Разменная манета

Узрастанне геапалітычнай напружанасці паміж вядомымі сусветнымі гульцамі і сіламі ўплыву цяпер навідавоку
Узрастанне геапалітычнай напружанасці паміж вядомымі сусветнымі гульцамі і сіламі ўплыву цяпер навідавоку. Прычым заканамерна і тое, што больш актыўна гэта выяўляецца сёння ў краінах, дзе ўзніклі лакальныя канфлікты альбо вядуцца баявыя дзеянні з удзелам шырокіх міжнародных сіл, існуе небяспека аднаўлення замарожаных войнаў. Скажам, на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, на Еўрапейскім субкантыненце і тэрыторыі былога СССР. Нават Алімпіяда ў Рыа-дэ-Жанейра стала разменнай манетай у вялікай палітыцы і, па сутнасці, нячыстай гульнёй сучаснага блокавага супрацьстаяння. У стылі халоднай вайны.      

На фоне згаданых навін, і ў тым ліку з-за глабальнага ўзрастання пагрозы міжнароднага тэрарызму, ствараюцца і ўзмацняюцца палітычныя і эканамічныя саюзы, адраджаюцца новыя-старыя фарматы ваенна-палітычнага ўзаемадзеяння. На шырокай еўразійскай прасторы свае намаганні аб’ядноўваюць Іран, Расія, Азербайджан, Турцыя, Кітай, многія іншыя. У Еўропе і на амерыканскім кантыненце ваенную магутнасць назапашваюць ЕС і ЗША, а пад іх непасрэдным кіраваннем Паўночнаатлантычны альянс.    

Дарэчы, тая ж Турцыя (уваходзіць у блок НАТА), пайшоўшы на ўсебаковае збліжэнне з Масквой, днямі выказала ультыматум Еўрасаюзу па  бежанцах. Лейтматыў: Анкара не будзе выконваць абавязацельствы ў межах міграцыйнага пагаднення з ЕС, калі еўрачыноўнікі канчаткова не вызначацца з датай адмены шэнгенскіх віз для турэцкіх грамадзян. 

Не трэба быць вялікім аналітыкам, каб не ўбачыць спробы расхістаць “у свой бок” сітуацыю ў ваюючай Сірыі і Іраку, у неспакойнай  Украіне. Так, адзін з ранейшых босаў ЦРУ Майкл Морэл публічна заявіў:  за Сірыю павінны заплаціць іранцы і рускія, іх трэба тайна забіваць... Ён лічыць: гэта дазволіць “націснуць” на Дамаск, Маскву і Тэгеран дзеля дыпламатычнага ўрэгулявання сітуацыі. 

Што датычыцца нядаўняй рэзананснай спробы замаху на жыццё лідара ЛНР Ігара Платніцкага, версій інцыдэнту шмат. Аднак відавочна наступнае: шэраг палітыкаў пакуль не зацікаўлены ва ўмацаванні мірнага працэсу ва Украіне і ажыццяўленні Мінскіх пагадненняў. Тым больш адбываецца гэта падчас узмацнення абстрэлаў часткі тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей і можа прывесці да аднаўлення поўнамаштабнай вайны ў Данбасе.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter