«Рэгіёны – гэта база для развіцця і нашай эліты, і Мінска»

Кіраўнік Мінкульта адзначыў, што з боку дзяржавы і Прэзідэнта нашай краіны ажыццяўляецца сістэмная падтрымка развіцця сферы культуры. Дзякуючы ёй у гэтым годзе быў упершыню распрацаваны праект дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011—2015 гады, якая разлічана ў тым ліку і на тое, каб “разварушыць” культуру ў глыбінцы.

Напярэдадні прафесійнага свята міністр культуры Беларусі Павел ЛАТУШКА правёў прэс-канферэнцыю.

Кіраўнік Мінкульта адзначыў, што з боку дзяржавы і Прэзідэнта нашай краіны ажыццяўляецца сістэмная падтрымка развіцця сферы культуры. Дзякуючы ёй у гэтым годзе быў упершыню распрацаваны праект дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011—2015 гады, якая разлічана ў тым ліку і на тое, каб “разварушыць” культуру ў глыбінцы.

— Культура ў рэгіёнах — гэта база для развіцця і нашай эліты, і  Мінска  як культурнай сталіцы, — зазначыў Павел Латушка. — Таму для нас прынцыпова важным з’яўляецца падтрымка развіцця ўстаноў культуры раёнаў. І яна мае значны характар. Толькі за апошнія пяць гадоў дзевяцьсот аграгарадкоў атрымалі новыя, адрэстаўраваныя аб’екты — дамы культуры, клубы, бібліятэкі. І гэта, безумоўна, заслугоўвае станоўчай ацэнкі. Такая праца будзе працягнута і ў рамках праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Узяць хаця б адзін прыклад — камп’ютарызацыя ўсіх бібліятэк краіны за пяцігоддзе. А сёння мы маем толькі 23 працэнты камп’ютарызаваных бібліятэк!

Актуальнымі застаюцца пытанні набыцця музычных інструментаў, развіцця школ мастацтваў і іх філіялаў у вёсках. Накірункаў у гэтым кантэксце шмат, таму Павел Латушка ўпэўнены: “Культура ў рэгіёнах будзе адным з галоўных прыярытэтаў дзейнасці Міністэрства на будучыя пяць год”.

Павел Латушка таксама паведаміў, што ў наступным годзе распачнецца праца над Кодэксам культуры. Гэта будзе збор нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць узаемаадносіны ў гэтай сферы жыцця. Дарэчы, на разгляд Савета Міністраў ужо вынесены праект пастановы ўрада аб стварэнні Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. У яго склад увойдуць каля 90 вядомых і маладых дзеячаў краіны.

Павел Латушка звярнуў увагу і на пытанне развіцця эканомікі культуры. Так, прыняты ў верасні Указ Прэзідэнта “Аб падтрымцы асобных арганізацый культуры” створыць новы падыход да фінансавання. Ён уступае ў сілу 1 студзеня 2011 года.

— Уводзіцца так званы нарматыўны прынцып, — удакладніў міністр. — Будуць створаны дадатковыя магчымасці для развіцця эканомікі, напрыклад, канкрэтных тэатральна-відовішчных устаноў. Заробленыя грошы будуць накіроўвацца як на павышэнне заробкаў дзеячаў культуры, так і на паляпшэнне матэрыяльнай базы. Тут важна, каб мы эканамічна пацвердзілі эканамічныя прэферэнцыі для нацыянальнай культуры. Мы пачалі распрацоўваць адпаведную нарматыўна-прававую базу, якая створыць істотныя падаткавыя ільготы для ўсіх, хто ўкладвае сродкі ў культуру. Усё гэта паспрыяе развіццю сістэмы мецэнацтва і спонсарства.

Дарэчы, у снежні пачне працу Інстытут культуры Беларусі, які створаны па рашэнні Савета Міністраў. Ад узноўленага ІнБелКульта Павел Латушка чакае зрухаў у навукова-метадычнай дзейнасці сферы культуры, павышэння якасці перападрыхтоўкі кадраў, выпрацоўкі сістэмы прадстаўлення беларускай культуры за мяжой.

Таццяна УСКОВА, “БН”

Фота Мікалая ЛЯВОНАВА, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter