Рэпiн у Здраўнёве

Значны i дастаткова плённы кавалак жыцця жывапiсца Iльi Рэпiна звязаны з Вiцебшчынай. Менавiта тут у невялiкiм маёнтку Здраўнёва вялiкi майстар напiсаў каля чатырох дзесяткаў карцiн. Расiя лiчыць Iлью Рэпiна сваiм сынам, нацыянальнай гордасцю, ганарыцца яго жывапiснымi палотнамi «Бурлаки на Волге», «Крестный ход в Курской губернии», «Не ждали», «Запорожцы пишут письмо турецкому султану», «Иван Грозный и сын его Иван» i шмат якiмi iншымi творамi. А мы?
Да нядаўняга часу нямногiм было вядома, што ў канцы XIX стагоддзя Iлья Рэпiн некалькi гадоў жыў i працаваў у сваiм небагатым маёнтку Здраўнёва, што ў 16 кiламетрах ад Вiцебска. На маляўнiчым беразе ракi Заходняя Дзвiна па заказу мастака збудавалi арыгiнальную сядзiбу ў некалькiх узроўнях. Па архiтэктурнаму стылю яна мала нагадвала тагачаснае «дваранскае гняздо», а хутчэй драўляную царкву ў беларускiм стылi. Дык вось менавiта тут у перыяд 1892—1900 гадоў Рэпiным былi напiсаны такiя цудоўныя палотны, як «Осенний букет», «На Западной Двине», «Белорус», «Охотник с ружьем», «Восход солнца», «Портрет сына Юрия на террасе здравневского дома», «Дуэль», «Лунная ночь», шэраг яркiх партрэтаў сучаснiкаў. Ёсць нешта сiмвалiчнае ў тым, што ў канцы XX i пачатку новага стагоддзя рэпiнскае Здраўнёва стала нечым накшталт... дзiцячай Акадэмii мастацтваў, i ў гэтым бачыцца пэўная заканамернасць: Iлья Рэпiн не толькi скончыў у 1871 годзе пецярбургскую Акадэмiю мастацтваў, але i шмат год быў у ёй прафесарам, правадзейным членам-акадэмiкам у сучаснай трактоўцы. Дык чаму i не ўявiць сучаснае Здраўнёва правадзейным фiлiялам мастацкай акадэмii? Праўда, працэс гэты некалькi затармазiўся. Амаль праз стагоддзе пачалося адраджэнне рэпiнскага «гнязда». Спачатку ў выглядзе дома-музея слыннага жывапiсца. А калi тут пачалi ладзiцца мiжнародныя пленэры iмя Рэпiна, то мне асабiста i падумалася: а цi не фiлiял гэта Акадэмii мастацтваў? Нiбыта сам дух майстра абудзiў музейную цiшыню Здраўнёва, каб напоўнiць яе духам творчасцi. Упершыню дзiцячы мастацкi пленэр звонкiм «табарам» разгарнуўся на ўлоннi Заходняй Дзвiны ў 1993 годзе. Тады 350 юных талентаў з Беларусi, Расii, Украiны, Латвii i Германii сапернiчалi ў майстэрстве i жаданнi як можна больш ярка, узнёсла i эмацыянальна ўвекавечыць у фарбах рэпiнскiя мясцiны. Як дзiця ў калысцы, унiкальны пленэр гадаваўся пры дзяржаўнай падтрымцы. Дакладней, пры арганiзацыйнай i фiнансавай падтрымцы ўпраўлення культуры Вiцебскага аблвыканкома i дзiцячай мастацкай школы N 1 г. Вiцебска. Потым, як часта бывае ў жыццi, «после радости неприятности по теории вероятности». Адзiн за другiм у Здраўнёве здарылiся пажары. Апошнi аказаўся гранiчна знiшчальны, калi дом-музей згарэў ушчэнт, як свечка. Але адбылося неверагоднае. У прамым сэнсе «фенiкс» узняўся з попелу. Праўда, для гэтага давялося звярнуцца да асабiстай падтрымкi кiраўнiка дзяржавы. Пры мностве праблем i цяжкасцей былi вышуканы неабходныя сродкi, каб прафiнансаваць адраджэнне музея-сядзiбы ў Здраўнёве. Вобразна кажучы, у трэцiм тысячагоддзi церам-прыгажун iзноў пусцiў карэннi на беразе Заходняй Дзвiны. Прычым у выглядзе максiмальна наблiжаным да рэпiнскага праекта. Адным з самых шаноўных гасцей на цырымонii адкрыцця адноўленага «храма мастацтва» быў Прэзiдэнт. Ён высока ацанiў дзiцячую творчасць, асабiста назiраў за юнымi мастакамi i нават выказаў жаданне набыць некалькi акварэлей... Дзякуючы «Славянскаму базару ў Вiцебску» ў рэпiнскай сядзiбе пабывала шмат знакамiтасцей. Гэта радуе. I нараджае на-дзею, што Здраўнёва з часам можа стаць адным з самых славутых i прыцягальны турысцкiх маршрутаў нацыянальнага ўзроўню. Падмурак для таго створаны: дзейнiчае пастаянная экспазiцыя. Даволi часта ў музейным комплексе ладзяцца выстаўкi як масцiтых, так i падаючых надзеi талентаў. Абмяркоўваецца iдэя, каб такога тыпу пленэры на базе музея-сядзiбы Iльi Рэпiна сталi традыцыйнымi i нават пастаянна дзеючымi. А што? Няхай i пачынаючыя таленты, i вядомыя мастакi ладзяць творчыя заняткi з пэндзлем i фарбамi ў месцы, дзе заўсёды жывуць натхненне i суладдзе з прыродай. I зусiм цудоўна, калi кожны з гасцей падорыць музею адну з напiсаных карцiн. Такая галерэя народзiцца, што i сталiцы пазайздросцяць!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter