Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Рэха далёкай вясны

У Краязнаўчым музеі горада Хойнікі, што на Гомельшчыне, створана ўнікальная экспазіцыя “Трагедыя Чарнобыля”, а ў школах раёна вучні на практыцы асвойваюць правілы радыяцыйнай бяспекі.

Вёскі паміж небам і зямлёй

Як там было пасля катастрофы? Што там сталася?.. Многім цікава. На працягу шасці гадоў вядомы фотамастак, кінааператар студыі “Беларусьфільм” Юры Плюшчаў выязджаў у забруджаныя радыяцыяй рэгіёны Беларусі, фіксуючы вобразы неіснуючых ужо — пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС — вёсак Магілёўшчыны ды Гомельшчыны. Правёў дзесяць фотаэкспедыцый, на падставе якіх і была створана выстава “Рэха Чарнобыля”: пакінутыя, напаўразбураныя ад часу хаты, партрэты былых гаспадароў на сценах, кінутыя ў спешцы цацкі… Многія з тых здымкаў Юрыя цяпер ёсць у экспазіцыі “Трагедыя Чарнобыля”, што ў Хойніцкім краязнаўчым музеі.

Помнік Смутку ў Хойніках нагадвае пра Чарнобыльскую бяду 

Захавальнік фондаў Андрэй Эсауленка расказваў: па просьбах перасяленцаў і ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС у снежні 2004-га ў аграгарадку Судкова, пад Хойнікамі, быў створаны асобны музей “Трагедыя Чарнобыля”. Дырэктаркай стала Валянціна Гацко. Былы педагог, напісала яна пасля й кнігу “Памяць Чарнобыля”, у якой згадвае: “У той ракавы дзень 26 красавіка 1986 года я атрымала запрашэнне працаваць у Мінску і магла разам з сям’ёй з’ехаць туды. Аднак прывязанасць да Хойнікаў не дазволіла гэтага зрабіць”. Разам з іншымі настаўнікамі суправаджала яна школьнікаў пры выездзе за межы раёна. Пісала: “У вачах дзяцей быў такі сум, які мне не забыць ніколі…” Валянціна Афанасьеўна разам з супрацоўнікамі музея неаднойчы выязджала ў экспедыцыі ў адселеныя вёскі, у час якіх былі сабраны многія з экспанатаў.

Дарэчы, музей такой тэматыкі стаў першым у краіне ды і ў свеце. А ў 2012-м ён на правах асобнай экспазіцыі далучыўся да Хойніцкага краязнаўчага музея. “Людзям прасцей дабрацца да Хойнікаў: усё ж райцэнтр, — кажа мне Андрэй Эсауленка. — Да нас прыязджаюць з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны. Часта бываюць госці з Японіі, Германіі, Італіі, Ірландыі, Бельгіі, Швейцарыі…” 

Вучні ў Глінішчах наводзяць парадак на роднай зямлі

Узыходзім па лесвіцы на другі паверх былой сядзібы шляхціца Андрэя Аўраамава, дзе змяшчаецца экспазіцыя. І адразу ж бачу карткі з назвамі адселеных вёсак, што звісаюць са столі. Масаны, Дронькі, Уласы, Радзін… Яны нібы паміж небам і зямлёй… У 51-й вёсцы Хойніцкага раёна, 26 з якіх цалкам пахаваныя, ніколі не будуць жыць людзі. А з фотаздымкаў на сценах глядзяць ліквідатары, якіх даўно няма сярод жывых… Помнік Герою Украіны, пажарніку Васілю Ігнаценку, які быў сярод першых ліквідатараў на 4-м энергаблоку, ёсць у Брагіне. “Памёр 13 мая 1986 года, пахаваны ў Маскве на Міцінскіх могілках,” — апошнія радкі біяграфіі 25-гадовага старэйшага сяржанта. А родам Герой быў з вёскі Спярыжжа Брагінскага раёна. І ў любую пару года ляжаць пры помніку ў Брагіне жывыя кветкі, як і ля Помніка Смутку ў Хойніках: яго адкрылі да 10-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі.

Уражваюць фотаздымкі, зробленыя адразу пасля выбуху. Яшчэ бачым, як вядзецца дэзактывацыя: мыюцца дамы, вуліцы, дрэвы, транспарт. Адна з вітрын аформлена матэрыяламі, якія адлюстроўваюць радыяцыйную абстаноўку ў раёне з першых дзён аварыі. Ёсць звесткі пра эвакуацыю жыхароў з 30-кіламетровай зоны ў 1986-м, пра наступныя адсяленні ў 1990-95 гадах. У некалькіх вітрынах — дазіметры, касцюмы хімабароны, індывідуальныя назапашвальнікі, індыкатары…

“У нас часта праходзяць сустрэчы з перасяленцамі, удзельнікамі ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, для школьнікаў — урокі мужнасці, — кажа Андрэй Эсауленка. — У экспазіцыі шмат асабістых рэчаў, фатаграфій, дакументаў, успамінаў людзей, што пацярпелі ад аварыі. Створаны ў нас і Банк дадзеных аб перасяленцах: бралі звесткі з Рэчыцкага архіва, з сельсаветаў. Па ўсіх ліквідаваных сельсаветах складзены пашпарты, сабраны звесткі пра гісторыю адселеных вёсак”.

Перад тым як патрапіць у музей, я сустрэлася з кіраўніцай аддзела ідэалогіі, культуры й па справах моладзі Хойніцкага райвыканкама Людмілай Няволінай. Яна з усмешкай казала: штогод у красавіку “ажываюць журналісты”, большае цікавасць да раёна. “Мы рады гэтаму, — кажа Людміла Віктараўна. — Рэгіён развіваецца: будуецца новае жыллё, бальніцы, паліклінікі, працуюць школы, дзіцячыя садкі. У 2016 годзе Хойніцкі раён стаў першым у вобласці па колькасці нованароджаных на кожную 1000 жыхароў. Дзяржава сапраўды шмат укладвае ў развіццё раёна. Так, у 2010-м да Дня пісьменства быў адрэстаўраваны амаль увесь горад. Новае жыццё атрымалі завод жалезабетонных вырабаў, вытворчасць па выпуску сыроў і сушцы сыроваткі. Забяспечваем жыллём і прывабным заробкам маладых спецыялістаў. Таму й едуць да нас ахвотна. Вось і сёлета чакаем іх: лекараў, настаўнікаў, інжынераў…”.

Правілы новага жыцця

32 гады прайшло. І ўвесь час беларускія землі, што на мяжы з Украінай і пацярпелыя больш за ўсё, змагаюцца з наступствамі катастрофы. І знак Чарнобыльскай бяды можна пабачыць у лёсах ці не кожнага жыхара Хойніччыны.

Цяжка ўздыхае, успамінаючы былое, дырэктарка Глінішчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя І. П. Мележа” Людміла Кулакоўская. З мясцовай, але адселенай вёскі Аравічы яе бацькі. Памятае, як забіралі іх да сябе ў Хойнікі, а не хацелі ж ехаць, пакідаць родны кут. Балюча ёй згадваць і эвакуацыю школьнікаў у летнікі ды санаторыі Віцебшчыны. “Усё нібы ўчора было, — пачынае аповед Людміла Фёдараўна. — Трагедыя жудасная… Я працавала ў школе ў Хойніках. Паклікалі. Сказалі збіраць дзяцей: у 9 раніцы едзем. Ноч бегала па хатах... Бацькі, нібы ў ваенны час, развітваліся з дзецьмі… Плач, слёзы, адчай… 4 мая выехалі. Размясціліся ў летніках у пасёлку Лужасна, што на Віцебшчыне: брагінскія, хойніцкія, нараўлянскія дзеці. Жылі “на чужыне” тры месяцы. Думалі, застанемся там, але ў верасні вярнуліся дадому. Як дзеці крычалі “Ура”! Думала: сэрца разарвецца. Слёзы каціліся ўжо ад радасці — сустрэчы з блізкімі, вяртання ў родныя мясціны”.

Пасля аварыі на ЧАЭС Людміла Кулакоўская дапамагала вывозіць школьнікаў з Хойнікаў 
фота кацярыны МЯДЗВЕДСКАй

Перажыўшы такую бяду, Людміла Кулакоўская вельмі спачувае людзям, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю, стараецца дапамагчы ім. Так, у свой час узяла “апеку” над сям’ёй Латфуліных, перасяленцаў з Казахстана. Рафаіл Аляксеевіч, таленавіты фізік, працаваў у саўгасе “Стралічава”, дапамагаў па гаспадарцы. “Я ж працавала ў аддзеле адукацыі Хойніцкага райвыканкама: так і пазнаёміліся, разгаварыліся… — расказвае Людміла Фёдараўна. — Праз нейкі час паклікала Рафаіла Латфуліна ў Хойнікі, у аддзел адукацыі. Пасля ён выкладаў фізіку ў 2-й хойніцкай школе, быў дырэктарам 1-й. Цяпер на пенсіі, працуе настаўнікам фізікі ў Глінішчанскай школе. Дзеці яго вельмі любяць, складаныя рэчы тлумачыць даступна”. Пахвалілася дырэктарка новым здабыткам для школы: вялізны кош з лазы. “Прыгожы і арыгінальны гаршчок для кветак з яго выйдзе”, — казала. Зрабіў гэты цуд Рафаіл Аляксеевіч: гадоў 10 таму пачаў асвойваць традыцыйнае беларускае рамяство: пляценне з лазы. І прыйшлося яно даспадобы, і стаў — сапраўдным майстрам.

Між тым вёска Глінішчы ў Хойніцкім раёне — гэта, як вядома, родны кут народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Цяпер — аграгарадок. У канцы 80-х — пачатку 90-х прытулілі Глінішчы нямала перасяленцаў з пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі тэрыторый. Адзін з іх — Аляксандр Карніцкі, для якога родная вёска Кажушкі засталася толькі ва ўспамінах. Перасяленне, кажа, перанёс лёгка. “Можа таму, што сам быў малады, — гаворыць. — Больш клапаціўся пра жонку ды маленькую дачушку”. Вяскоўцы сустрэлі цёпла, мясцовая гаспадарка выдзеліла хату. Працаваць стаў тут. У Глінішчах у сям’і нарадзіліся яшчэ дачка і сын, ёсць ужо і ўнукі. “Жывем усе разам, побач, — гаворыць Аляксандр. — Дапамагаем адно аднаму па гаспадарцы. Так лягчэй!”.

Не менш за дарослых, а можа й больш, пра радыяцыю ў аграгарадку ведаюць дзеці. У Глінішчанскай школе працуе гурток “Юны эколаг”, ёсць абавязковыя для ўсіх вучняў урокі радыяцыйнай бяспекі. Пад час заняткаў юныя глінішчанцы атрымліваюць як тэарэтычныя веды, так і практычныя навыкі: у школе ёсць неабходнае абсталяванне для вымярэння ўзроўню радыяцыі — электронныя вагі, радыёметры. Засталося пасля рэалізацыі сумеснага праекта са Швейцарскім упраўленнем па развіцці ды супрацоўніцтве. Вучні прыносяць на праверку прадукты з дому, правяраецца й школьная ежа. Дарэчы, праверыць тут свае прадукты могуць усе жыхары Глінішчаў. Многія тым карыстаюцца: хто здае малако на перапрацоўку ці рыхтуе гародніну на продаж. “Вучні ўжо ведаюць, што часцей за ўсё перавышэнне нормы па ўтрыманні радыенуклідаў бывае ў грыбах ды ягадах, — расказвае Людміла Кулакоўская. — Калі перавышэнні нязначныя, то можна знізіць іх, правільна гатуючы. Напрыклад, грыбы трэба прамываць некалькі разоў у салёнай вадзе і праварваць таксама некалькі разоў. Тады, нават сушаныя, шкоды яны не прынясуць”.

Будынак Краязнаўчага музея ў Хойніках — помнік архітэктуры
фота кацярыны МЯДЗВЕДСКАй

У Глінішчанскім цэнтры радыялагічнай культуры шмат інфастэндаў пра ўплыў радыяцыі на здароўе чалавека, а таксама літаратуры з Рэспубліканскага інстытута радыялогіі. Дарэчы, такія цэнтры створаны і ў іншых школах раёна.

Ідучы па Глінішчах да аўтобуснага прыпынку, я бачыла: як хораша навокал! Былая вёска, сучасны аграгарадок, сапраўды жыве: адусюль чуваць брэх сабак, спевы пеўняў… Па вуліцы Працоўнай радуюць вока вялікія ўтульныя дамы для спецыялістаў, ёсць школа, садок, магазін, фельдчарскі пункт. І са сваім статусам “пацярпелага” рэгіён, здаецца, звыкся. Як правілы дарожнага руху, з маленства там вывучаюць правілы радыяцыйнай бяспекі. Звычайнымі для жыхароў здаюцца абавязковыя штогадовыя медагляды, дый дэлегацыі замежных гасцей прымаць ім не ў навіну.

…Прыгожа тут вясной, калі абуджаецца прырода. У палескім паветры нібы лунаюць новыя надзеі на шчасце, спакой і бяспеку. І такую неўтаймоўную радасць жыцця, пэўна, так востра якраз тут і адчуеш: у раёне, што жыве-развіваецца так блізка ад 30-кіламетровай зоны адчужэння.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 16 (3568), чацвер, 26 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter