Разьбяр з божай ласкі

Іканастасы работы майстра з Жыровіч упрыгожваюць храмы не толькі ў Беларусі, але і за мяжойЗаходзячы ва Успенскі сабор Жыровіцкага манастыра на паклон цудатворнаму абразу, вы, натуральна, і не здагадваецеся, што многія з аздоб царквы ў стылі барока выкананы не ў даўнейшыя часы, а сучаснымі майстрамі. Так тонка паўтарыць узоры старажытнабеларускай разьбы, якая некалі лічылася найдасканалейшым з мастацтваў апрацоўкі дрэва ва ўсёй Усходняй Еўропе, зрэшты, могуць і цяперашнія майстры. Бацька і сын Віктар Фёдаравіч і Андрэй Віктаравіч Малажавыя засвоілі сакрэты папярэднікаў і адраджаюць разьбярскую культуру.

Андрэй цяпер сталы жыхар Жыровіч Слонімскага раёна. Тут яго майстэрня, дом, сям’я. За дзесяць год, што Малажавы-малодшы працуе разьбяром, ён набыў вядомасць і ў нечым нават перасягнуў бацьку.
Хаця ніякі шэдэўр не можа зацямніць галоўнай работы старэйшага прадстаўніка дынастыі, якая пакуль што складаецца з двух чалавек. Віктар Фёдаравіч, які жыве ў Камянцы Брэсцкай вобласці, стварыў ківот для іконы Маці Божай Жыровіцкай. Гэтая “рамка”, або па-царкоўнаму ківот (з грэчаскай мовы — скрыня), добра вядома як шэдэўр мастацтва: выразаная з дрэва ў стылі барока, яна яшчэ і пазалочана, а там-сям пакрыта плацінай. Наша газета, бадай, упершыню называе імя таго, хто выразаў з дрэва карункавы “абклад” іконы.
Малажавы-малодшы пяць год пражыў у Жыровіцкім манастыры, нават рыхтаваўся да пострыгу ў манахі. Калі ў краіне пачала адраджацца вера, у занядбаныя храмы сталі вяртацца святары, прыходзіць людзі, паўстала вялікая праблема: трэба было з нуля аднаўляць інтэр’еры.  Рукі Андрэя выразалі з дрэва для людзей ужо больш за сотню твораў дэкаратыўна-прыкладнога храмавага мастацтва. Кажу “для людзей”, а Андрэй папраўляе: “Для Бога”.
— Няважна, што іканастасы выразаю менавіта я. Гордасць за ўласны талент — гэта грэх. Бо свае здольнасці я атрымаў ад Бога. Чалавек мусіць быць сціплым і дзякаваць Усявышняму, што той надзяліў яго талентам.
З гэтай прычыны аўтарства таго або іншага майстра можна вызначыць толькі па стылі твора. Сваіх імён стваральнікі шэдэўраў не пакідаюць на зробленых імі рэчах. Стыль Малажавага пазнае кожны, хто хоць раз пабываў у яго майстэрні. Андрэй любіць раслінныя матывы. Гэтым самым ён працягвае забытую на стагоддзі традыцыю беларускай разьбы па дрэве, якую некалі асабліва шанавалі ў Расіі. У XVII стагоддзі патрыярхі маскоўскія запрашалі нашых майстроў у свае палацы, храмы. Дый цяпер прыходзяць заказы ад усходніх суседзяў. “Бо беларус зробіць якасна і танна”, — з гонарам (і тут гэтае пачуццё абсалютна дарэчнае) за сябе і калегаў па цэху сцвярджае Андрэй.
З часам Малажавы-малодшы мусіў быў заснаваць нешта накшталт арцелі пры манастыры, дзе разам з ім працуюць іншыя майстры. Адзін чалавек, які б ён таленавіты ні быў, не можа падзяліцца плёнам свайго генія з усімі жадаючымі. Адзінае выйсце — навучыць іншых і разам працягваць агульную справу. Хай гэта не гучыць дзіўна, зважаючы на Андрэеў век — трыццаць год.
На рабочым стале ў майстэрні разьбяра я разглядаю эскізы іканастасаў для розных храмаў Беларусі, Расіі і нават краін Захаду. Так-так, у традыцыйна каталіцкіх і пратэстанцкіх краінах таксама ёсць праваслаўныя вернікі і цэрквы. І разьба, выкананая беларусамі, вельмі цэніцца і сёння за мяжой — слава пра нашых суайчыннікаў дайшла нават да Аўстраліі! Адзін з твораў, які неўзабаве зойме пачэснае месца ў храме, — іканастас для смаргонскага сабора.
Як майстар атрымлівае заказ? Андрэй тлумачыць “фармальны” бок сваёй работы:
— Работа пачынаецца з благаславення святара. Кожны са свяшчэннікаў мае свой падыход да таго, як мае быць аздоблены храм, у якім стылі. Ёсць тыя, хто строга пільнуецца візантыйскага канона, — тады іканастас аздабляецца не вельмі багатай разьбой, акцэнт робіцца на абразах. Набраўшыся вопыту, я і сам магу падказаць настаяцелю, у якім стылі лепш выканаць аздабленне храма, дзе зрабіць акцэнт на тым або іншым дэкаратыўным элеменце, а дзе — на іконе.
Колькі ж часу трэба на тое, каб стварыць такую красу? Для маленькага храма іканастас мастак выража і за месяц, а для вялікага сабора можа працаваць ажно тры гады, дый не адзін ужо, а цэлаю камандай.
На першы погляд, разьба па дрэве — тытанічная праца. Але Андрэй так не думае:
— Калі вы добра абазнаны ў сваёй прафесіі — вам усё тое, што вы робіце, здаецца простым. Ці не так? — пытаецца разьбяр.
— Натуральна, — згаджаюся. — А таму, хто не ведае сакрэтаў майго рамяства, усё простае бачыцца геніяльным.
— Дык і ў маёй рабоце трэба мець інструменты і спрыт — і ўсё складанае стане элементарным.
— А яшчэ трэба мець залатыя рукі, бо мне ваша работа ўсё роўна здаецца вялікай таямніцай, я так і не магу звыкнуцца, што выразаць дзівосныя ўзоры з дрэва — гэта “элементарна, Ватсан!”
Андрэй тым часам на маіх вачах дэманструе сваю “геніяльна простую” тэхніку. Бярэ доўгія вузкія дошкі, склейвае іх у адну шырокую.
Затым майстар наносіць на драўляную аснову малюнак алоўкам. Эскіз гатовы. Андрэй бярэ разец і сапраўды лёгка выводзіць па дрэве ўзоры з дзівоснымі завітушкамі і фінціфлюшкамі. Праз колькі гадзін такога “чаравання” перада мною паўстае шэдэўр — царскія дзверы для іканастаса. Магчыма, калісьці гэтым творам будуць захапляцца не толькі вернікі, але і мастацтвазнаўцы ды эстэты. Цуд! Хараство! — толькі і застаецца ўсклікнуць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter