Водоемы зацвели: вместе cо специалистами мы выяснили, на каких минских пляжах купаться опасно

Рэчка зелянее, сонейка блiшчыць

Спёка, якая накрыла краіну, прымусіла палюбіць ваду яшчэ больш: і пітную, і ў вадаёмах. У Мінску ў гэтым годзе, дарэчы, вызначана пяць зон рэкрэацыі, якія ўключаюць у сябе 21 пляж. Месца шмат: астуджвайся, плыві — не хачу. Разам з тым ёсць і праблемы: высокія тэмпературы моцна ўплываюць на якасць вады, мікрабіялагічныя і санітарна-хімічныя паказчыкі. Кожны тыдзень зоны правяраюць спецыялісты санітарна-эпі­дэміялагічнай службы Мінска, таму што ўсё цячэ, усё змяняецца. Мы даведаліся, як праходзіць працэс праверкі і што выяўляюць спецыялісты.

Даследуюць пробу ад 1 да 5 дзён у залежнасці ад складзенай праграмы выпрабаванняў і віду даследаванняў. І толькі потым вядома: дзе нам можна купацца.Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Якія вадасховішчы курыруюцца санітарна-эпідэміялагічнай службай Мінска? Заслаўскае — 8 пляжаў (№ 1, 2, 3, 4, 5, 6, 8, 9), Крыніца — 2 пляжы (№ 3, 4), Дразды — 5 пляжаў (№ 2, 5, 6, 7, 8), Цнянскае — 5 пляжаў (№ 1, 2, 3, 4, 5), Камсамольскае возера — 1 пляж (№ 1). Каб праверыць, ці можна купацца на пэўным пляжы, спецыялісты тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі горада выязджаюць на мясцовасць, каб правесці адбор проб вады для лабараторных даследаванняў. Як гэта адбываецца? Яны садзяцца ў катар і адплываюць ад берага. У стэрыльную бутэльку з цёмным шклом набіраецца вада — літр і больш. Чаму шкло цёмнае? Арганічныя злучэнні ў вадзе акісляюцца пры дзённым натуральным святле, і многае пры праверцы нельга будзе вызначыць, калі не абараніць яе ад святла. Загружаюць пробу ў спецыяльную сумку-халадзільнік. Затым яе прывозяць у лабараторыю вады, што на вуліцы Петруся Броўкі, 13, дзе мы цяпер якраз і знаходзімся. Пры нас будуць вывучаць пробы з розных мінскіх пляжаў на мікрабіялагічныя і санітарна-хімічныя паказчыкі. Дарэчы, правяраюць тут ваду не толькі з зон рэкрэацыі, але і пітную, сцёкавую і іншую. Аднак засяродзімся на вадаёмах.

Па-першае, проба вады праходзіць этап рэгістрацыі, і толькі пасля яе правяраюць. Загадчык лабараторыі даследавання вод санітарна-гігіенічнай лабараторыі ДУ «Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Ганна Станкевіч расказвае:

У стэрыльную бутэльку з цёмнага шкла набіраецца проба з вадасховішча ад літра і больш.

— Даследуюць пробу ад 1 да 5 дзён у залежнасці ад складзенай праграмы выпрабаванняў і віду даследаванняў. У першы дзень робіцца закладка, на пяты дзень здымаюцца паказанні. Лабараторны кантроль якасці вады зон рэкрэацыі праводзіцца з мэтай прадухілення ўзнікнення інфекцыйных захворванняў, якія перадаюцца водным шляхам, у тым ліку кішэчных інфекцый, а таксама захворванняў скурнага покрыва. Патрабаванні, якія прад’яўляюцца да арганізаваных пляжаў, дазваляюць знізіць верагоднасць захворвання людзей і забяспечыць камфортны адпачынак насельніцтва.

Узровень кіслотнасці і pH-асяроддзя правяраюць з дапамогай патэнцыяметра.
Пакуль у адной лабараторыі правяраюць ваду на мікрабіялагічныя паказчыкі — там пасеялі пробу на спецыяльныя асяроддзі, — у лабараторыі праверкі санітарна-хімічных паказчыкаў пробы вады з пляжаў праходзяць праверку на ўзровень кіслотнасці і pH-асяроддзя, усё гэта з дапамогай патэнцыяметра. Ад 50 да 100 мілілітраў вады наліваюць у стэрыльныя ёмістасці, каб яе параметры былі крышталёва дакладнымі. Яшчэ адна праверка з выкарыстаннем дазіметра і рэактываў: адбіраецца пэўная колькасць вады, змешваецца з рэактывам, і спецыяліст сочыць, якім будзе вынік. Усё гэта займае не адзін дзень, і, вядома, адразу праверыць пробы вады з кожнага вадаёма Мінска немагчыма. Таму спецыялісты тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі горада маюць графік іх адбору. Адзін пляж правяраецца, скажам, у панядзелак, другі — у аўторак і гэтак далей. Ужо ў пятніцу раніцай ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя», у які сцякаецца ўся актуальная інфармацыя аб якасці і бяспецы паверхневых водных аб’ектаў зон рэкрэацыі з усёй краіны, паведамляе жыхарам, дзе можна, а дзе забаронена купацца.

Што будзе, калі вынікі лабараторных даследаванняў проб вады акажуцца непрымальнымі? Санітарна-эпідэміялагічная служба Мінска праінфармуе адміністрацыі раёнаў горада, балансатрымальніка пляжаў — УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка». Гэта важна, бо пры нездавальняючых выніках уносяцца прапановы па абмежаванні купання дзяцей. Пры гэтым, калі на адным і тым жа пляжы нездавальняючыя вынікі фіксуюцца двойчы, абмяжоўваецца купанне не толькі дзяцей, але і дарослых. Калі ж спецыялісты знойдуць патагенныя мікраарганізмы, то на водных аб’ектах не тое што купацца, але і воднымі відамі спорту нельга будзе займацца. Чаму так? Тут спякотнае надвор’е робіць сваю справу: калі тэмпература навакольнага асяроддзя высокая, водарасці цвітуць — ім патрэбен кісларод, які яны бяруць з тоўшчы вады.

zen.yandex.ru
— Калі яны цвітуць, у вадзе павялічваецца пажыўнае асяроддзе для мікраарганізмаў, якія актыўна пачынаюць размнажацца, — тлумачыць Ганна Станкевіч. — Адсюль у апошні час высокія паказчыкі мікрабіялогіі, а таксама біяхімічнага спажывання кіслароду. Калі мы выяўляем больш або менш нормы спажывання кіслароду ў пробах вады, то гэта парушэнне.

Па дадзеных на пачатак тыдня, у 16 зонах адпачынку сталіцы было забаронена купанне дзяцей і дарослых. Што ж, пара даведацца, ці можна ў бліжэйшы час акунуцца ў мінскія вадасховішчы. Тым больш што з наступнага тыдня тэмпература паветра зноў будзе расці, абяцаюць сіноптыкі. Аб выніках даследаванняў нам расказала Юлія Журава, загадчык аддзялення камунальнай гігіены аддзела гігіены ДУ «Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі»:

— На 27 чэрвеня на падставе вынікаў лабараторных дасле­даванняў проб вады, адабраных санітарна-эпідэміялагічнай службай Мінска, сітуацыя на вадаёмах палепшылася і купанне на пляжах не забаронена: у вадзе патагенных мікраарганізмаў не выяўлена. Але не рэкамендуецца купанне дзяцей на пляжы № 1 Камсамольскага возера, № 1, № 8 вадасховішча Заслаўскае, № 2 і № 7 — Дразды, № 2 вадасховішча Цнянскае. 

kasel@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter