Торговля пока не спешит менять ценники с килограммами и литрами на новые

Развагi вакол вагi

Сярэдняга ўзросту жанчына знерухомела каля стэлажа з малаком. Яна прыглядаецца і — бачна па твары — моцна аб нечым задумалася. Аднак не спрабуе выбраць найсмачнейшы гатунак ці патрэбную тлустасць. Пакупніца стараецца параўнаць кошт малака ад розных вытворцаў, а зрабіць гэта няпроста: у адной бутэльцы налiта 950 мл, у другой — 900 мл... Без калькулятара такiя матэматычныя дзеяннi не па сiлах. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) з 1 студзеня рэкамендавала магазінам пісаць цэннікі на харчовыя тавары з пазнакай кошту за кілаграм ці літр. Карэспандэнт «Р» вырашыла прайсці па гандлёвых сетках і праверыць, змянілася ужо нешта ці не.

Пакупнікі вельмі ўважліва вывучаюць не толькі склад і тэрмін прыгоднасці прадуктаў, але і цэны.
Фота Уладзiмiра ШЛАПАКА

Нагадаем, што перапісаць цэннікі на тавары з нестандартнай фасоўкай міністэрства хацела даўно. Па словах намесніка міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірыны Наркевiч, магчымасць увядзення такой нормы абмяркоўвалася цэлы год. У выніку вырашылі спачатку рэкамендаваць магазінам памяняць цэннікі, а праз паўгода, з 1 ліпеня 2017 года, зрабіць стандарт абавязковым.

Мы наведалі крамы некалькіх асноўных гандлёвых сетак Мінска. Спачатку завіталі ў гандлёвы цэнтр «Рыга», дзе размясціўся адзін з магазінаў «Суседзі». Знайсці там новыя цэннікі не змаглі. Аднак пакупнікі іх ужо чакаюць.

— Скажам, цана на смятану пішацца за ўпакоўку. А ў ёй можа быць і 400 грамаў, і 350, і 500, — гаворыць мінчанін Аляксей. — Няма магчымасці параўнаць, і гэта часам проста нервуе.

Персанал магазіна пра новую рэкамендацыю пакуль амаль нічога не ведае і на пытанні, калі з’явяцца «кілаграмовыя» цэннікі, паціскае плячамі.

Нічога не чулі пра змену цэннікаў і ў краме Mart Inn на вуліцы Багдановіча. Праўда, раскладваюць тавар на стэлажах са старымі двайнымі цэнамі — перад і пасля дэнамінацыі. Аднак на гэта ніхто асабліва не наракае. Некаторыя пакупнікі таксама першы раз чуюць пра тое, што хутка павінны з’явіцца цэны за кілаграм ці літр.

Звыклая ўпакоўка не заўсёды гарантуе звыклую вагу тавару.
Фота Вiталя ПIВАВАРЧЫКА

Рыхтуюцца да змены цэннікаў у «Віталюры», што на вуліцы Мірашнічэнкі. Пакуль усё напісана па-старому, але прадаўцы кажуць, што днямі ім расказалі пра адпаведнае распараджэнне кіраўніцтва:

— Разумееце, гэта ўсё не так хутка робіцца, — гаворыць адна з прадаўшчыц. — Пакуль усё наладзяць, пакуль разлічаць. І паспрабуй яшчэ замяні ўсе цэннікі — гэта ж тысячы найменняў. Дакладна не ведаю, але мне здаецца, што першыя змены могуць з‘явіцца толькі пасля 10—15 студзеня.

«Рублёўскі» ў былым ваенным гарадку Уручча таксама пакуль не спяшаецца мяняць старыя цэннікі. Аднак пастаянныя пакупнікі ўніверсама чакаюць гэтых змен як свята.

— Нарэшце дайшла цывілізацыя, — гаворыць жанчына гадоў сарака. — У Еўропе гэта даўно норма. Так што дзяржава правільна робіць, што збіраецца нармаваць напісанне цэн. Вытворцы часам ужо занадта хітруюць — візуальна ўпакоўка не змяняецца, а насыпаюць ці наліваюць у яе кожны раз усё менш і менш.

Тое самае паўтараюць яшчэ некалькі неабыякавых спажыўцоў. Праўда, у асноўным гэта больш сталыя людзі. Моладзь успрымае падобную навіну без імпэту.

— Што з таго? — здзіўляецца адна дзяўчына. — Вытворцы ўсё роўна знойдуць магчымасць, як прадаць менш, а кошт паставіць большы.

Яшчэ мы наведалі «Еўраопт», там жа — ва Уруччы. Карціна не адрозніваецца ад іншых гандлёвых сетак, і новыя цэннікі мы не знайшлі. Затое даведаліся, што некаторыя людзі ўспрымаюць рашэнне Мінiстэрства антыманапольнага рэгулявання i гандлю як перамогу грамадскага меркавання.

— Гэтая навіна — чарговы аргумент супраць пазіцыі многіх людзей, якія говораць, што нічога нельга змяніць, усё куплена і гэтак далей. Аказваецца, змяніць можна многае. Большасць нашых грамадзян вельмі недаацэньвае сілу грамадскага меркавання, — лічыць пакупнік Сяргей.

Калі добра падумаць, то і сапраўды ў нейкім сэнсе ўсё пачалося з агульнай, хаця і ціхай, незадаволенасці беларусаў «маркетынгавымі хадамі» вытворцаў. Акрамя таго, агучванне рашэння міністэрства супала са з’яўленнем у інтэрнэце электроннай петыцыі з патрабаваннем прымусіць гандлёвыя аб’екты пісаць цэны за літры і кілаграмы.

Бачна, што рэкамендацыю магазіны ігнараваць не збіраюцца, але вытрымліваюць пэўную паўзу. Хутчэй за ўсё, гэта зацішша звязана з тэхнічнымі праблемамі. Тым больш у гандлю афіцыйна ёсць два месяцы пераходнага перыяду. Як паведамілі нам у прэс-службе міністэрства, да сакавіка наўрад ці нешта можа змяніцца.

Дарэчы, як будуць выглядаць новыя цэннікі, пакуль што таксама невядома. Мінiстэрства прапаноўвала прыклад таго, як можна афармляць гэтыя дакументы з улікам новай нормы, аднак то неабавязковы стандарт. Кожная крама можа выбраць для сябе найбольш зручны варыянт.

— Не забывайце, што новаўвядзенне не закране кіёскі, рынкі, кірмашы і гандлёвыя аўтаматы, — напамінаюць у прэс-службе ведамства. — Выключэнне таксама будзе для алкагольных і слабаалкагольных напояў, піва, тытунёвых вырабаў і тых тавараў, вага якіх меней за 50 грамаў. Аднак спецыі і прыправы не ў лік: гэта занадта дарагі тавар.

Пазначаць кошт па-новаму трэба будзе не толькі на магазінных цэнніках, але і ў рэкламе, каталогах. Калі вага тавару не раўняецца аднаму кілаграму ці літру, прыйдзецца пісаць дадатковую цану — за «круглую» меру.

— Для харчовых прадуктаў, намінальная колькасць якіх не перавышае 250 грамаў (мілілітраў), трэба будзе паказваць кошт адзінкі тавару за 100 грамаў (мілілітраў), — растлумачыла Ірына Наркевіч.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter