Разумею цяпер, чаму з выраю...

Калі застаешся  з  Палессем  сам  на  сам, яно ўваходзіць у  твае душу і сэрца – ад Дубоя  да  Нароўлі...

Калі застаешся  з  Палессем  сам  на  сам, яно ўваходзіць у  твае душу і сэрца – ад Дубоя  да  Нароўлі... 

Такое са мной ужо было. Двойчы. Уставаў рана-рана, на самым золку, заварваў кубак кавы памацней і збіраўся з думкамі, каб асэнсаваць тое, чым жыў апошнія дні і ночы. Розніца паміж колішнім і цяперашнім у тым, што тады такого кшталту нататкі пісаў на партатыўнай пішучай машынцы, а зараз – на суперсучасным кам-п’ютэры. Тады за бортам нашай  рэспубліканскай яхты цяклі Днепр і Заходняя Дзвіна,  зараз – Прыпяць. Тады, як і зараз, да фінішу  нашых вандровак-экспедыцый заставаўся ўсяго адзін, самы кароткі пераход. Раней нашага прыходу чакалі ў Лоеве і Друі, зараз – у Нароўлі, дзе мы і з’явімся, што б ні здарылася, менавіта сёння і менавіта ў дзесяць гадзін раніцы... 

Дваццаць адзін дзень таму, калі мы стартавалі з Дубоя, і напера-дзе ляжаў чатырохсоткіламетровы водны шлях па Прыпяці, з заходамі ў Гарынь і Мікашэвіцкі канал, Нароўля, месца нашага фінішу, здавалася такой далёкай і недасягальнай. Сёння, калі да яе ўсяго адзін кіламетр, калі, няхай сабе не знічкай, але даволі хутка, прамільгнулі, засталіся за бортам Пінск, Давід-Гарадок, Мікашэвічы, Тураў, Петрыкаў, Мазыр і далёкім здаецца ўжо Дубой, я спрабую хоць коратка, тэзісна асэнсаваць тое, што ўбачыў са сціплай надзеяй, што камусьці думкі гэтыя і назіранні пададуцца цікавымі. 

Канешне, Прыпяць у параўнанні з Амазонкай, Волгай, Енісеем, Ленай,  так бы мовіць, — немаўля. Але ж гэта наша немаўля. Самае старэйшае, самае моцнае і самае прыгожае. І вельмі, паверце, горка, што замест таго, каб яго апякаць, бараніць ад бяды і нястач, ставімся мы часам да свайго першынца як не самыя клапатлівыя бацькі ці, што яшчэ горш, чужынцы. Паганім яе берагі тонамі смецця, сячом пад корань дрэвы, палім вогнішчы, каб, як тыя дзікуны некалі, прыгатаваць на іх прымітыўныя кавалкі мяса ці зварыць юшку з рыбы, якую чамусьці вельмі часта імкнёмся здабыць самымі варварскімі прыладамі, пасля выкарыстання якіх мала чаго жывога застаецца ў рацэ. 

Прыпяць, як вядома, цэнтр Палесся, а на Палессі, усе ведаюць, жывуць палешукі. Жыццё іх лёгкім наўрад ці назавеш: калі наўкола зашмат вады, яна можа нарабіць бяды. Такое бывала, магчыма, яшчэ будзе, толькі людзі і да гэтага прызвычаіліся. Ды і  прыродныя гэтыя катаклізмы, паводкі і іншае, насамрэч яшчэ паўбяды ў параў-нанні з той бядой, якую ўчыніў тут чалавек. Толькі вось калі сам Бог амаль выракся гэтага краю, дазволіўшы засыпаць самы прыгожы і маляўнічы куток нашай краіны радыёактыўным чмурам, людзі яго не выракліся. 

Іх, узяць да прыкладу тую самую Нароўлю, да якой мы імкнулі-ся ўсе гэтыя дні, за дваццаць два гады ўпалавінела, але ж тыя, хто засталіся, жывуць. Жывуць, а не выжываюць. Будуюць дамы і нараджаюць дзяцей. Іх становіцца больш. Так чамусьці атрымліваецца, што тыя людзі, якія перасяліліся адсюль, жывуць нашмат меней, чым тыя, хто засталіся. Гэта так, і гэта абсалютна не азначае, што беларусы — тая самая нацыя, якой не трэба баяцца радыяцыі, але, падаецца мне, паміраюць людзі не толькі ад вядомых медыцыне невылечных хвароб, але і ад настальгіі і тугі па радзіме. 

Сёння ў Нароўлі я сустрэну, на што вельмі спадзяюся, добрых сваіх знаёмых.  Пацісну руку старшыні райвыканкома Валерыю Васільевічу Шлягу, які, у адрозненне ад многіх былых чыноўнікаў, не кінуў сваіх землякоў, у цяжкія хвіліны выпрабаванняў не шукаў цёплага і ўтульнага мястэчка, а жыве з імі адным жыццём. Мне вельмі хочацца, каб было ў ім больш светлых і радасных момантаў, каб прыязджалі сюды чыноўнікі не толькі падчас амаль абавязковых візітаў напярэдадні чарговай гадавіны Чарнобыля, а і людзі творчыя. Такія, якім ёсць што сказаць і паказаць людзям... 

Хочацца мне яшчэ расказаць, як Палессе, калі застаешся з ім сам на сам, лёгка прабівае ўсе бар’еры, якімі ты бароніш сябе ад небяспек сучаснага непрадказальнага жыцця, уваходзіць у тваю душу і сэрдца, і ты раптам пачынаеш разумець, чаму з выраю жураўлі ляцяць менавіта сюды... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter