Какие преимущества дает оформление ДТП на месте по «европротоколу» без вызова ГАИ

Разрулiлi сiтуацыю на месцы

Што будзеце рабіць, калі трапіце ў ДТЗ? Адразу патэлефануеце ў ДАІ? А калі сітуацыя не патавая і вырашыць пытанне ўдзельнікі аварыі могуць самастойна? У такім выпадку дзяржаў­таінспектары і страхоўшчыкі раяць скарыстацца еўра­пратаколам — паведамленнем аб дарожна-транспартным здарэнні. Чулі пра яго многія і нават часцей сталі афармляць, але ў кіроўцаў застаюцца апаскі: маўляў, запоўнім не так — і страхоўка не пакрые выдаткі, ці, магчыма, на самай справе шкода больш чым 400 еўра!.. 

Гаворкі пра еўрапратакол нават не было. Ранішняя сустрэча двум кіроўцам абыдзецца нашмат больш за 400 еўра.

11 мая Прэзідэнт падпісаў Указ № 175 «Аб страхаванні», які змяшчае нормы, накіраваныя на спрашчэнне парадку прымянення і лібералізацыю асобных палажэнняў заканадаўства ў сферы страхавання. У тым ліку павялічаны ліміт страхавой кампенсацыі пры афармленні ДТЗ без выкліку ДАІ з 400 да 800 еўра. З яго павелічэннем, а адбудзецца гэта ў хуткім часе, такая мера дакладна спросціць жыццё аўтамабілістам пры афармленні ДТЗ, а таксама знізіць нагрузку на ДАІ. Між іншым, кожны дзень у краіне адбываецца ў сярэднім каля 250 аварый. У непагоду гэтая лічба, зразумела, павялічваецца. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выязджаюць на месцы, высвятляюць абставіны, робяць замеры, складаюць пратаколы, даведкі... Бывае, вось як у Мінску днямі: у Фрунзенскім раёне каля 10 гадзін раніцы здарылася 16 аварый. Скажам шчыра: за пяць хвілін разабрацца ў кожнай сітуацыі не атрымаецца. 

…У Мінску на вуліцы Радыяльнай, 52, дзе мы знаходзімся, у 9.40 на трэцяй паласе, калі шчыльны паток машын памаленьку кранаўся, «пацалаваліся» Аudi A4 і Volkswagen Polo — з дзеючымі «Аўтакаска».

— Паток — шчыльны, святлафор — хуткі: на яго не паспела машына, якая ехала перад Audi, таму рэзка спынілася. Уладальніца Audi зрэагавала, я — не паспеў, — кіроўца таксі Іван з сумам глядзіць на разбіты «твар» свайго Polo. У дамы з Аudi карціна ў разы лепшая — пашкоджаны толькі бампер: «На наступным тыдні хацела паехаць у Літву. Пусцяць з гэтым?»

Каля 25 працэнтаў ДТЗ штогод не могуць быць аформлены па еўрапратаколе.


Гаворкі пра еўрапратакол нават не было. Зразумела, што ранішняя «сустрэча» абыдзецца ім нашмат больш за 400 еўра. Пакуль 40 хвілін разбіраліся ў справе, запаўнялі паперы, выпісвалі штраф Івану за незахаванне дыстанцыі, запыталася ў кіроўцаў, ці звярталіся калі-небудзь да паведамлення аб ДТЗ. Дама ніколі не карысталася і прызнаецца: не вельмі разумее, што гэта такое. Іван спрабаваў:

— Але ёсць праблема. Вадзіцелі баяцца еўрапратакола — ім прасцей выклікаць ДАІ. 

Выдадзены штраф і даведкі — кіроўцы раз’язджаюцца. Пакуль Дзмітрый Загуста і Аляксандр Кашынскі, інспектары ДПС Партызанскага АДАІ Мінска, не атрымалі выклік на ДТЗ, пытаюся: нагрузкі стала менш са з’яўленнем еўрапратакола?

— Калі ДТЗ несур’ёзнае, грамадзяне часцей выкарыстоўваюць еўрапратакол. Але, вядома, на першым месцы званок у ДАІ. Бывае, просяць дапамагчы запоўніць паведамленне па правілах, хоць яны ёсць на адваротным баку пратакола, на сайтах МУС, страхавых і Беларускага бюро па транспартным страхаванні. Усё роўна баяцца. Расказвалі, што запаўнялі ўсё дакладна, але ў страхавой былі прэтэнзіі з-за памылак, — тлумачыць Дзмітрый Загуста. — Яшчэ адзін момант: няма на руках бланка. 

Перавагі еўра­пратакола ў тым, што вымяраць на месцы ДТЗ нічога не трэба: неабходна проста ў бланку паказаць месца, дзе гэта адбылося. Да таго ж пры афармленні паведамлення для вінаватага ў ДТЗ няма адміністрацыйнай адказнасці. Аляксандр Кашынскі прыводзіць прыклад: быў інцыдэнт, калі інспектараў у час пік выклікалі з-за драпіны на крыле. Дзяўчына-аўтамабіліст, вінаватая ў гэтым, паскардзілася на іншага вадзіцеля: «З глузду з’ехаў?! Выйшаў, паглядзеў і сказаў: «Давай па чатырыста — і разыходзімся». Вядома, меў на ўвазе запаўненне еўрапратакола. А яна падумала, што ён патрабуе 400 умоўных па курсе Нацбанка...

Дзмітрый Загуста працягвае:

— А бывае мінімальнае пашкоджанне, але адзін кіроўца хоча пакараць другога і ад паведамлення аб ДТЗ адмаўляецца, прынцыпова выклікае нас. Яшчэ баяцца таго, што могуць быць нябачныя пашкоджанні аўто, якія без даведкі ДПС страхавая не пакрые.

Ганна Банадык, старшы інспектар па асобых даручэннях УДАІ МУС, акцэнтуе: каб аформіць ДТЗ без выкліку ДАІ, неабходна, каб у здарэнні было толькі два транспартныя сродкі, ніхто не пацярпеў, не знаходзіўся ў алкагольным або наркатычным ап’яненні, у абодвух кіроўцаў павінны быць дзеючыя дагаворы страхавання, яны абодва павінны мець права на кіраванне транспартным сродкам, таксама не павінна быць рознагалоссяў па абставінах аварыі, вызначэнні асобы, адказнай за прычыненне шкоды, а сама шкода ад здарэння ацэньвацца не больш за 400 еўра. Пасля запаўнення бланка арыгінал застаецца ў пацярпелага, копія — у вінаватага. Затым на працягу 5 рабочых дзён трэба звярнуцца ў страхавую кампанію з заявай аб выплаце страхавой кампенсацыі. Еўрапратакол разглядаюць там адразу, што зноў адрознівае яго ад даведкі з ДАІ. 

Дзе ўзяць бланк еўрапратакола? Бясплатна ў страхавых арганізацыях і нават на запраўках.

— Еўрапратакол значна эканоміць час удзель­ні­каў ДТЗ, спрашчае парадак яго афармлення, вызваляе вінаватага ў аварыі ад адміністрацыйнай адказнасці, а ў гэты час супрацоўнікі ДАІ акцэнтуюць увагу на прафілактыцы здарэнняў і выкананні іншых важных задач, — кажа Ганна Банадык. — Мы заклікаем вывучыць нюансы складання паведамлення аб ДТЗ, прымяняць і не баяцца яго.

А што кажа статыстыка? Выкарыстоўваецца еўра­пратакол у нас з 1 ліпеня 2010 года і меў тады ліміт у 200 еўра. За паўгода 2010-га ў краіне 517 ДТЗ было аформлена з дапамогай паведамлення аб ДТЗ — гэта 0,7 працэнта ад усіх ДТЗ. Паводле дадзеных Беларускага бюро па транспартным страхаванні, у 2011 годзе аформілі з еўрапратаколам 5515 ДТЗ — гэта 6,7 працэнта ад усіх ДТЗ. У 2012 годзе — 10,7 працэнта з паведамленнем аб ДТЗ, у 2013-м — 12,2, у 2014-м — 17,3, у 2015-м — 23,8, 2016-м — 28,2, 2017-м — 29 працэнтаў, летась 30,1 працэнта было аформлена з еўрапратаколам. У гэтым годзе, па дадзеных на мінулы тыдзень, зафіксавана 7856 ДТЗ, аформленых з паведамленнем без выкліку ДАІ, — гэта 33 працэнта ад усіх ДТЗ. Пры гэтым каля 25 працэнтаў ДТЗ штогод не могуць быць аформлены па еўрапратаколе з-за шкоды здароўю альбо ўдзельнікаў ДТЗ было больш за двое і гэтак далей. Дарэчы, у Беларускім бюро па транспартным страхаванні адзначаюць, што на іх сайце ёсць сэрвісы праверкі правільнага запаўнення паведамлення аб ДТЗ і наяўнасці дагавора страхавання, а да канца года з’явіцца навінка: мабільны дадатак афармлення паведамлення.

kasel@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter