В старину на Воздвижение белорусы воздвигали в честь праздника часовенки, устанавливали придорожные кресты

Развітанне з цяплом

Узвіжанне Святога і Жыватворнага Крыжа Гасподняга праваслаўныя адзначаюць 27 верасня. У гэты дзень вернікі ўспамінаюць, як у Іерусаліме быў цудам знойдзены крыж, на якім распялі Ісуса Хрыста.

Беларусы называлі гэта свята Дзвіжанне, Здзвігі, Здзвіжанне, Здзвю­джанне. Па павер’ях у гэты дзень адбываецца бітва паміж дабром і злом. У старажытныя часы людзі імкнуліся абараніцца ад розных напасцяў, лічылі, што розныя праявы нячыстай сілы, сутыкнуўшыся з Крыжам Гасподнім, адступяць — і свет ачысціцца.

Праваслаўныя хрысціяне ў гэты дзень абавязкова ўзводзілі ў гонар свята капліцу, ставілі прыдарожныя крыжы. Загадзя абыходзілі з імі вёску і палі. Тым самым дзякавалі за абарону ад зла і ўсяго ліхога.

Узвіжанне — пераломны момант на зіму. Быццам усё ў гэту пару зрушвалася з месца, бурылася, паварочвалася. Адсюль і забарона капаць, рыхліць зямлю. Лічылася, што яна «зачыняецца» на зіму. Таму да гэтага часу ўсё зерне павінна было быць прыбрана з поля. Нашы продкі заўважылі, што ў гэты перыяд на небасхіле «гуляе» сонца — мяняе свае адценні, «падскоквае». Такую ж з’яву назіралі і на Благавешчанне, Вялікдзень, Купалле. Узвіжанне — апошняе свята ў календары, якое развітваецца з цяплом.

Да Узвіжання ў вы-рай адляталі амаль усе пералётныя птушкі. А яшчэ ў гэты дзень забаранялася хадзіць у лес. Казалі, што на Узвіжанне змеі збіраюцца ў вялікія клубкі, каб зімаваць разам. Па павер’ях раніцай, калі загучаць званы, зямля ў пэўных месцах пачынала расступацца. У гэтыя расколіны і хаваліся на зімоўку вужы, гадзюкі, яшчаркі. Пасля гэтага зямля замыкалася да Благавешчання. Лічылася, што наведванне лесу магло выклікаць з’яўленне гадзюк у хаце і гаспадарчых пабудовах. Калі на Узвіжанне выпадала ісці побач з лесам, нічога не неслі з сабой у дом. Нават грыбы не збіралі.

На свята моладзь ладзіла вечарынкі. Незамужнія дзяўчаты апраналі прыгожыя сарафаны і хадзілі па хатах секчы капусту. Свае паходы суправаджалі песнямі і карагодамі. Дзяўчат частавалі півам, мёдам і рознымі прысмакамі. У гэты час да іх прыглядаліся хлопцы, каб знайсці сабе годную нявесту. Вечарам усе збіраліся на плошчы і весяліліся. Такія вячоркі маглі працягвацца аж да Пакроваў.

НАРОДНЫЯ ПРЫМЕТЫ

♦ Калі на Узвіжанне замаразкі — вясна будзе ранняй.

♦ Птушкі паводзяць сябе шумна — яшчэ няхутка пахаладае.

АД ПРАДЗЕДАЎ

octobercinema.ru

У пераходны перыяд з восені на зіму нашы продкі варажылі. Часам, для таго каб зазірнуць у будучае, загадзя пасціліся, гатавалі кашы, на іх і варажылі. Калі пасля прыгатавання каша была цёмная, лічылася, што сям’ю чакаюць поспех і шчасце, калі ж белая і дробная — непрыемнасці. Каб спрыяльнае прадвесце споўнілася, кашу адразу з’ядалі. А калі не хацелі ажыццяўлення чагосьці нядобрага, то кідалі ў раку, каб яна забрала ўсё дрэннае.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter