Размаўлялі нашы сэрцы

Бабруйск прыняў форум народнай творчасці «Вянок дружбы»

Міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы» ў Бабруйску аб’яднаў гаспадароў і гасцей

Фестываль праводзіўся дзясяты раз і сабраў творчыя калектывы з 15 краін свету, упершыню ўдзельнічалі ў ім прадстаўнікі Францыі, Індыі, Літвы.

Зрэшты, лепей пра такое адметнае свята раскажуць яго ўдзельнікі.

Ян СЫЧЭЎСКІ, кіраўнік польскай дэлегацыі, старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў гэтай краіне:

— У Беларусі мне давялося бываць тройчы, у Бабруйску — упершыню. Горад уразіў сваімі маштабамі (чаго толькі варты Лядовы палац, Бабруйская крэпасць!). Нам не патрэбны былі перакладчыкі, усе члены нашай фальклорнай групы добра гаварылі па-беларуску. Ды што там, размаўлялі нашы сэрцы, душы — разумелі адзін аднаго без слоў. Песні дапамагалі, якія мы выконвалі на польскай, беларускай мовах.

Лi ХЕ ІРОНЬ, прадстаўніца кітайскай дэлегацыі:

— Для нашага ансамбля песні і танца з горада Ухая Унутранай Манголіі (КНР) гэта першая замежная камандзіроўка. Пералёт заняў 16 гадзін! Канешне, стаміліся, але калі прыбылі ў Бабруйск, адчулі цеплыню і зычлівасць гаспадароў, усё гэта бы рукой зняло! Адно з нашых першых выступленняў — у санаторыі імя Леніна. Як зычліва прымала нас публіка, а калі пачалі выконваць песню «Ой, рябина кудрявая», гледачы падхапілі яе — незабыўнае ўражанне! Беларусь падалася нашым артыстам казачнай, з такой адметнай прыродай, прыветлiвымі людзьмі.

Нестар ВІЛОРЫЯ, кіраўнік венесуэльскай групы «Цераканта»:

— Горад нас сустрэў з усёй шчырасцю, нават з надвор’ем пашанцавала, якое нагадвала лацінаамерыканскае. Падалося, мы тут даўно. Тым больш прыемна было ўсведамляць, што збліжэнне ідзе на дзяржаўным узроўні. Мы, работнікі культуры, гатовы яго падтрымліваць.

Бахар АКСАН, Асацыяцыя універсітэцкіх маладзёжных клубаў г. Анкары (Турцыя):

— Мы, можна сказаць, прапісаліся ў Бабруйску, ніводзін «Вянок дружбы» не прапускаем. Рыхтуемся на працягу года. Заўжды прывозім нешта новенькае. Дэлегацыя заваявала на конкурсе-аглядзе фестывалю Гран-пры, і нам, як пераможцам, уручылі драўлянага зубра — сімвал вашай краіны.

На здымку: фестывальны Бабруйск.

Фота: Аляксандр АНТАШКЕВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter