Рэгіянальнае супрацоўніцтва становіцца ўсё больш прыкметным і дзейсным

Рэгіёны паказваюць прыклад

Першы дзень форуму ўразіў, напэўна, нават арганізатараў. Такой цікавасці да падзеі з боку ўдзельнікаў і журналістаў, відавочна, ніхто не чакаў. З самай раніцы работа разгарнулася па дзевяці секцыях, якія прадстаўлялі літаральна ўсе напрамкі супрацоўніцтва. Але больш за ўсё позіркаў было прыкавана да Савета Рэспублікі, дзе прайшлі перагаворы старшыняў верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі.



Міхаіл Мясніковіч і Валянціна Мацвіенка абазначылі галоўнае: рэгіянальнае супрацоўніцтва становіцца ўсё больш прыкметным і дзейсным.

— У форуму вельмі вялікі камерцыйны складнік. Мы лічым, што экспартна-імпартных кантрактаў будзе падпісана не менш як на 300 мільёнаў долараў, — адзначыў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. — Гэта гаворыць пра тое, што рэзервы ў нас ёсць і іх можна нарошчваць.

Старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка з калегам згодна:

— Нашы скаардынаваныя дзеянні па развіцці прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сумесныя інвестпраекты змякчылі наступствы негатыўных сусветных тэндэнцый. Нягледзячы на існуючыя цяжкасці, фактычныя аб’ёмы ўзаемнага тавараабароту паміж на­шымі краінамі захаваліся.

Для Беларусі інтэграцыя важная з пункту гледжання ўмацавання сваёй адкрытай эканомікі, забеспячэння рынкаў збыту. Захаванне Расіі як глабальнага геапалітычнага гульца таксама шмат у чым залежыць ад паспяховых узаемаадносінаў з суседзямі. Пры гэтым свае эканамічныя адносіны з трэцімі краінамі і Беларусь, і Расія выбудоўваюць не на шкоду адзін аднаму. Наадварот, хочуць атрымліваць выгаду са шматбаковага супрацоўніцтва.

Эксперты паказваюць, што матывацый для кааперацыі ў дзвюх краін столькі, што яны праяўляюцца нават у тэрміналогіі. Імпартазамяшчэнне, інвестыцыі, новыя тэхналогіі, сацыяльная арыентаванасць, уніфікацыя заканадаўстваў — гэтыя словы на форуме гучаць асабліва часта. У прыватнасці, спікеры верхніх палат дамовіліся прадоўжыць работу па збліжэнні прававой базы ў галіне працоўных адносінаў, адукацыі і аховы здароўя. Нямала яшчэ трэба зрабіць па ўхіленні бар’ераў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Хоць Валянціна Мацвіенка лічыць гэтую праблему перабольша­най.

— Я шмат езджу па рэгіёнах Расіі. І звычайнай карцінай стала наяўнасць у кожным з іх буйных магазінаў з шыльдай “Тавары з Беларусі”. Вялікім попытам у нас карыстаюцца не толькі вашы прадукты харчавання, але і вырабы лёгкай прамысловасці.

Міхаіл Мясніковіч зрабіў невялікую рэмарку:

— Вядома, нашым эканомікам сёння няпроста, у тым ліку ў выніку ўздзеяння знешніх фактараў. Змякчыць іх можна толькі разам, менш захапляцца пратэкцыянісцкімі рашэннямі і выбудоўваць па-сапраўднаму адзіную эканамічную прастору без выключэнняў і абмежаванняў.


Удзельнікі III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі раз’язджаліся з Мінска задаволенымі. З сабою везлі кантракты і пагадненні. Лік — на дзясяткі мільёнаў долараў. Зрэшты, на пленарным пасяджэнні, прысвечаным рэалізацыі ўзгодне­най сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве, гаварылі не толькі пра поспехі, але і пра не вырашаныя пакуль пытанні. Гэтай размове папярэднічала сустрэча Прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, спікераў Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі парламентаў дзвюх краін Міхаіла Мясніковіча і Валянціны Мацвіенкі з кіраўнікамі беларускіх і расійскіх рэгіёнаў.

У ліку вузлавых праблем, якія перашкаджаюць развіццю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, Міхаіл Мясніковіч назваў, у прыватнасці, зніжэнне колькасці ствараемых сумесных прадпрыемстваў:

— Падзенне нават на 6 працэнтаў — гэта страты працоўных месцаў і даходаў у бюджэт. Стварэнне сумесных кампаній, у тым ліку з удзелам рэзідэнтаў з трэціх краін, мэтазгодна разглядаць як прыярытэт нашага супрацоўніцтва. Галоўнымі партнёрамі тут могуць стаць Кітай і Індыя.

Яшчэ адна прапанова беларускага боку датычыцца дэдаларызацыі ўзаемных разлікаў. Пара ўжо на ўзроўні ўрадаў і дзяржаўных кампаній пераходзіць на нацыянальныя валюты ў рэалізацыі экспартна-імпартных аперацый.

Пра фінансавую праблематыку гаварыла і Валянціна Мацвіенка:

— Бюджэт Саюзнай дзяржавы выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. І тут хацелася б бачыць больш цікавых ініцыятыў і перспектыўных праектаў ад губернатараў. Неабходна таксама ўвесці агульную візу Саюзнай дзяржавы. Гэта асабліва важна для павелічэння турыстычнага патоку.

У цэлым вынікі форуму апраўдалі спадзяванні. Стала вядома, напрыклад, што беларускія будаўнікі будуць будаваць метро ў Чэлябінску. Сахалінская вобласць сёлета пачне закупляць нашы яблыкі, а да канца года плануе набыць каля 250 адзінак камунальнай і аўтобуснай тэхнікі. І гэта далёка не поўны пералік дамоўленасцяў.

Гавораць удзельнікі форуму

Леанід Заяц, Міністр сельскай гаспадаркі:

— На агульны рынак ЕАЭС цяпер завозіцца сельгаспрадукцыя на суму каля 45 мільярдаў долараў. Наша задача — замяшчаць той прадукт, які імпартуецца.

Святлана Арлова, кіраўнік адміністрацыі Уладзімірскай вобласці:

— Мне ўяўляюцца перспектыўнымі сумесныя праекты ў галіне энергетыкі. Запасы торфу ў нас ацэньваюцца ў 9 мільёнаў тон, у вас ёсць досвед у выкарыстанні гэтага віду паліва.

Жанна Бірыч, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама:


— У дні форуму Мінск і Масква падпісалі канкрэтны план мерапрыемстваў на 2016 — 2018 гады. Гэта своеасаблівая “дарожная карта” супрацоўніцтва ў прамысловасці, транспарце, ЖКГ, гандлі, культуры, ахове здароўя, адукацыі, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, у галіне сацабароны і спорту.

Віктар Зімін, кіраўнік Рэспублікі Хакасія:

— Ад усіх жыхароў Хакасіі, пацярпелых ад пажараў год назад, хачу падзякаваць беларусам за дапамогу. Мы атрымалі з Беларусі некалькі вагонаў з мэбляй, бытавой тэхнікай і іншай прадукцыяй. У такім яднанні і ўзаемадапамозе і ёсць наша сіла.

Уладзімір Гусакоў, старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук:

— Калі аб’яднаць расійскі навуковы патэнцыял з беларускім, можам вельмі шмат зрабіць. Трэба разам працаваць над стварэннем штучнага інтэлекту — тое, на чым у свеце цяпер канцэнтруюцца намаганні і што вельмі бурна развіваецца.

Вадзім Патомскі, кіраўнік адміністрацыі Арлоўскай вобласці:

— Па пераважнай большасці напрамкаў нашы планы перавыконваюцца. Арлоўшчына вельмі зацікаўлена ў закупцы кормаўборачнай і збожжаўборачнай тэхнікі з Беларусі. Рэалізуецца таксама праект па сістэме ГЛОНАСС для беларускай тэхнікі.

Лілія Ананіч, Міністр інфармацыі Беларусі:

— Часам у інтэрнэце грамадскасці нашых краін падкідаюцца тэзісы пра нібы існуючыя невырашальныя супярэчнасці. Думаю, што такой інфармацыі трэба супрацьстаяць разам. У тым ліку дакладна артыкулюючы дзяржаўную пазіцыю, якая рэальна адлюстроўвае стан спраў.

Уладзімір Хромаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter