Разам у 2017-ы!

Стала традыцыяй напрыканцы кожнага года падводзіць яго вынікі. Якім жа быў высакосны 2016-ы?
У міжнародных стасунках назіралася геапалітычная напружанасць паміж супер-дзяржавамі — ЗША і Расіяй. Па сутнасці, гэта першае сур’ёзнае блокавае супрацьстаянне Усходу і Захаду, выкліканае  падзеямі ва Украіне, на Блізкім Усходзе, еўрапейскім субкантыненце.

Сваю электаральную сілу вярхам сёлета паказалі нізы, выказаўшы прынцыповую нязгоду з першымі на плебісцытах і выбарах. Галоўнымі навінамі для абывацеляў і эліт сталі брэксіт і выбары прэзідэнта ў ЗША. Першая падзея — выхад Вялікабрытаніі з ЕС разбурыла ідэю еўрапейскай згуртаванасці і супольнасці, другая — прыход у Белы дом Дональда Трампа перавярнула амерыканскае грамадства, паказваючы дзеючай уладзе пратэст большасці насельніцтва.

Наогул, у 2016-м палітыка ліберальных каштоўнасцей затрашчала па швах. У асноўным з-за ўзрастання небяспекі тэрарызму, вострай міграцыйнай праблемы ў Старым Свеце, падзення ўзроўню жыцця і абвастрэння сацыяльна-эканамічных пытанняў. Сёння амаль паўсюдна ў Еўрасаюзе расце папулярнасць еўраскептыкаў, а ў псіхалогіі грамадства  ўзмацняецца роля нацыяналістычных партый.

У гэтым годзе можна адзначыць яшчэ адну глабальную тэндэнцыю: набірае абароты чацвёртая індустрыяльная рэвалюцыя.

Нягледзячы на крызісныя з’явы, укараняецца новы тэхналагічны ўклад эканомікі: штучны інтэлект, робатызацыя (інавацыйныя сістэмы аўтаматызацыі), перадавыя інфармацыйныя тэхналогіі. Гэта не можа ў далейшым не паўплываць на агульны рынак працы, знікненне многіх прафесій і нават галін вытворчасці, масавае вызваленне рабочай сілы і, вядома, узнікненне чарговых хваляў сацыяльных выбухаў. Для чаго міжнароднай супольнасці ў будучыні спатрэбіцца прынцыпова новая палітыка-эканамічная канцэпцыя развіцця грамадства. Тым больш, што  да 2020 года дзякуючы росту сусветнай эканомікі больш за 90 працэнтаў насельніцтва планеты стане вялікай часткай так званага спажывецкага класа.

Наша краіна, па словах прадстаўнікоў урада, завяршае складаны 2016 год даволі нядрэнна. Спадзяёмся, што і праблемныя пытанні, якія назапасіліся ў Беларусі ў межах інтэграцыйных аб’яднанняў — Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, — будуць, у рэшце рэшт, вырашаны.     

Будзем разам у 2017 годзе!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter