Разам у святочным карагодзе

У сярэдняй школе № 27 Гомеля нетрывiяльна сустракалi надыход Новага года
У сярэдняй школе № 27 Гомеля нетрывiяльна сустракалi надыход Новага года. Сюды запрасілі не толькі Дзядоў Марозаў, Снягурак і рабят з чатырох раёнаў горада, блізкіх да яго Гомельскага і Добрушскага раёнаў. Удзельнікамі святочнага фэсту сталі дэлегацыі з суседніх Браншчыны і Чарнігаўшчыны, а таксама студэнты з Кітая, Туркменістана, Непала, Нігерыі і Індыі, якія навучаюцца ў гомельскіх ВНУ.

Мерапрыемства прайшло пад эгідай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Да ўдзельнікаў звяртаецца Цімафей ГЛУШАКОЎ. Фота Ганны ПАШЧАНКА


«Вопыт правядзення дабрачынных міжнародных сустрэч у нас даволі значны, — гаворыць старшыня рэгіянальнай суполкі грамадскага аб’яднання «Беларускi фонд мiру» Цімафей Глушакоў. — Але ж у такім шырокім фармаце — з удзелам моладзі васьмі краін свету — навагодняе свята адбываецца ўпершыню».

Непасрэдны ўклад у справу збліжэння зрабілі ўдзельнікі свята: прадстаўнікі СШ № 9 з расійскага Навазыбкава і кіраўнікі гомельскай установы падпісалі пагадненне аб шмат-гранным супрацоўніцтве і школьным абмене.


Затым ужо непасрэдна каля навагодняй ёлкі пачаўся сапраўдны парад нацыянальных культур і звычаяў, які з дапамогай відэапраектара трансліраваўся на шырокі экран. Сімвалічную эстафету расійскі і беларускі Маразы перадавалі кітайскаму чараўніку Дун Чэ Лаа Рэну, затым наступала чарга індыйскага Дады… Іх вясёлыя выхады суправаджаліся спевамі, дэманстрацыяй нацыянальных традыцый, танцамі і іншымі штукарствамі. Напрыклад, італьянскі навагодні персанаж, нібы рэчы з вокнаў, па-звыкламу кідаў падарункі пад лясную прыгажуню, японскі Одзі-сан падграбаў гару шчасця да прысутных. Да слёз расчуліў украінскіх гасцей агністы гапак у выкананні юных танцораў Гомельскага каледжа мастацтваў імя Сакалоўскага. Была тут і ажыўленая дэгустацыя нацыянальных страў: рускіх бліноў, японскіх ролаў, украінскіх варэнікаў…


Усім міру і згоды пажадала ад украiнскай дэлегацыі намеснік кіраўніка Чарнігаўскай райадміністрацыі Лідзія Гаеўская.


Лагічнае завяршэнне амаль трохгадзіннага фэсту «Ёлка міру» — уручэнне падарункаў. Якое ж свята без памятных сувеніраў і салодкіх прысмакаў! На набыццё іх арганізатары з Гомельскага аддзялення Беларускага фонду міру выдаткавалі больш за 10 мільёнаў. Усяго ж на дабрачынныя дзіцячыя навагоднія акцыі ў розных раёнах вобласці будзе накіравана каля 50 мільёнаў рублёў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter