуль працаваць не зможам. Устанаўлiваў кандыцыянеры, бойлеры... Каб бацька жыў, мы б не паехалi. Ён казаў: як пакiнуць магiлы родныя? Але ён быў ужо на iншым свеце. Мацi хадзiла па нядзелях на базар. Звычайна там сустракалiся ўсе, размаўлялi... I раптам яна пачала скардзiцца — няма з кiм размаўляць. Усе ад’ехалi. Так мы сталi iзраiльцянамi. Праз тры гады пасля ад’езду наведаў Беларусь i сустрэўся з пiсьменнiкам Васiлём Гiгевiчам, мы раней працавалi на адным заводзе. Ён меў пасаду ў рэдакцыi i прапанаваў нешта для iх напiсаць. Так з’явiлася мая публiкацыя ў «Полымi», а яшчэ раней, калi жыў тут, i ў «Маладосцi». Друкаваўся я i ў Iзраiлi, на рускай мове, з тых апавяданняў склаўся зборнiк «Когда мы ездили за носками». У Iзраiлi выйшла кнiга «В теплом городе Эйлате», а жанчыны асаблiва любяць мой зборнiк «Особое женское состояние». На Беларусi выдаў кнiгу «Дзе ўзяць крыху шчасця», прадмову, я гэтага не чакаў, напiсаў Валянцiн Тарас. Гэта мяне натхнiла. Потым з’явiлася кнiга «З вялiкай лiтары «Б».

— Пра ўнiкальную атмасферу беларускiх мястэчак, габрэйскую культуру на Беларусi пiсалi Майсей Кульбак, Змiтрок Бядуля... Наколькi ваша проза аўтабiяграфiчная?

— У большасцi героi — мае суседзi i сваякi... А я — рэстаўратар памяцi. Ёсць даваенная лiтаратура на iдыш пра габрэяў. Пасля вайны iх засталося на Беларусi няшмат, i лiтаратуры пра iх таксама. А потым настаў час замоўчвання, калi здавалася, што габрэi быццам бы i не жылi ў мястэчках i гарадах. Я паспрабаваў гэта выправiць. Як вядомы майстар Рыгор Кановiч з Лiтвы, якi зараз жыве ў Iзраiлi i напiсаў пра лiтоўскае габрэйства, лiтвакаў. Я ж працаваў без думкi, што раблю штосьцi вялiкае. Проста хацеў распавесцi пра асаблiвае габрэйскае жыццё, якое знiкла. Напрыклад, у апавяданнi «Пуча, гекфiлтэ фiш i кiшкес» я расказваю пра традыцыйнае габрэйскае вяселле. Пра «пучу», альбо студзень, якую варылi ў печы ў трох вялiкiх чыгунках, пра фаршыраваную рыбу... У некаторых апавяданнях нават iмёны сапраўдныя пакiдаю. А карцiны незабыўныя... Напрыклад, быў чалавек у горадзе, з тых, што, як у нас кажуць, «з сухой галавой», яго звалi «Рома прывет Масква». Усе яго ведалi i баялiся, бо мог зняславiць. Заўсёды з’яўляўся на вяселле, як свацця, незапрошаным, гадзiнамi сядзеў у судзе. Усе апошнiя судовыя навiны ў горадзе ведалi праз яго. А аднойчы мне расказаў наш барысаўскi краявед Аляксандр Разенблюм, што было «вясёлае завядзенне» ў Барысаве, якiм кiравала самая багатая жанчына горада. 

Я пачытаў гiстарычныя матэрыялы... 

I напiсаў аповесць, дзеянне ў якой адбываецца сто год таму. Герой закахаўся ў адну паненку з гэтага завядзення. Жонка дабiлася, каб тую выслалi. Мужчына пачаў худнець, злёг... Тады жонка зноў пайшла да гаспадынi завядзення, муме Шэйне: «Прывязi яе назад». «Убачыўшы Рахельку ў сваiм пакоi, Мотл спачатку падумаў, што гэта ўжо прыйшоў за iм «пейгер», каюк, разам з апошнiмi прывiдамi». Але пачаў выпраўляцца. I праз два тыднi выйшаў на працу... Потым запрасiў да сябе рабiна, якi таксама адыграў сваю ролю ў выпраўленнi, i абодва напiлiся ў зюзю. Пiлi, як у Пурым, калi габрэям дазваляецца напiцца да забыцця. А дзяўчыну зноў выслалi. Вось я i пiшу: «Жанчына валiць з ног, жанчына ставiць на ногi». Ад жанчыны ў гэтым свеце залежыць амаль усё. Я люблю пiсаць пра жанчын.

— А ў вас самога вялiкая сям’я?

— Я бабыляю ўсё сваё жыццё. Не склалася... Увесь час працаваў. Па выхадных вазiў тургрупы, у буднi — на заводзе. Не мог працу кiнуць, бо за маёй спiной нi багатага дзядзькi, нi цёткi, хацеў нi ад каго не залежаць. Я нават калi быў студэнтам у Маладзечне, мне было 14 — 15, зарабляў: цi на танцах iграў, цi капаў ямы для электраслупоў.

— Увагу да вашых кнiг прываблiвае iх мова, жывая, сакавiтая. А мiж тым i беларусы, што жывуць тут, часта выбiраюць для творчасцi рускую...

— Беларуская мова перш за ўсё — прыгожая. Я ж музыкант, я чую. Гэта зусiм iншая аўра, калi беларуская мова гучыць. Прыязджаю i ўяўляю, як было б, каб на праспекце Незалежнасцi гучала толькi яна... Мiлосць такая, адчуванне дому! Тут жа габрэi жылi. I шмат з iх на праспекце Незалежнасцi, работнiкi аўтазавода, трактарнага... У мяне дзве родныя мовы: iдыш i беларуская. На нашай вулiцы ў Барысаве жылi габрэi, палякi, беларусы i сям’я татар. На iдыш мы размаўлялi ў хаце. А дзядуля мой з мястэчка Свiслач быў сплаўшчыкам i гаварыў на беларускай. Ён толькi ўзiмку знаходзiўся дома, а так — на сплаве. Веданне моў упрыгожвае чалавека. Аднойчы на вакзале ў Мiнску чакаў цягнiк да Барысава. Купiў марозiва. Насустрач iдзе чалавек, бачу — габрэй. Ён пытае на iдыш, паказваючы на марозiва: «Дзе гэта можна набыць?» Я на iдыш адказваю. Дык ён аказаўся з Аргенцiны. А сустракаешся за мяжой з землякамi, i давай на беларускай гаварыць... I такая мiлосць наступае... Дарэчы, габрэi ведалi беларускую мову, i калi ў Мiнску закрылi габрэйскi тэатр, яны пайшлi ў беларускi. Не толькi з–за пратэсту, што ў памяшканнi «iх тэатра» працуе iншы. Як мiнiмум чвэрць гледачоў у беларускiм тэатры былi ў тыя часы габрэi. Калi чытаць на мове, размаўляць на ёй, адчуеш яе цымес, яе смак. У Iзраiлi таксама ёсць людзi, якiя не хочуць вучыць iўрыт — лянiвыя. У Бруклiне ёсць раёны, дзе ўсё па–руску. Але калi ты нармальны чалавек, не просты спажывальнiк, ты павiнен ведаць мову зямлi, дзе жывеш.

Барысаў. Пачатак XX стагоддзя

— З’явiлiся спецыяльныя турыстычныя маршруты, прысвечаныя габрэйскай культуры Беларусi. Як экскурсавод са стажам, вы маглi б такiя экскурсii прыдумаць?

— Канешне, i будзе цiкава, бо доўгi час гаварыць пра гэта было забаронена. А гэта ж усё — пра Беларусь. Мы можам быць розных нацыянальнасцей, але ў нас агульная радзiма. Без габрэйскай культуры немагчыма ўявiць беларускiя мястэчкi i гарады. У Мiнску, напрыклад, габрэяў жыло большасць. Дарэчы, калi я вёз экскурсiю ў Вязынку, я толькi на беларускай мове яе вёў, нават для тых, хто прыязджаў з–за межаў краiны. А бацька чытаў нам з сястрой Iвана Шамякiна на беларускай мове, раман «Глыбокая плынь». Асаблiва кранала, дзе ёсць момант пра габрэйку. Тады пра габрэяў не гаварылi, а тут — Шамякiн напiсаў. Калi ўжо ў перабудовачныя часы пачалi з’яўляцца габрэйскiя ансамблi, тэатры — людзi плакалi, калi прыходзiлi на спектаклi i чулi свой iдыш. Мову дзяцiнства, мову мацi.

— Што ж, белыя плямы запаўняюцца, у пасёлку Iлля, напрыклад, дзе Змiтрок Бядуля вучыўся ў ешыбоце, у школе выдатны музей, прысвечаны яму. Школьнiкi праводзяць экскурсii, ставяць спектаклi пра жыццё Бядулi.

— Тым дзецям пашанцавала, што яны ведаюць i беларускую культуру, i габрэйскую. Гэта дазволiць iм быць развiтымi людзьмi. Калi ўзяць самых вядомых беларускiх лiтаратараў, у iх была цёплая дружба з габрэйскiмi. Рыгор Барадулiн падпiсаў мне кнiжку. Ужо паставiў кропку. А потым дапiсаў: «Зай гезунд!» Гэта на iдыш «Будзь здаровы!».

— Добра ведалi Рыгора Барадулiна?

— Мы не часта з iм сустракалiся. Калi адкрывалi помнiк Васiлю Быкаву, я паехаў таксама на могiлкi i спытаў Валянцiна Тараса: цi можна мне па габрэйскай традыцыi пакласцi на помнiк не кветкi, а каменьчык, якi я прывёз з Iзраiля? Ён кажа — канешне, можна. Тады Барадулiн i падпiсаў мне кнiгу, а пазней, у iншых абставiнах, яшчэ некалькi. А заўважыў я яго яшчэ пяцьдзясят год таму. Мне цётка падарыла пуловер. Гэта быў дэфiцыт, але цётка працавала ў краме. А потым бачу на здымку: чалавек, у якога такi ж пуловер! Аказалася — Барадулiн. Мудрэц! Як кажуць на iўрыце — «рош», «галава». Я зараз набыў яшчэ адзiн яго зборнiк, чытаю — такая мудрасць i такая простасць! Можаш адкласцi кнiжку i хадзiць па пакоi, думаць...

rubleuskaja@sb.by

P.S. Калi Давiд вычытваў гэтую гутарку, ён папытаўся, цi нельга кудысь уклiнiць словы «Барысаў, не забывай мяне!». А мне здаецца, гэтыя словы чытаюцца на кожнай старонцы кнiг «рэстаўратара памяцi».
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter