Рэгіён супрацоўніцтва. Беларуска-літоўскія кантакты выходзяць на больш высокі ўзровень

Сенняшняя сустрэча прэзідэнтаў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Далі Грыбаўскайтэ, правядзенне ў Вільнюсе міжнароднага беларуска-літоўскага эканамічнага форуму, умацаванне дзелавых кантактаў — усё гэта і есць сведчанне новага фармату ўзаемаадносін.

Зрэшты, збліжэнне пазіцый Мінска і Вільнюса было б памылкова разглядаць як нейкую выключна рэгіянальную з’яву, якая датычыцца толькі двух суседзяў. Не, за ўсім гэтым прагледжваюцца больш глыбінныя змены. Заходнія палітыкі, дзяржаўныя дзеячы, кіраўнікі буйных канцэрнаў усё часцей з дзелавымі візітамі наведваюць Мінск. У той жа час за мяжой праходзяць шматлікія беларускія выставы. І гэта ўжо не адзінкавыя падзеі, а досыць відавочная тэндэнцыя.
Лідэры Еўрасаюза перагледзелі парадыгму ўзаемаадносін з Мінскам і зрабілі шэраг крокаў, сэнс якіх — давайце сябраваць. У Беларусі ў апошні час таксама адбываюцца значныя змены. Яны сведчаць аб тым, што пасля складаных этапаў станаўлення краіна падышла ўшчыльную да неабходнасці чарговых пераўтварэнняў. Ды і сусветны фінансавы крызіс змушае хутка рэагаваць на выклікі цяперашняга часу. У Беларусі ўдасканальваюцца ўмовы вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, зніжаецца падатковая нагрузка, здымаюцца бюракратычныя бар’еры. Лібералізацыя эканамічнай сферы адбілася на міжнародных рэйтынгах Беларусі і адкрыла дарогу для прамых кантактаў з шырокім колам сусветных арганізацый. Спрыяла ўсталяванню супрацоўніцтва з Захадам і прыняцце Беларусі ў праграму ЕС “Усходняе партнёрства”.
Што тычыцца непасрэдна збліжэння пазіцый паміж Мінскам і Вільнюсам, то тут, вядома, вылучаюцца нядаўнія сустрэчы кіраўнікоў урадаў дзвюх краін і міністраў замежных спраў. Аднак трэба сказаць, што ўвогуле кантакты паміж Беларуссю і Літвой не перарываліся ніколі. Гэта і плённыя дзелавыя сувязі (напрыклад, у  Беларусі зарэгістравана 374 арганізацыі з удзелам літоўскага капіталу), і культурныя фэсты, і супрацоўніцтва ў навуковай сферы. І на міжрэгіянальным узроўні шмат чаго зроблена — падпісана 45 дамоў паміж раёнамі, гарадамі, абласцямі Беларусі і Літвы.  Як адзначае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын, пасля некаторага спаду, выкліканага сусветным крызісам, у апошнія два-тры месяцы пачынаюць аднаўляцца пазіцыі, страчаныя ў першым квартале 2009 года. “Адчувальна павялічваюцца пастаўкі прадукцыі нафтахімічнага комплексу, будаўнічых матэрыялаў. Не страчваем надзею на ўзнаўленне ранейшых аб’ёмаў продажу машынабудаўнічай прадукцыі, і гэты аптымізм мае пад сабой аснову”, — упэўнены пасол. Да таго ж на днях у Мінску дадзены старт будаўніцтву гандлёвага цэнтра кампаніі Senukai з аб’ёмам інвестыцый 13 млн долараў. Кажучы аб тым, што прыцягвае літоўскіх інвестараў у Беларусь, Уладзімір Дражын адзначае, што, па-першае,  гэта стабільнасць у краіне. “Па-другое, гарантыі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы і ўрада ўсім замежным інвестарам, што для іх будуць забяспечаны самыя спрыяльныя ўмовы працы. Калі ставіцца да справы добрасумленна і прыстойна, праблем у інвестараў не ўзнікне. За перыяд рэалізацыі сумесных праектаў ні адзін літоўскі інвестар не страціў ні цэнта!” — прыводзіць БелТА словы Уладзіміра Дражына.
Дарэчы, беларуска-літоўскія эканамічныя форумы сталі добрай традыцыяй. Цяперашні будзе ўжо пятым. Ён праходзіць пад назвай “Беларусь і дзяржавы Балтыйскага мора: новыя магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва”. І ўпершыню ён атрымаў статут міжнароднага. Да таго ж сёлета ў якасці наглядальніка наша краіна прынята ў Савет дзяржаў Балтыйскага мора. На форум запрошаны прадстаўнікі дзелавых колаў Германіі, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Калінінградскай вобласці.
Як паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Літве, больш за 160 беларускіх прадпрыемстваў прадставяць сваю прадукцыю на нацыянальнай выставе “Беларусь ЭКСПА-2009”, якая таксама пройдзе ў Вільнюсе. Будуць працаваць шэсць секцый, на якіх мяркуецца разгледзець пытанні ад машынабудавання да супрацоўніцтва ў галіне біяэнергетыкі.
Галоўным вынікам форуму павінны, вядома, стаць новыя інвестыцыі ў беларускую эканоміку. У мінулыя разы менавіта так і было.
Напярэдадні свайго візіту Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю Літоўскаму нацыянальнаму тэлебачанню і газеце Lietuvos Rytas сказаў: “Мы адкрытыя для адносін і гатовыя весці дыялог на любым узроўні”. І яшчэ: “Мы павінны супрацоўнічаць, мы суседзі, і ад гэтага карысць і вам, і нам”.
Маштабны форум і запланаваныя на сёння перамовы паміж прэзідэнтамі — усё гэта адлюстроўвае змены ў знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай рэальнасці і сведчыць аб новым парадку дня паміж дзвюма нашымі краінамі. Так павінна быць і надалей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter