Куды адправіцца сям’ёй на выхадныя

Рэлакс пад зорным небам

Адключайце камп’ютары і тэлевізары, выбірайцеся з кватэр і атрымоўвайце асалоду ад доўгачаканай цеплыні! У школах на днях прагучаў апошні званок. Узнагародзіць дзяцей за старанную вучобу можна не толькі салодкімі пачастункамі. Падарыце ім незабыўныя і яскравыя эмоцыі. А каб іх атрымаць, не трэба ехаць далёка і траціць гадавыя зберажэнні. Усё нашмат прасцей.

Альтэрнатыва марскому курорту

Дзіця любіць плёскацца ў вадзе? Смела адпраўляйцеся ў аквапарк. У гэтым водным царстве не засумуеш — вірлівыя горкі, вялікія і маленькія басейны, бурлівыя гейзеры падораць феерверк эмоцый. Толькі памятайце: нават самыя сучасныя сістэмы бяспекі з прадуманымі правіламі, дзясяткамі інструктараў-ратавальнікаў і відэакамерамі нічога не вартыя перад звычайнай бацькоўскай увагай.

Ісці ў аквапарк лепш у будні дзень. У выхадныя, каб з вецярком скаціцца з горкі, нярэдка прыходзіцца стаяць у чарзе. Сёння ў аквапарках прапаноў безліч: на святы асаблівым попытам карыстаюцца анімацыйныя шоу з казачнымі персанажамі, мыльнымі бурбалкамі, аквагрымам ды іншымі цівавосткамі.

Дарэчы, водныя цэнтры ёсць не толькі ў сталіцы. Можна адправіцца ў Маладзечна, Кобрын, Жлобін, Гродна, Пружаны і пад дахамі казачных “аазісаў” пагрузіцца ў атмасферу лета, весялосці і актыўнага адпачынку.

Дзіцячы квіток у аквапарк на 3 гадзіны каштуе каля 18 рублёў, дарослы — каля 30 рублёў.

Атракцыёны на любы густ

“Ваааў!” — гэта калі на коле агляду любуешся Мінскам з вышыні 54 метраў. Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага ўмяшчае ў сябе больш за тры дзясятка атракцыёнаў. Тут і заверцяць, і закружаць, і перавернуць. Скокі на батуце, пакой смеху, цір — забавак на розны густ. Калі надакучыць экстрым, купляйце марожаное, салодкую вату і гуляйце з малымі ласунамі ўздоўж Свіслачы.


Не менш папулярны парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў. Гарэзы лазяць па вяровачным гарадку, з віскам ляцяць уніз з горак, раскачваюцца на вялізнай “Ладдзе”, узмываюць у паветра на “шчупальцах васьмінога”.

На якую суму разлічваць? Усё залежыць ад выбару атракцыёнаў. Напрыклад, уваход у пакой смеху каштуе 70 капеек, “Кола агляду” ў адкрытай кабінцы — 3 рублі 50 капеек. Дарэчы, побач з паркам Чалюскінцаў — дзіцячая чыгунка. Пад грукат колаў дзяўчынкі і хлопчыкі з захапленнем будуць глядзець у акно і адкрываць для сябе новыя гарызонты. Кошт білета — 3 рублі 50 капеек.

Паход без турбот

Песні пад гітару ля вогнішча пад бязмежным купалам зорнага неба — экзотыка для сучасных дзяцей. Удыхаць свежае паветра, дзівіцца яскравым кветкам і слухаць птушыную “оперу” — сапраўдная прыродатэрапія. Акрамя імгненных уражанняў, паход прынясе вялікую карысць маленькаму турысту: пашырыць кругагляд, загартуе арганізм, навучыць пераадольваць цяжкасці.


З дзецьмі лепш ісці ў лясную вандроўку на дзень-два, каб малыя не стаміліся. Выкіньце з галавы сумневы: камары не пакусаюць, калі карыстацца спецсродкамі, а ногі не заныюць, калі будзе зручны абутак. Паход пройдзе без турбот, калі да яго добра падрыхтавацца. Акрамя спальнага мяшка, турыстычнага дыванка, сухпайка, закіньце ў заплечнік дажджавік і цёплую адзежу — хто ведае, якіх сюрпрызаў чакаць ад надвор’я.

Можаце ператварыць міні-падарожжа з дзеткамі ў незвычайны квэст — разам пашукаць скарб, прыдумаць свае абрады і традыцыі, развучыць вясёлыя спевы. Калі лянота самастойна займацца пошукам палаткі, распрацоўкай маршруту, звяртайцеся да спецыялістаў. Сёння паход зробяць у любым зручным для вас фармаце: па маляўнічых куточках, з начлегам пад адкрытым небам або ў аграсядзібе, з трохразовым харчаваннем.

Кошт такога “ваяжу” на выхадныя для дзетак ад 5 да 12 гадоў складае каля 70 рублёў, для дарослых — 120 рублёў.

Лясная вандроўка

Надакучылі “каменныя джунглі”? Адпраўляйцеся ў лес. Можна ў той, што бліжэй ад горада, а можна і ў казачную Белавежскую пушчу. Тут можна ўбачыць шматвяковыя дрэвы-асілкі, паназіраць за магутнымі зубрамі, аленямі, лісамі і нават пакарміць з рук лася. Паверце, сонечным днём гуляць па цяністых сцежках рэліктавага лесу — адно задавальненне! І летам можна завітаць у госці да Дзеда Мароза ды распытацца ў чараўніка, як той ратуецца ад спякоты.


Побач з казачным маёнткам — Музей народнага побыту і старадаўніх тэхналогій, дзе маленькім падарожнікам раскажуць аб абрадах, звычаях і традыцыйных рамёствах палешукоў. У Белавежскай пушчы можна ўсёй сям’ёй здзейсніць займальную велапрагулку па экасцежках. Маршруты самыя розныя — “Звярыны пераход”, “Лясныя таямніцы”, “Царская паляна”, іх даўжыня — ад 2 да 30 км.

Экскурсія па музеях побыту і прыроды, наведванне маёнтка Дзеда Мароза, агляд вальераў з жывёламі для дзетак будуць каштаваць каля 20 рублёў.

Водны сплаў

Прапануйце падлеткам праплыць па звілістых рэчках і палюбавацца хараством прыроды: у рэшце рэшт, вывучаць геаграфію роднай старонкі можна не толькі па падручніках. Арганізацыя воднага паходу, як і любое турыстычнае мерапрыемства, патрабуе прадуманасці і падрыхтоўкі. Тут варта звяртацца да прафесіяналаў. Нашы рэкі ідэальна падыдуць да водных сплаваў з дзецьмі — ніякіх крутых паваротаў ці “звар’яцелых” плыняў.


У паход на байдарках можа адправіцца кожны жадаючы незалежна ад узросту і вопыту. Перад сплавам праводзіцца інструктаж па тэхніцы бяспекі. Асвоіцца ў лодцы і навучыцца кіраваць ёю можна за некалькі хвілін! Схема простая. Вы прыязджаеце на месца старту, пакідаеце машыну на стаянцы, праходзіце інструктаж і пачынаеце веславаць — спакойна і павольна. Пад вечар на беразе можна зладзіць пікнік. Самыя папулярныя водныя туры праходзяць па такіх маляўнічых рэках, як Узлянка, Нарачанка, Вілія, Іслач, Заходняя Бярэзіна, Нёман.

Аднадзённы сплаў для дзетак да 12 гадоў абыйдзецца ў 70 рублёў, для дарослых — на 10 рублёў даражэй.

У госці да звяроў

У Мінскім заапарку “кватаруюць” больш за чатыры сотні экзатычных жывёл і птушак. Замілаванне і ўсмешкі як у дзяцей, так і ў дарослых выклікаюць камярунская козачка, бенгальскі тыгр, янот-паласкун і шмат іншых хвастатых і крылатых. Тут жа размясціўся і дынапарк — дзіўны свет, дзе адсутнічаюць межы паміж сучаснасцю і мінулым. Ці не дзіва: перанесціся на мільёны гадоў таму і пазнаёміцца з вялізнымі дыназаўрамі. Яшчары рухаюцца і рыкаюць, нібы жывыя.

І фінальны акорд — экзатарыум. У экспазіцыі шмат жывёл і птушак, якіх дзеці бачылі толькі ў падручніках ці на web-старонках. З аглядальных пляцовак зручна назіраць за паводзінамі каймана, ягуара, стракатымі папугаямі ара. Уражвае і дэкор — шумны вадаспад, маскі індзейцаў і рытуальныя драўляныя скульптуры ў імгненне вока пераносяць з Мінска ў экзатычныя тропікі.

Уваход у заапарк — 9 рублёў. Кошт агульнага білета ў заапарк і дынапарк — 13 рублёў. Акрамя мінскага, можна наведаць заапаркі ў Гродна, Віцебску, Гомелі, Мазыры і іншых гарадах.

Фота БЕЛТА, Артура Прупаса, Максіма Вечара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter