Молодые специалисты, которые распределены в небольшие города и деревни, — о первых впечатлениях

Размеркавацца ў Глуск і пачаць новае жыццё...

Ці ў Брагін — там таксама адкрываюцца цікавыя перспектывы

Студэнцкi фальклор захоўвае шмат легенд пра тое, як праходзiць размеркаванне ва ўнiверсiтэце. Найбольш часта з вуснаў моладзi можна пачуць, як аднаго з выпускнiкоў адправiлi працаваць, напрыклад, у Глуск цi Брагiн. Сюжэт, з некаторымi дробнымi варыяцыямi, такi: пасля доўгага i нуднага падарожжа да месца прызначэння небараку чакала нешта страшнае, нават i словамi не перадаць. Што ж, праверым, цi актуальныя легенды i казкi былых пакаленняў беларускага студэнцтва сёння. Тым больш зусiм нядаўна маладыя спецыялiсты пачалi працоўны шлях у розных кутках Беларусi, а значыць, можам пачуць тую праўду, якая ёсць, з першых вуснаў.

Ангеліна Рудаева. Вікторыя Лешчанін.
Таццяна Хадасок.
Вікторыя Грушэнка.
Глуск — не самы вядомы раённы цэнтр у краiне. I ў пэўнай меры незаслужана. Так, ён невялiкi, там усяго крыху больш за сем тысяч чалавек. Але ж знаходзiцца непадалёк ад эканамiчна моцнага Бабруйска, ды i да Мiнска мясцовым жыхарам блiжэй, чым да любога з абласных цэнтраў. Чаму ж тады менавiта Глуск сярод студэнтаў мае не лепшую славу? Магчыма, нейкую ролю ў гэтым адыграла сугучнасць яго назвы са словам «глуш». Высветлiм, як яны самi глядзяць на такую акалiчнасць.

У Глускi раён размеркавана 53 маладыя спецыялiсты, чатырнаццаць з iх — у сельскую мясцовасць. Сярод iх урачы, аграномы, настаўнiкi, iнжынеры. Як расказалi ў Глускiм раённым выканаўчым камiтэце, стартавыя ўмовы адрознiваюцца ў залежнасцi ад арганiзацыi:

— Усiм маладым спецыялiстам выплачваюцца грошы, якiя пры­значаны дзяржавай. У лiстападзе менавiта для iх пачнецца будоўля першага дома з арэнднымi кватэрамi. Зараз многiя жывуць на здымных, па калектыўных дамовах часткi арганiзацый прадугледжана кампенсацыя выдаткаў. Пераразмяркоўваюцца рэдка. У гэтым годзе такiх выпадкаў тры: дзяўчаты выйшлi замуж i паехалi працаваць па месцы жыхарства мужоў, — адзначае галоўны спецыялiст аддзела iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Таццяна Мельнiкава.

Ангелiна Рудаева скончыла агранамiчны факультэт БДСГА i ў сярэдзiне жнiўня пачала працоўны шлях у ААТ «Аграфiрма «Слаўгарадскi» Глускага раёна. Сустрэлi тут дзяўчыну добра, сёння яна працуе на пасадзе агранома-хiмiка.

— Да мяне паставiлiся з увагай. Выдзелiлi арэндную кватэру, сама буду аплачваць толькi камунальныя паслугi, — гаворыць Ангелiна. — Хачу адзначыць таксама прывабныя ўмовы працы, добры калектыў. Аклад даволi высокi — 1500 рублёў. Зрабiла выбар самастойна i не памылiлася, усё задавальняе.

У гiмназii Глуска настаўнiцай малодшых класаў працуе Вiкторыя Лешчанiн. Упершыню з гэтай установай дзяўчына пазнаёмiлася ў лютым: тады для яе правялi экскурсiю, расказалi пра ўмовы працы. У Глуску маладому педагогу спадабалася. Быў у дзяўчыны i асабiсты фактар, якi моцна паўплываў на выбар: тут жыве i працуе яе каханы. Вiкторыя не разумее тых, хто баiцца размеркавацца ў Глуск:

— Сустрэлi мяне цудоўна. Калектыў душэўны! Дырэктар асабiста сачыў за тым, каб мне, як маладому спецыялiсту, своечасова зрабiлi ўсе выплаты. Прапаноўвалi таксама кватэру, але мы з маладым чалавекам здымаем самi. Ёсць i бонусы: можна браць абанементы ў басейн i фiтнес-залу. Аклад, канешне, невысокi, але была да гэтага гатова. Не згодна, што ў Глуску дрэнна. Тут пачалося новае жыццё.

Як можна зразумець, маладыя спецыялiсты ў Глуску не расчароўваюцца. Умовы iм прапануюцца розныя, улады робяць усё, каб нават пасёлак мог зацiкавiць i прывабiць маладых i iнiцыятыўных.

Не засталася па-за нашай увагай i Гомельская вобласць. Брагiн, якi таксама часта фiгуруе ў студэнцкiм фальклоры, невялiкi. Што ж ён можа прапанаваць выпускнiкам?

У гэтым годзе Брагiнскi раён прыняў 48 маладых спецыялiстаў. Пятнаццаць з iх засталiся ў гарадскiм пасёлку, астатнiя выправiлiся працаваць у вёску. Папоўнiлiся iмi сфера адукацыi, аховы здароўя, лясная i сельская гаспадаркi, гандаль, рэдакцыя раённай газеты. Нiводзiн з выпускнiкоў не пераразмеркаваўся. I ўвогуле, як адзначылi ў Брагiнскiм райвыканкаме, за апошнiя пяць год паказчык замацоўвання маладых спецыялiстаў пасля адпрацоўкi вышэйшы за 80 працэнтаў. З унiкальных бонусаў, якiх няма, напрыклад, у Глуску, гэта выплаты ў памеры 200 базавых велiчынь выпускнiкам устаноў адукацыi, накiраваным на працу на тэрыторыю радыеактыўнага забруджвання пры ўмове заключэння пяцiгадовага кантракта. Таксама ад Беларусбанка маладыя спецыялiсты могуць атрымаць трохпрацэнтны крэдыт.

Таццяна Хадасок адчула прыемнасць бонусаў на сабе. Дзяўчына родам з Мазыра, але ў родным горадзе знайсцi вакансiю дыпламаванаму iнжынеру па ахове працы аказалася праблематычна. Таму для размеркавання выбрала ААТ «Камарынскi» Брагiнскага раёна:

— Ад гаспадаркi далi двухпакаёвую кватэру ў новым доме. Першая зарплата склала 870 рублёў, выплацiлi пад'ёмныя. Таксама заключыла пяцiгадовы кантракт. Усё падабаецца i ў прафесiйным, i ў побытавым плане. У мяне тут родныя, таму сумаваць не даводзiцца, — расказала дзяўчына.

Непадалёк ад Брагiна асталявалася Вiкторыя Грушэнка — яна выкладае нямецкую мову ў Буркоўскай сярэдняй школе. Сама вырасла ў Брагiне, тут знайшла i сваё каханне. Дзяўчына адзначае, што вёску выбiрала мэтанакiравана:

— Нiколi не хацела застацца ў вялiкiм горадзе, таму i разглядала варыянты непадалёк ад Брагiна. У Бурках пачала працаваць яшчэ вясной. Трэба было замянiць настаўнiцу, якая пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Ва ўнiверсiтэце пайшлi насустрач, аформiлi iндывiдуальны графiк навучання. З першага дня ў калектыве мяне ўспрынялi як роўную, але гэта не значыць, што з усiмi нюансамi трэба было разабрацца самастойна. Заўсёды магу параiцца з калегамi.

Заробак дзяўчыну задавальняе, а адным з галоўных плюсоў працы ў вёсцы Вiкторыя называе людзей:

— Вясной атрымлiвала 700—800 рублёў, цяпер заключыла кантракт на пяць гадоў, а гэта дадатковыя выплаты. Хоць i даводзiцца кожную ранiцу з калегай ездзiць у вёску з Брагiна, дзе жывём з мужам, задаволена працай. Для мяне вясковая школа — гэта добры калектыў, спакойная атмасфера.

Што са сказанага вынiкае? Фальклор, ён i ёсць фальклор. Гэта той выпадак, калi студэнцкая байка жыве дзесяцiгоддзямi, а само жыццё на месцы не стаiць. Хто будзе спрачацца з тым, што за гады незалежнасцi наша краiна змянiлася непазнавальна, а менавiта маленькiя гарадкi i пасёлкi сiлкуюць яе прыгажосць? Магчыма, нехта з выпускнiкоў калiсьцi i атрымаў негатыўны вопыт пры размеркаваннi ў Глуск цi Брагiн, але ж нашы героi даказваюць, што нават у самых невялiкiх раёнах маладыя спецыялiсты добра ўладкоўваюцца, з iмпэтам працуюць i ўвогуле камфортна жывуць, а са студэнцкiх легенд толькi пасмейваюцца.

Алёна КУХАРАВА, студэнтка факультэта журналiстыкi БДУ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter