Поэт Адам Гуринович совершенствовал паровозы и любил невесту брата

Рэха ненадрукаваных вершаў

Нават славутых беларускiх пiсьменнiкаў мы часта запамiнаем проста як iмя на вокладцы, партрэт у падручнiку... Не ведаючы нi пакручастага лёсу, нi таямнiц твораў. А колькi незаслужана забытых! Толькi юбiлейныя даты часам змушаюць пагаварыць пра таго цi iншага творцу. Чаму не скарыстаць гэтыя юбiлеi для нефармальнага знаёмства з беларускай лiтаратурай? У рубрыцы «Iмя з вокладкi» — нечаканыя падрабязнасцi бiяграфii ды iншыя цiкавосткi пра юбiляраў. Першы персанаж рубрыкi — Адам Гурыновiч, у якога сёння 150–гадовы юбiлей.


Нарадзiўся ў сям’i татарскага паходжання

Мацi Адама Гурыновiча паходзiла з гетманскага роду Сяняўскiх. А бацька, Калiкст Гурыновiч, з роду нашчадкаў татараў па прозвiшчы Гурыны, што аселi на Беларусi ў XVI стагоддзi. На нашых землях сялiлася шмат татараў яшчэ з часоў Вiтаўта i Грунвальда. Яны складалi асобныя татарскiя харугвы, мелi шляхецкае званне.

Эксперыментаваў з паравозамi

У Пецярбургу Адам далучыўся да рэвалюцыйнага руху. Але прафесiя чыгуначнага iнжынера яго таксама вельмi захапляла. Адам эксперыментаваў з канструкцыяй паравозаў, кажуць, былi ў яго знаходкi, што апярэджвалi час.

Запiсваў фальклор ад пакаёўкi

Адам захапiўся беларушчынай i зборам народнага фальклору. Асноўныя запiсы зрабiў ад пакаёўкi Кацярыны Смаленскай, якая служыла ў маёнтку яго бацькоў Крыстынопаль. Сотнi запiсаў песень i прыпевак адаслаў этнографу Яну Карловiчу ў Варшаву, дзе яны i былi надрукаваныя. Займацца навукай i рэвалюцыяй адначасова не выпадае. Адама арыштавалi.

Сябраваў з Францiшкам Багушэвiчам

Напачатку Адам Гурыновiч прачытаў кнiгi Мацея Бурачка, пазнаёмiўся з ягонымi сваякамi — сваiмi паплечнiкамi па рэвалюцыйным руху ў Пецярбургу. А тады ўжо сустрэўся з самiм аўтарам, Францiшкам Багушэвiчам. Захаваўся верш, прысвечаны Гурыновiчам улюбёнаму паэту:

Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею,
За тое, што ў сэрцы збудзiў ты надзею...
Дзякуй табе, браце, i за тыя словы,
Што ўспомнiлi звукi нашай роднай мовы.

Не атрымаў дыплом з–за чаравiкаў

Калiкст Гурыновiч памёр, пакiнуўшы дваццацiвасьмiгадовую ўдаву з шасцю дзецьмi. Старэйшы брат па традыцыi пайшоў па вайсковай частцы. Адаму належала займець практычную спецыяльнасць: рэальная вучэльня, тады — Пецярбургскi тэхналагiчны iнстытут. Уступныя iспыты ў iнстытут прайшлi паспяхова. Але грошай не было, а чаравiкi зусiм прадзiравiлiся. Адам некалькi разоў пiсаў мацi, просячы грошы на новы абутак, але дарэмна. Так i хадзiў у дзiравых да студзеня. Пакуль не злёг. Ды так, што давялося вярнуцца дадому, лячыцца. А ўвосень, акрыяўшы, зноў паступiў на першы курс.



Памёр, не дачакаўшыся прызнання ў каханнi

Самыя палкiя пачуццi ўзнiклi ў Адама да дзяўчыны Розы Швайнiцкай, нявесты брата Казiмiра. Перапiска Адама i Розы надзвычай напружаная. Роза марыць пра «шалёнае» каханне, насмiхаецца над Адамам i ягонымi спробамi пiсаць, падпiсваецца «Чужая Роза» i просiць сачынiць ёй эпiтафiю. А потым увесь любоўны трохкутнiк — Роза, Адам i Казiмiр — апынуўся адначасова ў Петрапаўлаўскай крэпасцi.

У заключэннi Роза ўсё параўноўвала братоў... Казiмiр здаецца ёй больш «прыземленым», чым Адам. «Чужая Роза» пачынае называць Адама ў лiстах на «ты». Яе выпускаюць. Праз нейкi час выпускаюць i Адама — але таму, што ён захварэў на чорную воспу. Адпраўляюць у Крыстынопаль памiраць. Мiж тым Роза робiць выбар на карысць Адама i збiраецца ехаць да яго, даглядаць. Чакае толькi лiста ад яго.

Лiст не прыйшоў. Адам памёр, яму было 25 гадоў.

Магiла паэта ўмоўная

Фото  Артура ПРУПАСА.

Месца пахавання Адама Гурыновiча ў вёсцы Золькi (былы Крыстынопаль) страчанае. Толькi ў 1990–х вылiчылi, дзе мог ён быць пахаваны — побач са сваёй бабуляй па мацi. Там i паставiлi памятны знак.

cultura@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter