Ражджаство Тваё, Хрысце Божа наш, азарыла свет святлом ісціны...

ФІЛАРЭТ, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Узлюбленыя  ў  Госпадзе  архіпастыры,  пастыры,

манахі  і  ўсе  верныя  дзеці  Беларускай  Праваслаўнай  Царквы!

Cёння нашы сэрцы азораны радасцю аб уцялесненым Сыне Божым. Святло ісціны — Бог наш Іісус Хрыстос — ззяе ўсяму свету праменнямі Каляднай зоркі. Яго ўсхваляюць Сілы Нябесныя, Яму пакланяецца прыгажосць зямлі. Мора ўбачыла і пабегла; Іардан павярнуўся назад (Пс. 113: 3), — такім убачыў прарок лікаванне прыроды, якая сустракае нованароджанае Богадзіця.

Разумеючы гэтае сапраўды сусветнае значэнне Бога-ўцялеснення, мы ў той жа час адчуваем, што яно звернута да кожнага з нас. Ад валхва, носьбіта ўлады і ведаў, да сціплага пастуха — кожны закліканы пачуць Добрую вестку. I гэта таму, што сэрца чалавека — аснова, на якой трымаецца добраўладкаванне свету і з якой, наадварот, пачынаецца яго разбурэнне.

Гасподзь стварыў нас паводле Вобраза Свайго, каб мы былі падобнымі да Яго. Але цуд тварэння чалавека заключаецца ў тым, што Бог дае нам магчымасць самім вызначыцца: жадаем мы ісці да богападабенства ці не. Свабода — гэта найвялікшы дар, але і нялёгкі цяжар для тых, хто не гатовы зразумець яе як умову любові.

Уцялесненне Хрыста Сына Божага — свабоднае дзеянне любячага Бога. I яго сэнс — аднавіць свабоду чалавека ў зваротнай любові.

Евангеліст Лука апавядае, як Святое Сямейства, выйшаўшы з Назарэта для ўдзелу ў перапісе, шукае прытулку ў Віфлееме. I мы бачым за гэтым апісаннем, як Гасподзь шукае месца, каб явіць Сябе. Але ўсе віфлеемскія дамы аказваюцца занятымі.

Што можа быць больш красамоўным? Дамы і пакоі, якія з’яўляюцца вобразамі чалавечай душы, запоўнены. I не так ужо і важна — хто пасяліўся там, якімі думкамі і пачуццямі запоўнены душы, калі ў іх не знаходзіцца месца для Тварца.

Але вось цуд міласэрнасці Божай! Абраўшы Сабе Маці — пакорлівую Дзеву, — Ён не грэбуе быць народжаным у вярцепе, у звычайным загоне для жывёлы. Нават калі род чалавечы не гатовы да ўрачыстай сустрэчы Бога, Ён усё роўна прыйдзе, убраны ў лагоднасць і пакору! «Тайна нарадзіўся Ты ў пячоры, — сведчыць Царква і адразу ж дадае: — але неба пра Цябе ўсім абвясціла» (вялікая вячэрня, трапар, глас 6).

Богаўцялесненне асвячае пячору нашага ўнутранага свету, ствараючы з яе царскія хорамы. Як пяецца на святочным богаслужэнні: «Настаў час нарадзіць, і не было нідзе месца для начлегу; але, як хорам прыветны, пячора Царыцы была паказана» (трапар шостай гадзіны навячэр’я Ражджаства Хрыстовага).

Любоў Бога, даходзячы да крайняй пакоры, чакае ад чалавека кроку ў адказ. Але, звяртаючыся да сведчання евангеліста Матфея, мы высвятляем, што Ражджаство Хрыстова не ўсім прынесла радасць. Рэўнасць і зайздрасць, народжаныя ганарлівасцю, не дазволілі прыняць Добрую вестку цару Іраду. Больш за тое, ён імкнецца зрабіць усё, каб не дапусціць уваходжання Бога ў гістарычную плоць свету, — Ірад загадвае забіць усіх немаўлят, народжаных у Віфлееме.

Чаму ж сэрца чалавека так па-рознаму рэагуе на яўленне Святла, на прыход у свет Тварца? У аскетычнай літаратуры сілы нашай душы часам параўноўваюцца з жывёламі. Вол і асёл з Віфлеемскай пячоры, якіх мы бачым на іконах, пакорліва прызналі ў Богадзіцяці свайго Гаспадара. Але мы ведаем таксама пра аспіда і васіліска (гл. Пс. 90: 13), якія жывуць у сэрцы чалавека. Менавіта пра іх у Пісанні гаворыцца: з сэрца выходзяць злыя помыслы, забойствы, пралюбадзействы, блуд, крадзяжы, ілжывыя сведчанні, блюзнерствы (Мф. 15: 19).

Таму, стоячы сёння перад яслямі Хрыста, нам трэба разгледзець рухі ўласнага сэрца. Што ў ім: пакорнасць ці нараканне, услаўленне ці прыкрасць, падзяка ці жаданне абразіць бліжняга?

Многія мудрацы спрабавалі аблегчыць чалавеку гэты страшны цяжар выбару, падказваючы і тлумачачы неабходнасць трымацца дабра. Але наша сэрца ведае: сапраўдны выбар заўсёды адбываецца ў адзіноце, і за нас яго не здзейсніць ніхто іншы. Сацыяльны статус не здымае адказнасці за прынятыя рашэнні, роўна як і адсутнасць статусу не апраўдвае нерашучасці і пасіўнасці перад абліччам зла.

Сёлета  ва  ўсім  свеце  будзе адзначана 1700-годдзе рашэння, якое сапраўды змяніла ход гісторыі. У 313 годзе імператар Канстанцін выдаў знакаміты Міланскі эдыкт, пасля гэтага пачалося паступовае станаўленне хрысціянства ў якасці дамінуючай рэлігіі Рымскай імперыі. Гэтае рашэнне было прынята не выпадкова: яно ажыццявілася на фоне і пад уздзеяннем пэўных палітычных, эканамічных, грамадскіх абставін. Але Царква ўбачыла, што ўсе грані гэтага рашэння былі асвячоны асабістай вернасцю імператара Хрысту, і менавіта таму праславіла Канстанціна ў ліку святых.

Гады ішлі, і разам з несумненнымі дабротамі, прынесенымі Царкве Міланскім эдыктам, стала відавочна, што ў асяроддзі хрысціян вера пачала паступова астываць. Хрысціянства выбіралі не толькі як шлях спасення, але і як знак лаяльнасці да ўлад, дзеля доступу да дзяржаўных прывілеяў.

Дарагія браты і сёстры! Кнігу гісторыі пішуць чалавечыя сэрцы. I тое, што адбывалася 1700 гадоў таму, адбываецца і ў нашы дні.

Дзякаваць Богу, у Беларусі добрыя адносіны паміж дзяржавай і Царквой. Мы развіваем супрацоўніцтва, будуючы адносіны на грунце маральных каштоўнасцей. Але сёння важна памятаць, што хрысціянства мае справу не толькі з супольнасцямі людзей: яно звернута да кожнай асобы. Гасподзь чакае ад нас рашэння: ці ўпусцім мы Яго ў наша сэрца, ці яно будзе занята клопатамі веку гэтага. Ці ёсць у нас золата веры, ладан малітвы і смірна пакаяння (гл. Мф. 2: 11), каб дастойна сустрэць Тварца?

На гэтыя пытанні кожны адказвае сам. Але сёння хочацца ўсіх заклікаць пакланіцца Хрысту, каб плады Яго любові адчуваліся ў кожным доме, у кожнай сям’і. Вось гэтыя плады: любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрнасць, вера, лагоднасць, устрыманасць (Гал. 5: 22, 23).

Кожны чалавек хоча любіць і быць любімым. Няхай жа гэтыя святыя дні Нараджэння Госпада ў плоці стануць для нас нагодай падзяліцца багаццем нашых душ з бліжнімі. Няхай Віфлеемская зорка пакажа кожнаму з нас шлях да сэрцаў нашых родных і калег, нашых суседзяў, сяброў і ворагаў, бо там, у сэрцы, — Хрыстос Бог наш. Пакінем ранейшыя крыўды і горыч і накіруемся ў будучыню. Бо з намі Бог, Яму належаць і час, і прастора. Дзе Дух Яго любові, там і дом наш.

Яшчэ і яшчэ вітаю вас, дарагія беларусы, якія жывуць за межамі Айчыны, і жадаю вам адчуць у гэтыя святочныя дні адзінства народа Божага, над якім не маюць улады ніякія адлегласці.

Мір вам ад Госпада, дарагія браты і сёстры!

Хрыстос нарадзіўся! — Бог уцялесніўся!

Хрыстос пасярод нас! — I ёсць, і будзе!

Благаславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости