Разам — за Беларусь!

Дыяспара адчувае сябе далучанай да працэсаў, што адбываюцца на Радзіме На Пятым з’ездзе беларусаў свету, што прайшоў у мінулыя выхадныя, было горача. І не толькі таму што на дварэ панавала спёка. У зале Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, дзе сабралася дыяспара, не хапала свабодных месцаў: не толькі эмігранты, але і многія тутэйшыя вядомыя людзі прыйшлі, каб абмеркаваць актуальныя праблемы, якія стаяць перад нацыяй. З адной трыбуны ў адзін голас гучалі заявы ад прадстаўнікоў дзяржавы, замежнай і мясцовай беларускай інтэлігенцыі. Размова адбылася эмацыянальная, але канструктыўная. У пастаяннай рубрыцы “Мы”, прысвечанай жыццю нацыянальнасцей у Беларусі і землякоў за мяжой, “НГ” паспрабавала акрэсліць асноўныя тэндэнцыі прадстаўнічага сходу беларусаў свету.

Дыяспара адчувае сябе далучанай да працэсаў, што адбываюцца на Радзіме

На Пятым з’ездзе беларусаў свету, што прайшоў у мінулыя выхадныя, было горача. І не толькі таму што на дварэ панавала спёка. У зале Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, дзе сабралася дыяспара, не хапала свабодных месцаў: не толькі эмігранты, але і многія тутэйшыя вядомыя людзі прыйшлі, каб абмеркаваць актуальныя праблемы, якія стаяць перад нацыяй. З адной трыбуны ў адзін голас гучалі заявы ад прадстаўнікоў дзяржавы, замежнай і мясцовай беларускай інтэлігенцыі. Размова адбылася эмацыянальная, але канструктыўная. У пастаяннай рубрыцы “Мы”, прысвечанай жыццю нацыянальнасцей у Беларусі і землякоў за мяжой, “НГ” паспрабавала акрэсліць асноўныя тэндэнцыі прадстаўнічага сходу беларусаў свету.

Эмігранты па прымусу
Галоўная тэма з’езда была вызначана загадзя — “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця”. 215 дэлегатаў і амаль 40 гасцей з 17 краін з’ехаліся на сход у Мінск, каб абмеркаваць гэтае даволі балючае пытанне.
Кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка канстатавала некалькі характэрных тэндэнцый апошняга часу:
— Сёння ад двух да трох з паловай мільёнаў чалавек за мяжой з’яўляюцца выхадцамі з Беларусі. Аднак лічаныя працэнты з іх маюць нацыянальную свядомасць, валодаюць роднай мовай і захоўваюць памяць пра сваю Бацькаўшчыну. Я вылучыла б дзве асноўныя групы эміграцыі. Першая — гэта дыяспара, якая сфарміравалася на Захадзе пасля Другой сусветнай вайны. Адна з суполак гэтай эміграцыі існуе ў Аўстраліі — некалі вельмі значная, але ў бліжэйшыя гады, магчыма, тамтэйшы беларускі асяродак знікне. Увогуле нашы суайчыннікі жывуць у 26 краінах, аднак не паўсюды іх аднолькавая колькасць, і ў многіх выпадках гэта даволі маленькія грамады. Так, цяпер у Згуртаванні беларусаў Вялікабрытаніі налічваецца ўсяго 30 сяброў, пераважна сталага веку. Параўнайма: у адной расійскай Цверы мясцовая беларуская арганізацыя аб’ядноўвае 65 чалавек. Другая група эміграцыі — гэта суайчыннікі ў Чэхіі, Швецыі, Ізраілі, а таксама ў рэспубліках былога СССР. Зямляцтвы ў названых краінах узніклі ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Трэба адзначыць, што ў той час у нацыянальныя арганізацыі беларусы хутчэй згуртаваліся ў краінах Балтыі, а затым толькі ў іншых постсавецкіх дзяржавах. Асаблівасць з’яўлення беларускай дыяспары ў былым СССР у тым, што раней нашы землякі знаходзіліся ў межах адзінай дзяржавы, якую лічылі сваёй Айчынай, а пасля яе распаду вымушана сталі эмігрантамі.
З братняю Руссю
Паводле Наталлі Гардзіенкі, калі, напрыклад, у ЗША пасля Другой сусветнай вайны беларусы гуртаваліся паводле прынцыпу захавання роднай мовы, апазіцыі савецкай ула-дзе, якая панавала на Радзіме, то на другім канцы планеты, у Расіі, наша дыяспара аб’ядноўваецца перш за ўсё на эканамічным падмурку.
Сярод дэлегатаў з’езда суайчыннікі з Расіі вылучаліся даволі значным прадстаўніцтвам. Паводле перапісу 2002 года у суседняй краіне 836 тысяч грамадзян лічаць сябе беларусамі. Валерый Дзямчук з вёскі Сінкевічы Лунінецкага раёна і Алег Кандыба з Обалі, што на Шуміліншчыне, могуць лічыцца даўнімі жыхарамі Масквы. Туды яны трапілі, як і многія з нашай краіны, па вайсковай лініі. Прызваныя служыць у Маскву беларусы там і засталіся. Даслужыліся да высокіх званняў, адказных пасад. Цяпер спадар Дзямчук працуе прэзідэнтам групы кампаній “Д-Транс”, якая займаецца аўтамабільнымі перавозкамі. На бацькаўшчыне бывае абавязкова штомесяц: адкрыў у Лунінцы рэстаран, які стаў цэнтрам культуры і адпачынку горада, падтрымлівае мясцовую каманду па мотаболу, пабудаваў у Сінкевічах капліцу, у планах — рэстаўрацыя вясковай царквы, помніка драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя. Валерый Васільевіч не лічыць гэта падзвіжніцтвам, разважае па-вайсковаму лаканічна: “Беларусы, якія сабраліся на з’езд, дзеляцца на дзве часткі. Адны — тыя, якія любяць пагаварыць, пажаліцца ды ўвесь час просяць чагосьці ад радзімы. Я іх называю “дай-дай”. Другія, якіх я называю “на-на”, штосьці зрабілі ў жыцці, жывучы за мяжой, і могуць нешта даць сваёй бацькаўшчыне. На з’ездах вельмі часта гучаць просьбы, а, я думаю, трэба збірацца дзеля канкрэтных праектаў: арганізоўваць у Мінску выставы беларускага замежнага бізнесу, праводзіць дзелавыя перамовы”.
Алег Кандыба ўзначальвае Маскоўскі клуб беларусаў, які аб’ядноўвае 1014 “дзелавых людзей” суседняй сталіцы, рэдагуе “клубную” газету “Сябры”, стварыў гандлёвы дом “Сябры”, праз які дапамагае беларускім прадпрыемствам наладжваць кантакты з расійскім бізнесам, прасоўваць тавары з бацькаўшчыны ва ўсе куткі Саюзнай дзяржавы.
Зрэшты, маскоўскія суайчыннікі не лічаць сваё эміграцыйнае жыццё ідэальным. Пра што адкрыта паскардзіліся ўпаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Маўляў, армяне, азербайджанцы з метраполіі за свайго брата ў Маскве заўсёды заступяцца перад высокімі начальнікамі, а беларусы адчуваюць пакуль што слабую падтрымку з Мінска. Леанід Гуляка ўзяў заўвагу “на аловак”, а ў інтэрв’ю “НГ” патлумачыў: “Дзяржава робіць усё магчымае, каб дапамагаць сваім суайчыннікам. Аднак нашы рэсурсы не бязмежныя. Натуральна, можна вылучыць многа праблемных момантаў, але таксама я мог бы па кожным з іх апаніраваць. Толькі навошта? Мы будзем на справе паглыбляць супрацоўніцтва з дыяспарай. І з’езд стаў выдатнай пляцоўкай для абмену думкамі, ідэямі для будучых праектаў”.

Зямны клопат і касмічныя далягляды
Беларусаў у Літве і Польшчы, дзе большасць з іх належыць да карэннага насельніцтва, турбуе не эканоміка, а перш за ўсё моўна-культурная ідэнтычнасць.
Хведар Нюнька, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве, прывёў прыклад палякаў, якія маюць вялікую нацыянальную арганізацыю на Віленшчыне: “Польская нацыянальная меншасць здолела згуртавацца настолькі шчыльна, што правяла ад цэнтральных Віленскага, Трокскага, Салечніцкага, Свянцянскага раёнаў дэпутатаў у еўрапейскі парламент! Беларусы ж не маюць свайго лобі ўнутры Літвы”.
На гэтым фоне з трыбуны з’езда аптымістычна гучала “статыстыка” Алега Кандыбы: “У Расіі беларусы лічацца людзьмі са знакам якасці. Нас паважаюць, нам давяраюць вельмі адказныя пасады: пасылаюць і ў органы дзяржбяспекі, і ў разведку, і ў космас”.
Наколькі істотны ўплыў суайчыннікі аказалі на жыццё толькі аднаго Санкт-Пецярбурга, даказаў гісторык з гэтага горада, ураджэнец Навагрудчыны Мікалай Нікалаеў. Ён, загадчык аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, напісаў і выдаў шматсотстаронкавую манаграфію пра жыццё нашых землякоў у горадзе на Няве — пачынаючы ад Яна Баршчэўскага (аўтар “Шляхціца Завальні” таксама жыў у “паўночнай Пальміры”, як і Янка Купала і тысячы іншых выдатных дзеячаў). Дарэчы, выданне кніг — традыцыйная форма рэалізацыі выхадцаў з Беларусі за мяжой: так яны захоўваюць родную мову і памяць пра сябе. Кніжныя “развалы” даўно ствараюць непаўторны антураж з’ездаў беларусаў — краязнаўчых выданняў на эміграцыі сёння даволі многа.
Год роднай зямлі без меж
Гасцей з’езда з-за мяжы турбавала не толькі захаванне ўласнай ідэнтычнасці на чужыне. Іх цікавіла, як развіваецца нацыянальная культура цяпер на бацькаўшчыне. Пра гэта дэлегаты пацікавіліся ў міністра культуры Паўла Латушкі, які вітаў прадстаўнікоў дыяспары ад імя дзяржавы.
Спадар Латушка, які да свайго назначэння міністрам культуры займаў пасаду пасла ў Польшчы, кампетэнтна адказаў на пытанні з залы:
— Летась у Беластоку быў адкрыты Беларускі культурны цэнтр. Я лічу гэта адным з асноўных дасягненняў беларускага пасольства ў Польшчы. Але пакуль што мы не можам адкрываць такія цэнтры масава па ўсім свеце — па розных прычынах, у тым ліку і фінансавых. Але я спадзяюся, што мы гэтую справу будзем працягваць.
Нягледзячы на цяжкасці, адзначыў Павел Латушка, “у Год роднай зямлі ўсе беларусы — і тыя, хто жыве на роднай зямлі, і тыя, хто апынуўся за яе межамі, — павінны згуртавацца. Беларуская дыяспара не павінна страчваць сувязь з метраполіяй, яна павінна адчуваць сябе далучанай да тых працэсаў, якія адбываюцца на радзіме. У сваю чаргу і дзяржава павінна праявіць большы клопат пра суайчыннікаў за мяжой”.
Леанід Гуляка паведаміў, што падрыхтавана палажэнне аб рабоце Каардынацыйнага савета кіраўнікоў беларускіх аб’яднанняў за мяжой пры апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Спадар Гуляка запрасіў прадстаўнікоў дыяспары далучацца да сумеснай работы, а таксама выказаў спадзяванне, што неўзабаве будзе прыняты закон аб суайчынніках з улікам заўваг дэлегатаў з’езда. Міністр культуры таксама прапанаваў суполкам дыяспары разам працаваць над вяртаннем на радзіму страчаных гісторыка-культурных каштоўнасцей.
З’езд беларусаў, наколькі я магу меркаваць па размовах з яго ўдзельнікамі, для многіх стаў нечаканым — дзяржава і дыяспара гаварылі на адной мове (у літаральным і пераносным сэнсе: усе адзначылі добрае веданне беларускай мовы міністрам культуры і ўпаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей). Так, у эмігрантаў розныя інтарэсы, праблемныя тэмы: мова, эканоміка, дабрабыт, пераадоленне межаў і аддаленасці ад бацькаўшчыны. Але ўсё гэта вырашальна, і дачыненні Айчыны з яе сынамі і дочкамі за мяжой маюць добрую перспектыву. Для пазітыўнага погляду ў будучыню ёсць падставы. Галоўнае, што галасы Радзімы і эміграцыйнай супольнасці цяпер гучаць заадно: “За Беларусь!”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter