Какие у вас ассоциации с новогодними праздниками?

Рэфлексія ў бляску ёлачных шарыкаў

У  кожнага свае асацыяцыі з навагоднімі святамі. Хтосьці не ўяўляе іх без мноства вясёлых песень і багатага застолля. У кагосьці ёсць патрэба сустрэць Новы год дзе-небудзь на прыродзе. Для мяне «цукерачна-агеньчыкавыя дні» самыя светлыя. Таму што калі сям’я збіраецца за адным вялікім круглым сталом, як ніколі можна адчуць еднасць і цеплыню ўзаемаадосін.


У бляску ёлачных гірлянд, феерыі забаўляльных праграм па тэлевізары, як кадры з кінафільма, у думках пракручваюцца яскравыя моманты жыцця, якія сфарміравалі светапогляд, паўплывалі на характар.

Запальваючы свечкі, успамінаю маю бабулю Мілку. Да яе нас з сястрой і стрыечнымі братамі бацькі адвозілі на зімовыя канікулы. Памятаю, як рыхтаваліся да свята, што ладзілі ў мясцовым сельскім клубе. Каб быць першымі прыгажунямі, абавязкова бралі з сабой у вёску карнавальныя касцюмы. Бабуля таксама прыхарошвалася: даставала з шафы стракатую хустку-казьмяроўку, даматканую спадніцу, якую вышывала гладдзю яшчэ яе мама, апранала ўбранне і, не дачакаўшыся клубных вячорак, пачынала хатні канцэрт. Спявала песні і прытанцоўвала. Шкада, што не запісала тады яе прыпеўкі, не сфатаграфавала ў самым лепшым уборы. Гэты момант жыцця застаўся толькі ва ўспамінах. Праз год бабулі не стала.

Прыязджала я пазней у апусцелую хату, падыходзіла да старой шафы, а перад вачамі паўставалі дзіцячыя ўспаміны. І ўжо потым зразумела, чаму бабуля, звычайна стомленая пасля спраў па гаспадарцы, з такім імпэтам спявала і танчыла перад Новым годам. Ведала, што з-за хваробы жыць ёй засталося нядоўга, але нам, малым, пра гэта не расказвала, старалася кожны дзень, праведзены з унукамі, напоўніць радасцю.

На Раство абавязкова ездзім да мамінай мамы. Каб дапамагчы бабулі Мані ўпрыгожыць хату да свята і паказаць, як выраслі за год яе праўнукі. Каб і яна не была адна ў гэтыя чароўныя дні. Як ёй было прыемна, што да свята абклеілі папяровымі сняжынкамі столь і вокны яе вясковай хаты, зрабілі з галінак дрэў фігуры елак і знайшлі прымяненне даўнім шкляным цацкам, якія на дзіва добра захаваліся. Палілі ў печы і пад трэск сыраватых дроў слухалі бабуліны ўспаміны пра яе жыццё і руплівую працу на зямлі. Потым заводзілі песні на некалькі галасоў. Бабуля спявала, а на яе вачах блішчалі слёзы. Яна казала: «Думала, праўнукаў прычакаць не паспею, аднак вось яны — усе са мною!»

Пасля малыя прасілі дастаць яблыкі са склепа. Водар ад плеценага кошыка, да верху напоўненага антонаўкамі, пераносіў у лета. Успаміналася, як ішлі з бабуляй праз поле пшаніцы за авечкамі, што пасвіліся непадалёк. Зялёныя, яшчэ не выспелыя каласкі калолі рукі і ногі. Поле здавалася бясконцым, хацелася рушыць назад, аднак упэўненыя бабуліны крокі не давалі прыпыніцца. Пра сваё жаданне вярнуцца можна было забыць. «Вось так шпарка і лоўка трэба ісці туды, куды задумаў! — казала бабуля. — Не азірацца назад і не баяцца нічога. Верыць у лепшае і радавацца кожнай праяве жыцця, нават гэтым з колкімі вусамі каласкам».

…Калі пераступаеш парог новага перыяду жыцця, бывае карысна азірнуцца назад і ацаніць, наколькі каштоўныя сустрэчы з блізкімі людзьмі. І як важна, каб родныя і сябры не заставаліся ў адзіноце, а адчувалі цеплыню і клопат пра іх не толькі ў святочны час.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter