Жизнь - это путь, а не пункт назначения

Разам ісці да раю

У  Беларусі мы часта праходзім каля касцёлаў і цэркваў, якія знаходзяцца ў нашых гарадах і вёсках. Можа, таму касцёл ці царква асацыіруюцца ў нас выключна з будынкам, магчыма, яшчэ і з духавенствам. Аднак ці так гэта на самай справе?

Па розных прычынах у многіх хрысціян стварылася ўражанне, што Хрыстос — гэта Месія, Божы пасланнік, які стварыў вакол сябе групу вучняў. Гэта група паслядоўнікаў пазней утварыла арганізацыю, якую сталі называць Царквой (Касцёлам). Царква ж з малой літары — гэта будынак, у які прыходзяць памаліцца праваслаўныя, католікі ходзяць у касцёл.

А як думалі першыя хрысціяне, якія бачылі і чулі Хрыста? Яны верылі, што Царкву заснаваў сам Месія, аб чым сказана ў Новым Запавеце. У часы да Хрыста, гэта значыць у часы Старога Запавету, Бог вырашыў выбраць народ, які стане асяроддзем і цэнтрам падрыхтоўкі свету да прыходу Месіі. Гэтым народам былі яўрэі. Калі ж свет быў падрыхтаваны і Хрыстос з'явіўся, то ў часы Новага Запавету новым выбраным народам сталі тыя, хто ахрысціўся ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. З іх Бог стварае Царкву (Касцёл), якая з'яўляецца не столькі арганізацыяй, колькі менавіта народам.

Жыццё — гэта шлях, а не пункт прызначэння. Для Божага народа пунктам прызначэння з'яўляецца рай, дарога да якога расцягваецца на ўсё жыццё. Чалавек не быў створаны Богам для таго, каб ён жыў толькі для сябе, і таму да раю ўсе члены Царквы павінны ісці разам, дапамагаючы ў гэтым адзін аднаму.

У нашы часы нездаровага індывідуалізму мы пра гэта часта забываем. Вяртаючыся да нашых ранейшых разважанняў пра паводзіны людзей у храме, можна сцвярджаць, што такі светапогляд лёгка заўважыць у месцах малітвы, калі, напрыклад, вернік не моліцца разам з усімі падчас літургіі, а вырашае паставіць свечку і маліцца асобна. Такія людзі не ўспрымаюць сябе часткай Божага народа, а ў праяўленнях пабожнасці шукаюць пераважна эмоцый. Супольная ж малітва мае перавагу над індывідуальнай, бо ўмацоўвае еднасць Божага народа. Знаёмы праваслаўны вернік аднойчы выказаўся, што не любіць прыходзіць у царкву на вялікія святы, бо тады там сустракае натоўп людзей, якія не ведаюць, як завуць мясцовага святара, колькі гадоў прыхаджане збіралі сродкі, каб пабудаваць царкву. Яны магічна падыходзяць да літургіі і, што самае важнае, па вяртанні дадому забываюць пра сваё хрысціянства.

Індывідуалізм, які несумяшчальны з хрысціянствам, праяўляецца таксама ў непрыняцці хрысціянскай дактрыны. Калі мы не прымаем хрысціянскага вучэння, то фактычна адзінае, што нас звязвае з хрысціянствам, гэта толькі хрост. Так ужо сталася, што цяпер мы жывём у часы культу свабоды, калі кожнае абмежаванне для чалавека ўспрымаецца варожа. Ён сам вырашае для сябе, што добрае і што дрэннае. Дрэнным у такім выпадку з'яўляецца толькі тое, што прыносіць дыскамфорт і не дазваляе рэалізоўваць усе свае жаданні. Але якім будзе свет, калі кожны будзе кіравацца толькі сваімі жаданнямі?

Увесь Вялікі пост, які для дзвюх асноўных хрысціянскіх канфесій ужо распачаўся, дадзены нам як адно вялікае пытанне: што звязвае мяне з Хрыстом і Божым народам? Абмежаванні, якія мы ўскладаем на сябе ў Вялікім посце, могуць навучыць нас большай салідарнасці з іншымі, навучыць жыць не толькі для сябе.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter