Вясковыя школьнікі і сталічныя студэнты праспявалі Дзяржаўны гімн

Рэха ельскага шматгалосся

“ВЕЧНА жыві і квітней, Бе-ла-русь!” — пад гукі піяніна распеўна зацягваюць куплет студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Побач з імі, ледзь стрымліваючы хваляванне, рэпетыруе сваю партыю хор “Соліс” Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Удзельнікі музычна-патрыятычнага праекта-конкурсу “Слаўся, зямлі нашай светлае імя!” сабраліся на праслухоўванне ў Вялікай студыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Гэтая зала стала пляцоўкай збору выканаўцаў розных узростаў і прафесій невыпадкова. Менавіта тут запісвалася эталонная версія сучаснага, усім вядомага Дзяржаўнага гімна. Зараз жа ад эталонаў вырашылі адысці і прапанавалі выканаўцам прадставіць сваю інтэрпрэтацыю твора. Што з гэтага атрымалася?

Галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон ВАСЮКЕВІЧ і кіраўнік праекта Таццяна ЯКУШАВА

УЛАДЗІМІР Карызна, Васіль Раінчык, Наталля Міхайлава, Ірына Дарафеева... Стол, за якім уладкаваліся вядомыя ў музычных колах асобы, ледзьве не штурмам узялі выканаўцы прафесійных і аматарскіх калектываў. “Васіль Пятровіч, Уладзімір Іванавіч, пакіньце, калі ласка, аўтограф!” Праект Белрадыё, які сабраў на адной пляцоўцы розных па прафесіі — ад ваенных да звычайных школьнікаў, —  у сваім родзе ўнікальны. Заяўкі, толькі ўявіце, даслалі каля тысячы семісот чалавек! Да таго ж сама ідэя — выканаць своеасаблівую кавер-версію гімна — цікавая прапанова.

Кіраўнік праекта Таццяна Якушава:

— За ўвасабленне ідэі ўзяліся яшчэ ў верасні мінулага года. Адабралі больш за пяцьдзясят заявак у розных намінацыях. Свае гуказапісы даслалі 27 харавых калектываў, 24 ансамблі і нават два сольныя выканаўцы. Зразумелі, такую колькасць артыстаў адным махам не праслухаць, таму вырашылі правесці конкурс у некалькі тураў. У пачатку мая, напярэдадні Дня дзяржаўнай сімволікі, плануем правесці своеасаблівы флэшмоб, на які збяруцца ўсе калектывы і разам праспяваюць гімн.

Уладзімір КАРЫЗНА, Ірына ДАРАФЕЕВА і Васіль РАІНЧЫК

Перад пачаткам імправізаванага канцэрта накіроўваюся ў грымёрку — пазнаёміцца са спевакамі. Склад удзельнікаў першага прагляду, трэба сказаць, разнастайны. Тут і прафесійны хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, і хор хлопчыкаў і юнакоў Дзяржаўнай гімназіі-каледжа, і аматарскі дзіцячы вакальны ансамбль “Рэха” з Ельска. Вось вам і геаграфія. Дарэчы, актыўна праявіў сябе на этапе адбору кожны рэгіён. Галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч пацвярджае: 

— Такой вялікай колькасці ўдзельнікаў нават не чакалі, але прыемна, што на наш заклік адгукнулася шмат слухачоў, прадстаўнікі ўсіх абласцей. Хацелі, каб конкурс стаў нацыянальным, так і атрымалася — падключыліся і прафесіяналы, і аматары.

ТЫМ ЧАСАМ на распеўках хор “Рэха”. Школьнікі выступаць перад такімі заслужанымі дзеячамі культуры не баяцца — ужо прывыклі. На гэты праект, напрыклад, адгукнуліся пасля ўдзелу ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Здравствуй, мир”, дзе атрымалі дыплом першай ступені. Калектыву нават няма часу перавесці дух. Аднак да такога тэмпу жыцця, прызнаецца мастацкі кіраўнік ельскага гурта Юлія Дударава, прызвычаіліся: “Пад’ём у шэсць раніцы, зборы, дарога. Гэта звычайны алгарытм гастрольнага плана. З хорам аб’ездзілі Добруш, Мазыр, Гомель, Ліду, частыя госці і ў Мінску”. Запамінальныя выступленні маленькіх зорачак некалькі разоў заваёўвалі сэрцы журы на радыйным конкурсе “Маладыя таленты Беларусі”.

Аматарскі дзіцячы вакальны ансамбль “Рэха” з Ельска

Ды і зараз, трэба прызнацца, на тварах музычных дзеячаў чытаю ўсмешку, бачна, падабаецца ім “Рэха”. Таццяна Якушава шэпча суддзям: «Дзеці прыехалі з самага Ельска». Павольна, распеўна зацягвае сваю партыю адзін з хлапчукоў. Праз момант ноту падхоплівае наступны выканаўца. Музыка гімна зліваецца ў шматгалоссе. Незвычайнае, з прыдыханнем і трохі прыкрытым гукам. Аказваецца, сваю версію прачытання твора разам з кіраўніком рэпетыравалі каля месяца — па музычных мерках няшмат. Таму імправізацыя была і на сцэне. Заўважаю, як Юлія Дударава адным толькі жэстам, стоячы ў зале, паказвае дзецям, што трэба крыху падцягнуць ноту. Некаторым нават пагражае кулаком. Такія метады, трэба заўважыць, працуюць.

Як толькі гурт скончыў выступленне, спяшаюся распытаць, хто прыдумаў такі цікавы нумар. Заслуга самога кіраўніка. Аднак усё астатняе — праца спевакоў, у кожнага свой непаўторны вобраз і стыль, а разам яны дапаўняюць адзін аднаго. І вось што цікава — некаторым з іх, каб займацца ў гуртку, патрэбна праходзіць некалькі кіламетраў. 

Прафесійны хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі

Вольга Касцючэнка дабіраецца на спевы з вёскі Данілаўка, што ў чатырох кіламетрах ад самога райцэнтра, а Сафія Шэнгерыя ездзіць з Мазыра. Мясцовыя, ельскія, таксама ёсць. Дзеці наперабой спяшаюцца пазнаёміць са сваімі зорачкамі: “Вось гэта Вікторыя і Кацярына Казловы, дзве сястрычкі. Дарэчы, такіх сваякоў-артыстаў у нас цэлыя пяць пар: яшчэ Аліна і Ангеліна, Алёна і Сяргей, Алесь і Мацвей і дзве сястрычкі-блізняткі”. Цікаўлюся ў дзяцей, якому рэпертуару аддаюць перавагу. Высвятляецца, што ў пашане беларускія народныя песні. Тут можна і голас паказаць, і характар праявіць. Ды і настрой, адзначаюць дзеці, пры выкананні заўсёды ўзняты.

Спяшаюся да Уладзіміра Карызны — старшыні журы, паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, аднаго з аўтараў слоў сучаснага гімна: “Уладзімір Іванавіч, вынесіце свой вердыкт”. Хвіліну паразважаўшы, той гаворыць:

— Выступленні хвалююць і кранаюць таму, што спяваюць гімн дзеці. Кожны па-свойму стараецца, укладае душу. Спевы такія шчырыя, што нават слёзы наварочваюцца. Мне здаецца, у нас ёсць выканаўчыя сілы, ёсць на што спадзявацца. Ельскі калектыў, напрыклад, прадставіў сваё адчуванне тэксту і музыкі. Гэта добра — трэба адыходзіць ад шаблонаў. Адразу бачны самабытнасць, шчырасць і непасрэднасць, запамінаецца незвычайная манера, моцная і яркая падача матэрыялу. Увогуле, лічу, што ў нас добры гімн. Праслухоўваючы яго, адразу карціць сказаць, што Беларусь — выдатная дзяржава, багатая культурна і духоўна. Хочацца, каб гімн гучаў і натхняў нас на подзвігі.

Хор “Соліс” Заслаўскай музычнай школы

НАСТУПНЫМ на сцэну выходзіць студэнцкі хор Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітета Cantus Juventae. Акадэмічнае выкананне без аніводнай памылкі, здаецца, што выступаюць сапраўдныя прафесійныя артысты. Бездакорна спраўляецца са сваёй партыяй і моладзевы камерны хор Giocoso Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Цікава, якое дачыненне да музыкі маюць студэнты зусім нятворчай ВНУ? Мастацкі кіраўнік хора Вольга Варкулевіч-Карпава такому пытанню здзіўляецца: “А як жа? Эканамісты таксама могуць спяваць. Наш калектыў на базе ўніверсітэта працуе больш за пятнаццаць гадоў, выступае, гастралюе. Прычым удзельнікі — студэнты розных факультэтаў. Ёсць сярод іх слухачы курсаў па банкаўскай справе, маркетынгу і менеджменту, факультэта права. Аднак пры выступленні такая будучая прафесійная прыналежнасць сціраецца. Музыка аб’ядноўвае”.

Лічыць так і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, заслужаная артыстка краіны Ірына Дарафеева:

— Менавіта такія праекты аб’ядноўваюць народ, робяць нас патрыятычнымі, збліжаюць. Гімн добра гучыць, калі ёсць спалучэнне мужчынскага і жаночага вакалу. Але дапускаю і іншыя формы. Так, саліст, напрыклад, можа сваім тэмбрам, падачай, пачуццямі данесці асабістае прачытанне твора. Праект, безумоўна, цікавы. Аднак нязвыкла тое, што гімн прыходзіцца слухаць седзячы. Былі моманты, калі хацелася падскочыць і адразу заспяваць!

Камерны хор Giocoso Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Дарэчы, такая магчымасць яшчэ будзе. Менавіта ў маі вялікі канцэрт збярэ разам усіх выканаўцаў. Гучна рэхам па Доме радыё разліюцца ўсім добра знаёмыя словы і адгукнуцца ў сэрцах узнёслымі пачуццямі.

“Слаўся, зямлi нашай светлае iмя” — не толькі конкурс, але і радыёпраект, які выходзіць у эфір па суботах і нядзелях. Таму слухачы змогуць і самі ацаніць талент удзельнікаў, не спадзеючыся толькі на меркаванне журы.

bizyk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter