У Палацы Незалежнасці прайшла цырымонія ўступлення на пасаду нававыбранага Прэзідэнта Беларусі

Разам у новы дзень

У Палацы Незалежнасці прайшла цырымонія ўступлення на пасаду нававыбранага Прэзідэнта Беларусі



У зале ўрачыстых цырымоній сабралася больш за тысячу запрошаных: вышэйшыя службовыя асобы краіны, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнікі розных узроўняў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, замежныя госці. Адкрыла мерапрыемства Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Яна аб’явіла рашэнне ЦВК аб выніках прэзідэнцкіх выбараў і прапанавала Аляксандру Лукашэнку прынесці Прысягу Прэзідэнта. У яе тэксце ўсяго 30 слоў, але яны цалкам адлюстроўваюць абавязацельствы, якія бярэ на сябе кіраўнік дзяржавы:

— Заступаючы на пасаду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублiкi Беларусь, паважаць i ахоўваць правы i свабоды чалавека i грамадзянiна, захоўваць i абараняць Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь, свята i добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокiя абавязкi.

Прагучаў гімн. Услед за хорам словы галоўнай песні краіны падхапілі прысутныя.

Лідзія Ярмошына ўручыла Аляксандру Лукашэнку пасведчанне Прэзідэнта. Са словамі віншаванняў да яго звярнуліся кіраўнікі заканадаўчай і судовай галін улады — старшыні Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч. Затым слова ўзяў Аляксандр Лукашэнка.

Выступленне Прэзідэнта не аднойчы перарывалася апладысментамі. Яго лейтматыў: краіна захоўвае курс на паступальнае развіццё, без узрушэнняў і рызыкоўных сацыяльных эксперыментаў. Галоўная фігура — чалавек. Яго патрэбам і спадзяванням падпарадкавана ўся дзяржаўная палітыка. На міжнароднай арэне мы не ствараем нязручнасцяў суседзям. Паважаем кожную суверэнную дзяржаву. Але такіх жа адносінаў чакаем і да сябе. Гэта нязменная лінія развіцця беларускай дзяржавы на працягу апошніх дваццаці гадоў, і яна будзе прадоўжана.

Другая частка ўрачыстай цырымоніі прайшла на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Тут выстраіліся ваенныя, якія прадстаўлялі ўсе сілавыя структуры краіны. Да іх Аляксандр Лукашэнка выйшаў ужо ў форме Галоўнакамандуючага. Ад імя ўсіх людзей у пагонах словы клятвы вернасці народу і выбранаму Прэзідэнту зачытаў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Станіслаў Зась:

— Запэўніваем увесь беларускі народ і Вас, таварыш Галоўнакамандуючы, у тым, што заўсёды гатовыя надзейна абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай Радзімы. Сёння ў дзень уступлення на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мы ўрачыста клянёмся з годнасцю і гонарам несці высокае званне абаронцаў Айчыны. Самааддана служыць беларускаму народу і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Абараняць нашу Радзіму мужна, умела, не шкадуючы сваіх сіл і самога жыцця.

Трохразовае “клянёмся” пракацілася па радах ваеннаслужачых. Завяршылася лаканічная, але ёмістая па змесце цырымонія ўрачыстым маршам роты ганаровай варты.

У другой палове дня ў Палацы Рэспублікі прайшоў прымеркаваны да ўступлення на пасаду Прэзідэнта святочны канцэрт “Разам у новы дзень”. На сцэне выступілі майстры мастацтваў Беларусі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter