Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пісьменнік Тхуі Тоанг стварае магчымасць і ва В’етнаме чытаць тое, што пісалі Францыск Скарына і Янка Купала

Разумеюць і ва В’етнаме

В’етнамскі пісьменнік Тхуі Тоанг нарадзіўся 11 сакавіка 1938 года ў вёсцы Фу Люй правінцыі Тышон Вакнінь. Цяпер вёска — у складзе горада Тышон правінцыі Вакнінь. В’етнамскі перакладчык, паэт, публіцыст, літаратуразнаўца закончыў філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя У. І. Леніна. Член Саюза пісьменнікаў В’етнама. Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Расіі.

Пісьменнік Тхуі Тоанг
У 12 гадоў будучы пісьменнік патрапіў у ваенную школу, якая рыхтавала папаўненне для В’етнамскай арміі. Для барацьбы, зразумела, з французскімі каланізатарамі. У 1954 годзе в’етнамцы атрымалі славутую перамогу ля Д’ен Б’ена. Назвалі гэтую падзею “в’етнамскім Сталінградам”. Пасля перамогі хлопчыка разам са 100 іншымі аднагодкамі адправілі вучыцца ў Савецкі Саюз. Так Тхуі і аказаўся ў Маскоўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя У.І. Леніна. З таго часу і парадніўся з рускай літаратурай, з літаратурамі народаў былога Савецкага Саюза. Перакладаў творы Аляксандра Пушкіна, Міхаіла  Лермантава, Фёдара Цютчава, Івана Буніна, Сяргея Ясеніна, Мікалая Рубцова, Уладзіміра Высоцкага і інш. Агулам з’яўляецца аўтарам перакладаў болей як 60 кніг. Пераклаў на в’етнамскую мову многія творы не толькі рускіх, але і іншых народаў Савецкага Саюза пісьменнікаў. Перакладчык “Слова пра паход Ігаравы” на в’етнамскую мову. Перакладчык зборніка “Беларускія народныя казкі” (Ханой, “Ван Хок”, 1985; апошняе выданне — 2008 год) на в’етнамскую мову. Пераклаў таксама вершы Янкі Купалы, у тым ліку — і верш “А хто там ідзе?” Тры вершы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы былі надрукаваны ў літаратурнай в’етнамскай газеце ў ліпені 1982 года — да 100-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры. Між іншым, разам з уступным словам самога перакладчыка.

Тхуі Тоанг — і аўтар многіх артыкулаў па пытаннях мастацкага перакладу. Для кнігі “Францыск Скарына на мовах народаў свету” (2015, 2-е выд. — 2016) пераклаў урывак з прадмовы Ф. Скарыны да кнігі “Юдзіф” — на в’етнамскую мову. Узнагаро-джаны ордэнам Дружбы (Расійская Федэрацыя, 2010), медалямі А. Пушкіна (2010), С. Ясеніна (2015) (Расійская Федэрацыя).

Цяпер Тхуі Тоанг лістуецца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі. Шукае тэксты для новых зваротаў да беларускай літаратуры як перакладчык. Цікавіцца дзіцячай літаратурай Беларусі. “Памятаю, з якой ахвотай чытач расхопліваў кнігу беларускіх народных казак на в’етнамскай мове, — успамінае Тхуі Тоанг, — дык, мяркую, што не меней цікавай падасца і кніга, напрыклад, аўтарскіх казак беларускіх пісьменнікаў. На маім рабочым стале цяпер ляжаць падрадкоўнікі даўнейшых вершаў Вольгі Іпатавай і Уладзіміра Карызны пра В’етнам, в’етнамскіх дзяцей. Збіраюся перакласці гэтыя творы на в’етнамскую мову”.

А ў Беларусі в’етнамскую літа­ратуру на беларускай мове ведаюць найперш па перакладах паэзіі. У свой час Язэп Семяжон падрыхтаваў анталогію паэтаў В’етнама “Апалены лотас”, а Янка Сіпакоў пераклаў “Турэмны дзённік” Хо Шы Міна.

Літаратура В’етнама з’яўляецца шматнацыянальнай. Тут размаўляюць і пішуць на в’етнамскай, нгуонскай, мыонгскай, кхмерскай, мангскай, фонгскай, кхангскай, пака і іншых мовах. Добра было б развіць стасункі і класічныя радкі Скарыны пераказаць народам, якія карыстаюцца менавіта гэтымі мовамі, іх родным мастацкім словам.

Голас Радзімы № 30 (3534), чацвер, 10 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter