Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Разам ляцім да зор

У Беларусі ды за яе межамі ўшанавалі памяць пра Максіма Багдановіча: паэт адышоў у Вечнасць сто гадоў таму ў крымскай Ялце

Выступае пісьменніца Людміла Рублеўская 

Што застаецца пасля нас? Пра гэта міжволі разважаеш, згадваючы імклівае жыццё-палёт паэта-рамантыка, чуйнага даследчыка літаратуры, таленавітага перакладчыка Максіма Багдановіча. Што застаецца? Гэта — галоўнае, калі падводзіцца рыса зямнога існавання, нашых турботаў, надзей, парыванняў. Пражыць Багдановічу было наканавана мала. Толькі летась у снежні мы адзначалі 125-я ўгодкі яго нараджэння, а 25 мая сёлета — ужо 100-я ўгодкі сыходу. Трохі больш за 25... Але тое, што паспеў адчуць, прадумаць, усвядоміць, пачуць ад Неба і маці-Беларусі ды выкласці на паперу вялікі супляменнік, жывучы ў асноўным за межамі Бацькаўшчыны, па-ранейшаму выклікае жывы інтарэс ва ўсіх, хто жадае далучыцца да Прыгажосці, Паэзіі, Мудрасці, хто жадае знайсці сваё месца пад сонцам — і нешта годнае пакінуць пасля сябе на зямлі.

У гэты дзень гучалі ягоныя вершы, пераствораныя ім лепшыя ўзоры сусветнай паэзіі. Памяць Максіма Багдановіча ўшаноўвалі сотні людзей: як у гарадах Беларусі, так ў расійскім Яраслаўлі, у крымскай Ялце. Дарэчы, там, на гарадскіх могілках дзякуючы клопатам беларускай дзяржавы ўсталяваны гожы надмагільны помнік паэту. Яго стварылі скульптары, сын і бацька Сяргей і Леў Гумілеўскія. Задуменны Максім з кніжкаю зроблены з каменя, а на падпорнай сценцы побач выбіты радкі са знакамітага ягонага верша “Зорка Венера”: “Кожную ночку на зорку дзівіцца буду ў далёкім краю”. І якраз каля гэтага помніка ўшановаўвалі памяць паэта беларусы з розных суполак Крыма. У прыватнасці, у інтэрнэце мы знайшлі здымкі, на якіх яны ўскладаюць кветкі, чытаюць вершы. Сярод чытальнікаў  распазналі й вядомага нашым чытачам Віталя Бартохава.

А ў Мінску да помніка Максіму Багдановічу прынеслі кветкі, свае светлыя думкі пісьменнікі, дзеячы культуры, моладзь. У тых шэрагах былі й кадэты з Сувораўскага вучылішча, якое размешчана зусім побач, на вуліцы Максіма Багдановіча, 29. Што важна: усіх, незалежна ад узростаў, палітычных поглядаў і перакананняў, прымірыў у гэты сонечны майскі дзень Максім Багдановіч. Нікому не хацелася спрэчак і дэбатаў... Перад тварам Вечнасці, у пяшчотных і такіх недаўгавечных далонях Вясны разумееш ясна, прачуваеш востра, глыбока сэрцам успрымаеш Багдановічаў запавет: “Нашто ж на зямлі сваркі i звадкі, боль i горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?”

Дзень памяці ля помніка М. Багдановічу ў Ялце 


Перад тым, як ускладалі кветкі, адбылася ўрачыстая імпрэза, якую вяла Марына Запартыка, загадчыца Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Гэты музей цяпер, нагадаем, філіялам уваходзіць у структуру Музея гісторыі беларускай літаратуры, і ягоны дырэктар Дзмітры Яцкевіч таксама меў слова. Пра свае дачыненні з вобразам, творчасцю Паэта гаварылі мастак і аўтар першай музейнай экспазіцыі пра М. Багдановіча Эдуард Агуновіч, дырэктар радыёстанцыі “Беларусь”, паэт Навум Гальпяровіч, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп і паэтка, празаік, журналістка Людміла Рублеўская. Досведам спасціжэння духоў­ных скарбаў ад Максіма Багдановіча дзяліліся першы дырэктар музея Міхась Пазнякоў, пісьменнік Анатоль Бутэвіч, літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт Усевалад Сцебурака.

Гучалі вершы паэта. І, магчыма, ягоная душа была недзе тут, непадалёк ад месца нараджэння Максіма. А крыху пазней таксама ў гістарычнай частцы Мінска, на Нямізе, у найстарэйшым гарадскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы памятную паніхіду па Максіме Багдановічы адслужыў на беларускай мове айцец Аляксандр Ледаховіч. 

Вечарам 25 мая Дзень памяці Багдановіча доўжыўся ў ягоным музеі — у Траецкім прадмесці. Гурт “Нельга забыць” іграў праграму з твораў на словы Максіма Багдановіча, пераствораных ім вершаў Поля Верлена. Удзельнічалі ў вечарыне й чытальнікі з Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”. Гэта, дарэчы, найстарэйшы з студэнцкіх моладзевых калектываў краіны: яму ўжо за 50 гадоў. Кіруе цяпер ім таленавітая спявачка, кампазітарка Алеся Сівохіна — яна таксама спявала на імпрэзе. Некаторыя з песень вечарыны, дарэчы, можна паслухаць і праз інтэрнэт — на сайце Вконтакте суполкі “Жывое слова”.


Голас Радзімы № 20 (3524), чацвер, 1 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter