Писатель Аркадий Мартинович прошел две войны, но сохранил поэтический взгляд на жизнь

Размова з берасцянкай

Сёння з нагоды 100-гадовага юбiлею ўспомнiм пiсьменнiка-франтавiка Аркадзя Марцiновiча. Найбольш былi ўсхвалены ягоныя ваенныя аповесцi i апавяданнi: ён сам сцвярджаў, што апiсаць падобнае магчыма, толькi перажыўшы. Вось некалькi цiкавых фактаў пра юбiляра.

Пачынаў з вершаў 

Нарадзiўся Аркадзь Марцiновiч 10 сакавiка 1920 года ў вёсцы Барбарова Глускага раёна. Бацькi былi звычайнымi сялянамi. Пасля глускай сямiгодкi, у чатырнаццаць, пачаў працаваць памочнiкам рахункавода, дыспетчарам аўтаатрада… Зразумела, што быў кемны. Лiтаратуразнавец Мiхась Мушынскi пiсаў: «Пачынаў ён, як i многiя яго равеснiкi, з вершаў, дзе ўспявалiся шырокiя гарызонты новай, калгаснай явы, услаўлялiся вызваленая праца савецкiх людзей, прыгажосць роднай прыроды. Некаторыя з гэтых па-юначы ўзвышаных, бадзёра-лозунгавых вершаў, вельмi далёкiх сваiм зместам ад сапраўднай рэальнасцi тае трагiчнай пары, пабачылi старонкi Глускай раённай газеты». Паэтычны дэбют адбыўся ў 1938 годзе. А сапраўдны, ужо стала-празаiчны, — значна пазней, калi была пройдзена вайна. 

Ваяваў у Фiнляндыi i рыў акопы каля Яснай Паляны 

Пасля вучобы ў Мiнскiм педагагiчным вучылiшчы Аркадзь паспеў папрацаваць настаўнiкам толькi некалькi месяцаў. У 1939 годзе яго забралi ў армiю, «прайшоў салдатам ад Куакалы да Выбарга». Напачатку на фiнскай вайне, потым на франтах Вялiкай Айчыннай. Каля Невеля Аркадзя Марцiновiча кантузiла, прызналi не годным да страявой службы. Патрапiў у будаўнiчыя войскi. Капаў акопы непадалёк ад Яснай Паляны. Але рваўся на фронт i пасля ваенна-пяхотнага вучылiшча ўжо лейтэнантам трапiў у самыя цяжкiя баi — пад Ржэвам, на Бранскiм фронце. 

Падчас журналiсцкай працы быў прыняты за шпiёна

Аркадзь Марцiновiч завочна скончыў унiверсiтэт i з 1946 года пачаў працаваць у газеце «Савецкi селянiн». Гэтую частку бiяграфii пiсьменнiк выкарыстаў у рамане «Цень крумкачовага крыла». 15 верасня 1946-га. Герой рамана, малады журналiст, прыязджае ў Косаўскi раён напiсаць, як адраджаецца пасля вайны мястэчка Бялавiчы. Ён павiнен тэрмiнова адаслаць у рэдакцыю рэдактару па мянушцы Голуб «шапку» будучага матэрыялу — загаловак. На пошце «напiсаў на шэра-зялёным тэлеграфным бланку: «Мiнск Савецкая 24 Голубу шапка У вёсцы адроджанага краю Сямак».

Фото bulavka.by

Далей пачынаецца дэтэктыў… «Тэлеграфiст, немалады мужчына ў вайсковай паношанай гiмнасцёрцы, з вялiкiм шрамам на шчацэ, доўга ўзiраўся ў напiсаны мною тэкст тэлеграмы». Ледзь зга­дзiўся адаслаць. Але высветлiлася, што тэлеграма так i не была адпраўлена. Адзiн з журналiстаў разгадаў сiтуацыю: «Звышпiльны работнiк, а ў сапраўднасцi балван. Ён палiчыў, што ты перадаеш нешта зашыфраванае: маўляў, што за шапка, ды яшчэ голубу, птушцы; няйначай, шпiёнскi тайнапiс...»
Усё, што напiсаў Аркадзь Марцiновiч, заснавана на фактах яго бiяграфii. 
Баяўся, што жонка пойдзе на сцэну

Аркадзь Марцiновiч быў жанаты з Леанiлай Сымонаўнай, таленавiтай прыгажуняй. Яна скончыла паралельна два iнстытуты — тэатральны i замежных моў. Як казала яе сястра, «да абеду — у адным, пасля абеду — у другiм. Моцна стамлялася, а каб не заснуць i ўсё вывучыць, ставiла тазiк з халоднай вадой i ногi ў яго апускала». Лiле абяцалi блiскучую тэатральную кар’еру… Але Аркадзь Марцiновiч баяўся ўявiць, як жонка апынецца на сцэне з iншымi мужчынамi. Леанiла Сымонаўна стала вядомым беларускiм лiнгвiстам. Дарэчы, сын Аркадзя i Леанiлы Марцiновiчаў Павел зрабiўся пiсьменнiкам i перакладчыкам.

Аркадзь Марцiновiч з каханай жонкай Леанiлай.

Умеў любавацца жыццём

Аркадзь Марцiновiч займаў важныя пасады: быў адказным сакратаром Камiтэта па Дзяржаўных прэмiях БССР, лiтаратурным кансультантам СП БССР, галоўным рэдактарам выдавец­тва «Мастацкая лiтаратура». Пры гэтым захоўваў паэтычны погляд на жыццё. У дзённiкавай прозе пiсьменнiка Васiля Зуёнка ёсць зацемка пра суседзяў па лецiшчы: «Бачыў, як iшлi з лецiшча на Лысай гары Аркадзь Марцiновiч з жонкай Леанiлай Сымонаўнай… Iшлi яны неяк далiкатна, быццам на шпацыры. Як бы i не тычылася iх, што недзе там, за ляском, ёсць паўстанак Зялёнае, i ёсць (хутка будзе!) электрычка, i яе — ого! — нi ў якiм разе нельга прапусцiць… А iшлi яны сапраўды прыгожа — якраз у тым рытме i тэмпе, што дыктавалiся настроем i музыкай летняга надвячорка. Iшлi, i любавалiся, i слухалi. Гаманiлi пацiху, прыпынялiся — цi то над квяцiнкай з бухматаю чмялiнай песняй, цi то перад берасцянкай, што на хвiлiнку выскачыла з гнязда, як звалiлася, на сцежку — перахапiць што-небудзь дзеля вячэры... Здаецца, замiралi яны, гледзячы на птушку, каб не спалохаць. А можа, нават, каб i спытацца пра нешта — пра яе, птушынае…»

Аркадзь Марцiновiч пражыў доўгае жыццё, ён памёр у 2009 годзе.

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter