Разам з Маладзечна

Нацыянальны фестываль беларускай паэзіі і песні святкуе юбілей

Нацыянальны фестываль беларускай паэзіі і песні святкуе 20-годдзе

Сёлетні Нацыянальны фестываль беларускай паэзіі і песні 13-ы па ліку, але гісторыя яго існавання значна даўжэйшая — два дзесяцігоддзі, адлік — з 1993-га. Менавіта з гэтага часу пачало раз у два гады праводзіцца музычнае свята ў Маладзечне. Летась жа па ініцыятыве старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры і народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Міхаіла Фінберга, які стаяў ля выто-каў заснавання фестывалю, імпрэза стала мерапрыемствам штогадовым.

Сёлетні юбілейны форум, які пройдзе з 7-га па 8 чэрвеня, прысвечаны 20-годдзю Нацыянальнага фестывалю беларускай паэзіі і песні і 75-годдзю Міншчыны. Як паведаміў напярэдадні журналістам першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі, каля 20 мерапрыемстваў адбудзецца ў маладзечанскім Амфітэатры, парку культуры і адпачынку імя Перамогі, на Цэнтральнай плошчы, на сцэнах гарадскога Палаца культуры, Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адзначыцца прэм’ернай праграмай «20 год разам з Маладзечна!» заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Як расказаў маэстра Фінберг, сёлетні гала-канцэрт у адрозненне ад аўтарскіх вечароў беларускіх кампазітараў і паэтаў, якія традыцыйна ладзіліся ў Маладзечне ў час мінулых фестываляў, будзе больш лёгкім для ўспрыняцця публікай і больш забаўляльным. Удзел у амаль трохгадзіннай праграме прымуць і вядомыя, і новыя артысты. Прычым ні адзін з іх не будзе працаваць пад фанаграму — гэта патрабаванне маэстра было і застаецца нязменным.

У час гала-канцэрта адбудзецца таксама ўзнагароджванне лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Дарэчы, заключны этап гэтага творчага спаборніцтва сёлета пройдзе на галоўнай сцэне свята — у Амфітэатры.

Цікавай старонкай фестывалю абяцае стаць канцэрт акадэмічнай музыкі «Лепшыя беларускія хіты ХХ стагоддзя» ў выкананні камерных калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.

— Класічная музыка беларускіх кампазітараў XX стагоддзя сёння амаль не гучыць. Зараз і нот не знайсці многіх твораў. Так адбываецца, што творы аўтараў XVII—XVIII—XIX стагоддзяў, якія нарадзіліся, жылі альбо працавалі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, мы адшукваем у Еўропе, а нот твораў XX стагоддзя няма, «праз вушы» многія аднаўляем, каб яны гучалі, — гаворыць Міхаіл Фінберг.

А вось гала-канцэрт беларускай эстраднай песні, які падрыхтавалі музыканты і салісты славутага аркестра, адбудзецца сёлета ў Доме культуры пасёлка Чысць — маладзечанскі форум пашырае граніцы.

У афішы двух фестывальных дзён такама выступленні лепшых аматарскіх калектываў Мінскай вобласці, пераможцаў конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзiчок», сустрэчы з беларускімі паэтамі, выстава-продаж вырабаў народных умельцаў з саломы, дрэва, лазы і іншых матэрыялаў, а таксама майстар-класы па традыцыйных беларускіх рамёствах, прэзентацыя дзіцячай пляцоўкі, караоке-спаборніцтва «Спяваем па-беларуску»...

Завершаць фестываль гала-канцэрт «Ты ў шчасці жыві, мая Беларусь!», падрыхтаваны заслужаным аматарскім калектывам сімфанічным аркестрам Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, і маляўнічы святочны феерверк.

------------------------------------

Дарэчы

Прамыя трансляцыі гала-канцэртаў урачыстага адкрыцця і закрыцця ХІІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2013» адбудуцца 7-га і 8 чэрвеня ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Дзякуючы трансляцыі канала ў рэжыме рэальнага часу ў Інтэрнэце на сайце www.radio1.tvr.by пачуць фестывальныя канцэрты змогуць не толькі жыхары нашай краіны, але і карыстальнікі глабальнай сеткі ў любым пункце планеты.

Тэлевізійную версію адкрыцця і закрыцця форуму 8-га і 9 чэрвеня пакажа сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3».

-------------------------------------

Удзельнікам і гасцям ХIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі

Дарагія сябры!

Сардэчна віншую вас з адкрыццём ХІІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

За гады свайго існавання фестываль ператварыўся ў маштабнае мерапрыемства, якое ўносіць важкі ўклад у развіццё і папулярызацыю творчасці беларускіх кампазітараў і паэтаў, дорыць шматлікім гледачам радасць сустрэч з любімымі артыстамі. Знакавай падзеяй фестывальнага жыцця з’яўляецца конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які адкрывае новыя імёны таленавітых спевакоў і спрыяе далучэнню нашай моладзі да лепшых узораў нацыянальнага музычнага мастацтва.

Упэўнены, што сёлетні фестываль будзе багаты на яркія мастацкія мерапрыемствы і цікавыя сустрэчы, годна прадставіць яркую палітру сучаснай беларускай музыкі і дасягненняў майстроў літаратуры, стане адметнай з’явай у культурным жыцці Беларусі.

Жадаю ўсім удзельнікам фестывалю моцнага здароўя, невычэрпнага натхнення, поспехаў, шчасця і добрага настрою.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter