Краязнаўца Алесь Зайка даследуе моўныя традыцыі жыхароў Івацэвіцкага раёна

Размовы паміж землякамі

Краязнаўца Алесь Зайка даследуе моўныя традыцыі жыхароў Івацэвіцкага раёна


Галоўныя славутасці краю: палац Пуслоўскіх, пабудаваны некалі побач з сядзібай бацькоў Тадэвуша Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына, паштовая станцыя ў Няхачаве, Свята-Успенская царква ў вёсцы Бабровічы, Агінскі канал… Гэта не ўсе прывабныя месцы аднаго з самых вялікіх раёнаў краіны. Пенсіянер з вёскі Заполле Алесь Зайка перакананы, што ніякі іншы рэгіён на Брэстчыне не жыве такім актыўным культурным жыццём, як Івацэвіцкі:

— Мы з Брэстам як з культурнай сталіцай будзем сёлета спаборнічаць. Я сабе выбраў ролю краязнаўцы. 

Алесь Фаміч — краязнаўца па стане душы. Па адукацыі — настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Цяпер — пенсіянер, але школу не забыў. Этнограф-аматар, пісьменнік — так вызначылі статус і шматгадовы занятак Алеся Зайкі ў Івацэвіцкім райвыканкаме, падпісваючы яму грамату з нагоды 75-годдзя раёна. 

The Palace of the Puslovsky family in Kossovo District
Палац сям`і Пуслоўскіх у мястэчку Косава

Няхай — аматар, але ніякі прафесіянал больш за Алеся Фаміча для захавання аўтэнтычнасці краю не зрабіў. У нядаўна выдадзенай кнізе “Населеныя пункты Івацэвіччыны” сельскі настаўнік выклаў усю знойдзеную ім у архівах інфармацыю пра вёскі:

— Альба, Аўсто, Быцень, Яцвезь — услухайцеся толькі. Я правёў пашпартызацыю 110 населеных пунктаў. 

У вёску Заполле ў госці да Алеся Зайкі прыехала на паўгадзіны, а як прайшоў адведзены час, і не заўва-жыла. Алесь Фаміч — выдатны апавядальнік. У рабочым кабінеце на стале ў сельскага пенсіянера — слоўнікі ды энцыклапедыі. У шафах — энцыклапедыі ды слоўнікі. На шафе да самай столі — аформленыя ў рамкі фотаздымкі. Алесь Зайка яшчэ і фатограф:

— Задумаў серыі. Кветкі, дрэвы, людзі, архітэктура. Першая выстава ўжо прайшла ў раённым музеі. Зямляк і сябар дзяцінства, вядомы паэт Алесь Разанаў прыдумаў подпісы. 

У сядзібе ў Косаве 4 лютага 1746 года нарадзіўся Андрэй Тадэвуш Бонавентура Касцюшка

— Што дае мне сілы, ведаеце? — нечакана цікавіцца Алесь Фаміч, прыжмурыўшы вочы. Сам адказвае: — Любоў! Без любові нічога не зробіцца. Любая работа з любоўю скранецца з месца. 
Кнігу пра вёскі раёна Алесь Фаміч прысвяціў жонцы Антаніне. Яна — гісторык. Першы чытач, наборшчык тэксту і карэктар. Галоўны дарадчык і рэцэнзент. 

Зайка нарадзіўся ў Заполлі, вучыўся ў Брэсце. Адслужыў у арміі і вярнуўся настаўнічаць. Усё жыццё нешта запісваў за людзьмі — прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, вясельныя выслоўі пры падзеле каравая, ласкавыя словы і непрыстойныя — “абзывалкі”. Ужо выдаў “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” і “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны” (Косава — гарадок, заснаваны яшчэ ў XV стагоддзі). У 2015 годзе выйдзе яшчэ адна кніга. 

У шафе ў Алеся Фаміча шмат канвертаў, у кожным з якіх некалькі дзясяткаў картак. Спачатку ўсё запісвае сюды. Адзначае, ці вядома такое слова-выраз навукоўцам, калі так — дае спасылкі на слоўнікі. 

Нечакана пытае: што такое “абора”? Маўчу.

— Гэта хлеў для кароў. “Шума” — ліставыя дрэвы, “гвост” — хвойныя. Неверагодныя словы. Сваяк, які выпівае, аднойчы мяса папрасіў для супу: “А то вада кіпіць і не гусьне”. Як сказаў! За такое гусі не шкада. Удзячны землякам, што ўсё захавалі. 

Легенд Алесь Зайка таксама многа сабраў. У 1974 годзе запісаў тую, якую ганарліва назваў “Аб паходжанні людзей па-беларуску”. Марфа Захараўна Шчурко з Заполля распавяла, чаму на зямлі “добрыя і ўсялякія людзі жывуць”. Сюжэт не біблейскі, але захапляльны: 

— У Адама і Евы было 7 сыноў і дачка. Кожны з сыноў хацеў з сястрой ажаніцца. Для прадаўжэння роду і жыцця. Адам загадаў ім зляпіць па гаршку. У першы пасадзіў дачку, у другі — мядз­ведзіцу, у трэці — авечку, у чацвёрты — курыцу, у пяты — гуску, у шосты — качку, у сёмы — змяю. Сыны выбралі па гаршку. Хто ўзяў у жонкі сястру, ад іх пайшлі добрыя і справядлівыя людзі. Хто мядзведзіцу — ад тых суровыя, маўклівыя. Хто авечку — ад тых людзі спакойныя і цярплівыя… І гэтак далей.

Кнігі Алесь Зайка выдае на свае грошы:

— Памалу прадаю маёмасць. Да 2009 года пісаў-пісаў, а як захварэў, так зразумеў, што кнігі трэба спяшацца выдаваць. Мне цяпер многія дапамагаюць. Кнігу пра населеныя пункты выдаў райвыканкам. Раённая газета публікуе мае краязнаўчыя артыкулы. 

Свой любімы занятак запольскі пенсіянер не кідае ні на дзень. У мясцовай школе арганізаваў этнаграфічны музей. Аддаў туды Біблію з палаца Пуслоўскіх, якую ў савецкія гады выкупіў за 100 рублёў. Праводзіць экскурсіі. Ён ніколькі не шкадуе, што жыве ў вёсцы. 

— Трымайцеся свайго “гайка”, не шукайце шчасця за морамі-акіянамі, — такая простая парада ад Алеся Зайкі. 

Валянціна Казловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter