Разбудзi мяне, дождж

Сярод ночы я прачнуўся, нешта мяне разбудзiла. Прыслухаўся. За акном шапацiць. Ага, iдзе дождж...

Сярод ночы я прачнуўся, нешта мяне разбудзiла. Прыслухаўся. За акном шапацiць. Ага, iдзе дождж. Падымаюся, выходжу з хаты i адразу ж акунаюся ў лёгкi, спакойны шум. Падстаўляю пад дождж сваю руку i адчуваю, як на яе падаюць дробненькiя лёгкiя кропелькi. Дождж густы, лагодны, i ўся вёска пад яго начным покрывам спiць цiха-цiха.

Дождж не перастаў да ранiцы, iдзе ўвесь дзень. Я бачу, як ажылi пад яго свежай пяшчотай дрэвы, травы, познiя асеннiя кветкi.

Для мяне дождж цiкавы заўсёды. Вясною, калi ён шчодра поiць глебу i засеяныя збажыной палет­кi, якiя ад такой ласкi i сiлы рассцiлаюцца шырокiм зялёным абрусам. Ад свежаўзаранага поля падымаецца цёплая пара. Летам, калi пасля спякоты насунецца цяжкая хмара i ўсё навокал насцярожана прыцiхне, чакаючы, што яна прынясе. I вось паветра, густа настоенае на водары кветак i траў, раптам праткнулi першыя буйныя кроплi. А потым усё наваколле зашумела, загуло, густа страпянулася ад раскатаў грому. I дрэвы стаяць у шэрай смузе, а танканогiя бярозкi, што растуць на нашым лузе, з задавальненнем купаюцца ў свежым чыстым дажджы.

Дождж, калi ён да пары i ў меру, на вёсцы жаданы заўсёды. Нездарма ж мноства народных прымавак арганiчна спалучылi ў адно дождж i ўраджай. Паслухайце, паважаныя чытачы, некаторыя: «Вясною дожджык з неба — дзякуй Богу, будзем з хлебам», «У спёку не лянiся — дажджу памалiся», «Пасееш пад дождж азiмае жыта — летам добры прыбытак».

I ўсё ж асабiста мяне найбольш хвалюе менавiта асеннi дождж, такi, як у тую ноч i дзень, пра якiя гаворка. Не буйны, не шумлiвы, а цiхi, спакойны, лагодны. Хто-колечы кажа: «Што за надвор’е восенню: заладзiць дождж — адна нудота». А я думаю, што ў гэтым i ёсць прыроднае хараство, мудрасць i сiла. Для чалавека ж, якi прыроду любiць, — свая асалода. Прызнаюся, як толькi праходзiць восенню такi дождж, у мяне з’яўляецца лiрычны настрой. Сэрца хвалююць розныя ўспамiны, бо ў лёгкiм пошуме дажджу адчуваю подых часу. Думаю пра мiнулае i сучаснае. Дождж знiтоўвае гэтыя паняццi ў адно цэлае i непарыўнае.

Нядаўна такi дождж застаў мяне ў лесе. Вырашыў не спяшацца дамоў, а сеў пад вялiкай старой бярозай, якая апранула сваё залатое ўбранне. Прытулiўся да дрэва i адчуў яго цеплыню. Быццам апынуўся ў чароўнай казцы. Дождж цiха шапацеў у вершалiнах, а мне чулася музыка. Праз нейкi час з гнуткiх галiнак дрэва пачалi падаць дробненькiя кроплi, нiбы слёзы. Здавалася, бяроза плача адтаго, што вось i мiнула яе самая лепшая пара ў годзе, наперадзе — суровая зiма. Шапацеў дождж, плакала бяроза, цiха i па-свойму велiчна было ў лесе...

Выйшаў да поля, дзе густа бралася азiмае жыта. Насустрач па вузенькай сцяжынцы паволi крочыць бабуля з нашай вёскi. «Не пашанцавала вам, пад дождж трапiлi, — кажу. — Вось як прамоклi». — «Нiчога, у хаце маё адзенне высахне, — адказвае. — Я вось на рунь гляджу. Як ажыла яна пад цёплым дожджыкам. Заўсёды так восенню, абавязкова падыду да поля, дзе азiмiна. Пастаю, палюбуюся —  i на сэрцы стане весялей. Гэта ж наша жыццё — восеньскi дождж над полем...»

А што прыйшло ў маё сэрца ў тую дажджлiвую ноч i дзень?

Разбудзi мяне, дождж, разбудзi.

Хваляванне святое, прыйдзi,

Успамiнамi сэрца сагрэй,

Каб навокала стала святлей.

Я шчаслiвы, бо вельмi люблю

Гэту родную нашу зямлю

I ўсё, чым багата яна,

Бо на свеце такая — адна.

Разбудзi мяне, дождж, хоць калi,

Я прайдуся па свежай раллi,

Там, дзе водар жытнёвы плыве,

Там, дзе сейбiта праца жыве.

Калi трэба — хай будзе заўжды

Над палеткамi дождж малады,

Каб парадаваў нас ураджай,

А на нашым стале — каравай.

Мне не трэба экзотык чужых,

Я шчаслiвы на гонях сваiх,

Нарадзiўся i вырас тут я,

Беларусь — вось калыска мая.

I кажу, завяршаючы сказ:

Разбудзi мяне, дождж, кожны раз,

Калi восень ужо на дварэ,

Калi рунь свае сiлы бярэ...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter