98-гадовы ветэран вайны Міхаіл Сцяпанавіч Іваноў з ушацкай вёскі Рагуцкія распавёў пра партызанскія подзвігі — свае і сяброў

Разведка заданне выканала


На палітай крывёю абаронцаў ушацкай зямлі амаль паўвека таму ўзняўся мемарыяльны комплекс «Прарыў». Тут у ноч на 5 мая 1944 года народныя мсціўцы Полацка-Лепельскага партызанскага злучэння прарвалі блакаду, зладжаную гітлераўцамі ў ходзе карнай аперацыі «Вясновае свята». У гэтым партызанскім злучэнні змагаўся з акупантамі разведчык Міхаіл Сцяпанавіч ІВАНОЎ. Жыве ветэран побач з мемарыялам у вёсцы Рагуцкія. Парадны касцюм яго ўпрыгожваюць ордэны Баявога Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны ІІ ступені, а таксама медалі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй», шматлікія юбілейныя ўзнагароды, значок выдатніка народнай асветы.

Голас у 98-гадовага былога партызана-разведчыка Міхаіла Іванова даволі зычны. І памяць трывалая. Тэлефон ветэрана вайны мне назвалі ў музеі народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка райцэнтра Ушачы. Неаднойчы даводзілася бываць у гэтай святыні. Уражвае ўнікальная экспазіцыя музея, мноства арыгінальных фотаздымкаў. У яго фондах багата дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, сярод шматлікіх матэрыялаў пра народных мсціўцаў захоўваюцца і звесткі пра байцоў Полацка-Лепельскага партызанскага злучэння. Першыя партызанскія атрады на Ушаччыне заявілі пра сябе вясной 1942 года. Хутка яны выраслі ў брыгады «Дубава» і імя Чапаева. Той восенню народныя мсціўцы правялі некалькі наступальных аперацый, што садзейнічала вызваленню райцэнтра і навакольных вёсак. А восенню наступнага года ўжо дзейнічала партызанская зона, у якой налічвалася 16 брыгад.

Партызанскаму разведчыку брыгады «Дубава» Міхаілу Сцяпанавічу Іванову ёсць што ўзгадаць пра ваеннае мінулае.

— На другі дзень вайны, у паня­дзелак, мы, выпускнікі Лепельскага педвучылішча, здавалі апошні дзяржаўны экзамен. Па радыё абвясцілі пра вераломнае нападзенне гітлераўскай Германіі. У горадзе мітынгі: людзі выказвалі нянавісць да нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гатоўнасць змагацца за Радзіму.

Сярод нас, маладых педагогаў, панаваў узнёсла-пераможны настрой. Тады мы не ведалі, не маглі прадбачыць, якія выпрабаванні і пакуты чакаюць нас. Райваенкамат праводзіў мабілізацыю мужчын прызыўнога ўзросту. Выпускнікоў педвучылішча ў армію не прызывалі. З дыпломам педагога пешшу адправіўся да бацькоў у аддаленую вёсачку Навалокі на Ушаччыне. Па дарозе бачыў, як аўтамашыны, пешыя бежанцы рухаліся ў бок Віцебска. Позна вечарам дабраўся дамоў. Мяне сустрэлі ўсхваляваныя бацькі і родныя. Сяляне жылі сваімі гаспадарчымі клопатамі. У вёсцы мы напачатку не маглі ўявіць, што гэта сапраўдная вайна. На калгасным полі даспявалі збожжавыя. У першае ваеннае лета з бацькам касіў хлябы, уручную абмалочвалі снапы. Чулі, як аддалена грукаталі выбухі. Бачылі, як у небе праляталі чароды варожых самалётаў.

Ад вяскоўцаў даведаліся, што ў лесе арганізуецца партызанскі атрад. Да народных мсціўцаў змагацца з ворагам пайшоў мой старэйшы брат Васіль. З першых дзён байцы не давалі спакою акупантам: нападалі на варожыя гарнізоны, устройвалі засады на дарогах.

— А як вы сталі байцом партызанскага атрада?

— Намер змагацца з ворагам не пакідаў мяне, калі вярнуўся з Лепеля дамоў. Камандаванне атрада мяне залічыла ў баявы рэзерв. Каб стаць партызанам, неабходна было мець сваю зброю. Угаварылі дзядзьку, каб даў нам свой старэнькі абрэз часоў Грамадзянскай вайны. З гэтай зброяй у ліпені 1942 года мяне з пляменнікам Мікалаем прынялі ў партызанскі атрад імя Рамана Дыдэнкі Полацка-Лепельскага партызанскага злучэння. (Прозвішчы партызанскага камандзіра, які загінуў у баях з акупантамі, і партызана Міхаіла Іванова пазначаны ў спецыяльным праекце выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. — Ув. рэд.) Мяне залічылі ў разведку. Бывала, па некалькі дзён запар праводзілі на заданнях. Пешшу хадзілі за дзясяткі кіламетраў, у асноўным ноччу. Правяралі і ўстанаўлівалі мясціны, дзе можна ўзарваць чыгуначнае палатно на лініі Полацк — Мінск. Неаднойчы рызыкавалі жыццём. Праз паўтара месяца мяне прызначылі намеснікам камандзіра разведгрупы і намеснікам камісара атрада па камсамоле.



— Міхаіл Сцяпанавіч, памятаць усё перажытае немагчыма. Але, напэўна, засталіся моманты ваеннага часу, якія не забываюцца?

— Яны самі па сабе ўсплываюць, як хвалі на рацэ. Ці можна забыць страту баявых сяброў?! Колькі іх палегла ў час карнай аперацыі, якую азвярэлыя гітлераўцы зладзілі супраць партызан. Ворагі датла вынішчалі вёскі. Уварваліся яны і ў мае родныя Навалокі. У той час моцна захварэла жонка дзядзькі Васіля. Ён з сынам Мікалаем адправіўся яе адведаць. На подступах да вёскі наткнуліся на гітлераўцаў. Варожыя кулі скасілі дзядзьку Васіля і пляменніка Міколу... Нясцерпна горка і балюча было на сэрцы! Сколькі гадоў мінула пасля вайны, але па начах у сне бачу іх.

Фашысты вынішчалі сем’і, цэлыя вёскі. У нашым раёне ад іх рук зруйнавана 91 вёска. Лёс Хатыні паўтарылі Асавіна, Мурагі, Ралля, Тухаціна. Загінуў кожны трэці жыхар раёна. За ўсе мінулыя дзесяцігоддзі так і не аднавілася даваенная колькасць насельніцтва.

— Пэўна, за вашу мужнасць і гераізм у маладыя гады вам падораны доўгі век…


— Лёс у кожнага свой. Гартаваў сябе з юных гадоў: дзень пачынаў з зарадкі, займаўся спортам. І ў педвучылішчы са спортам сябраваў. Усё гэта выручала мяне ў складаныя моманты, якія ўзнікалі ў час выканання баявых заданняў у разведгрупе.

Па чыгунцы, што вядзе з Глыбокага на Полацк, фашысты адпраўлялі на ўсход нагружаныя боепрыпасамі эшалоны. З паведамленняў Саўінфармбюро мы ведалі: вораг падышоў да Каўказа і рваўся за Волгу. Камандаванне атрада даручыла разведгрупе, якую я ўзначальваў, адказнае заданне — узарваць галоўны пралёт чыгуначнага моста праз раку непадалёку ад Глыбокага. З баявымі сябрамі-разведчыкамі Васілём Плыгаўкам і Мікалаем Вежыкам праз лясны гушчар дабраліся да прыбярэжнай вёскі. У тутэйшых узялі лодку і, як сцямнела, падплылі на ёй бліжэй да моста. На дне лодкі ляжалі чатыры скрынкі з толам. У чарговы раз, калі варожая варта пасля агляду пакінула мост, што ёсць моцы населі на вёслы і падплылі да маставых паляў. Вось тут мая фізічная загартоўка вельмі спатрэбілася. Пад паляй галоўнага пралёта прымацавалі ўсе чатыры скрынкі з узрыўчаткай. Спусціліся ў лодку і ўпотайкі падпалілі бікфордаў шнур. Паспелі адплыць — і тут раздаўся магутны выбух. Вогнішча азарыла ўсё навокал. Пралёт абрушыўся… У атрадзе баявыя сябры віншавалі з паспяховым выкананнем задання. Амаль на тыдзень спыніўся рух на ўсход варожых чыгуначных эшалонаў з боепрыпасамі.

Неаднойчы ўдзельнічалі ў аперацыях па падрыве чыгункі на лініі Полацк — Крулеўшчына. Выконвалі іншыя баявыя заданні. Не давалі спакою акупантам. У снежні 1943 года аператыўную групу партызанскага руху па Полацка-Лепельскай зоне ўзначаліў Уладзімір Лабанок. За баявыя заслугі ён адзначаны Залатой Зоркай Героя Савецкага Саюза. На тэрыторыі, якую кантралявалі 16 партызанскіх брыгад, знаходзілася звыш тысячы вёсак і хутароў.

Вясною 1944 года фронт хуткімі тэмпамі набліжаўся да нашых мясцін. З воінамі-вызваліцелямі атрад сустрэўся ў лесе непадалёку ад Бягомля. Радасці было! Многія баявыя сябры пайшлі ваяваць далей. Кіраўніцтва Віцебскай вобласці прапанавала мне ўзначаліць у горадзе Першамайскі райкам камсамола. Пазней кіраваў камсамольскай арганізацыяй Дубровенскага раёна. Там і займеў сям’ю. У жонкі ўзяў прыгожую сямнаццацігадовую тэлефаністку Ніну Каранную, з якою пражылі разам больш як 60 гадоў. Калі ў нас нарадзіўся сын, мяне адправілі на вучобу ў Рэспубліканскую вышэйшую партыйную школу.

У 1947 годзе цэнтральныя беларускія газеты надрукавалі Указ Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні беларускіх партызан дзяржаўнымі ордэнамі і медалямі. Разведчык брыгады «Дубава» Полацка-Лепельскага партызанскага злучэння Міхаіл Іваноў адзначаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. У сталіцы былы партызан атрымаў і вышэйшую педагагічную адукацыю. Паўтара дзесяцігоддзі ён кіраваў Аршанскай сярэдняй школай № 2. За поспехі ў педагагічнай дзейнасці ўдастоены звання выдатніка народнай асветы. Яго выпускнікі працуюць у розных кутках былой вялікай краіны. У святы шлюць віншаванні свайму дырэктару. Падпалкоўнікам ваеннай медыцынскай службы стаў сын Аляксандр.

Трыццаць гадоў таму, пасля выхаду на пенсію, Міхаіл Сцяпанавіч з жонкай Нінай Фёдараўнай вярнуліся ў родныя ўшацкія мясціны. Іх прыняла ў сваім прасторным доме, што ў вёсцы Рагуцкія, старэйшая сястра Фаіна Сцяпанаўна. Ветэран партызанскага руху і ў свае 98 гадоў выступае перад школьнікамі. Яго запрашаюць на ўрачыстасці, якія праводзяцца ў святы каля ўшацкага мемарыяла «Прарыў».

Час няўмольны. Адышлі ў нябыт сястра і жонка Міхаіла Сцяпанавіча. Ветэран ад сацыяльнага работніка катэгарычна адмаўляецца. Сам спраўляецца па доме. Часта яго наведваюць сын Аляксандр з жонкай Наталляй. Летам у дзядулі адпачывае сталічная сям’я ўнука Алега. Праўнукі Паўлік і Ягорка любяць слухаць ваенныя гісторыі свайго слыннага прадзеда.

subbat50@mail.ru

Фота Наталлі БАГДАНОВІЧ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter