Освободительное движение глазами бывшего замредактора «Сельской газеты», журналиста, прозаика Якуба Миско

Разам да вольнага жыцця

Жывыя, хвалюючыя старонкі твораў пра становішча ў Заходняй Беларусі ўваскрашаюць змрочны малюнак, распавядаюць пра тое, як здабывалася жаданая свабода. Якуб Міско адзначае, што ўспаміны і радкі дакументаў і праз гады выклікаюць у ягонай душы «пачуццё гневу і гарачай нянавісці да тых, хто п'яўкай сядзеў на целе народа і смактаў яго кроў. Напаўняюць сэрца гонарам за палымяных барацьбітоў-рэвалюцыянераў, якія не шкадавалі свайго жыцця і смела, адважна ішлі супраць прыгнятальнікаў...»
ЯКУБ МІСКО нарадзіўся 1 чэрвеня 1911 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета Гродзенскай губерні. З 1947 па 1976 год працаваў у «Сельской газете». Пасля смерці Якуба Герасімавіча ў кастрычніку 1981‑га народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль уклаў, адрэдагаваў і пракаментаваў кнігу свайго старэйшага сябра «Маё маўклівае сэрца», якая пабачыла свет у выдавецтве «Юнацтва» ў 1983‑м. Іван Антонавіч уключыў у выданне дакументальную аповесць аўтара «Было яно калісьці...», нарысы «Жывыя старонкі мінулага» і «Летопись борьбы» пра рэвалюцыйнае змаганне ў Заходняй Беларусі. Яго актыўным удзельнікам быў сам Якуб Міско, які зведаў жахі дэфензівы і турмаў. У кнігу ўвайшлі таксама ўспаміны аўтара пра паплечнікаў па барацьбе, пісьмы з фронту, нарысы пра найбольш яркія сустрэчы з цікавымі людзьмі.

У ліку барацьбітоў былі Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётр Мятла, Павел Валошын, Максім Бурсевіч, Тэадор Дурач, Казімір Петрусевіч. Апошні, дарэчы, будучы зоркай польскай адвакатуры, абараняў Якуба Коласа, якога судзілі ў 1908‑м, а ў 1934‑м — зняволенага за рэвалюцыйную дзейнасць Максіма Танка. Яны згадваюцца аўтарам у сувязі з амаль трохмесячным працэсам над чальцамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, які пачаўся ў лютым 1928‑га, праз тры гады пасля стварэння рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі. «Побач з шырокімі дэмакратычнымі патрабаваннямі, — чытаем у нарысе «Жывыя старонкі мінулага», — яна выстаўляла і патрабаванні стварэння рабоча-сялянскага ўрада ў Польшчы, самавызначэння Заходняй Беларусі і аб'яднання ўсіх беларускіх земляў у адзінай рэспубліцы рабочых і сялян. Грамада аб'ядноўвала ў сваіх радах каля 120 тысяч сяброў».
Браніслаў Тарашкевіч.
Падчас працэсу кіраўнік Грамады Браніслаў Тарашкевіч і яго таварышы «…гнеўна выкрывалі і кляймілі рэжым пілсудчыкаў, які прынёс галечу і нядолю. Вы, панове, судзіце не нас, гаварылі яны, а народ, які дамагаецца чалавечага жыцця. Наша «віна» ў тым, што мы былі разам з працоўнымі, што хацелі для іх лепшай долі. Такую віну мы прызнаём».

Працэсам жыла тады ўся Віленская беларуская гімназія, у якой Міско вучыўся з 1925 па 1929 год. У верасні 1927‑га ён пазнаёміўся з Валянцінам Таўлаем, які «паступіў тады ў чацвёрты клас». Якуб быў у шостым і ўзначальваў класную камсамольскую арганізацыю. У яго склаліся добрыя адносіны з вучоным-выкладчыкам Ігнатам Дварчаніным, аўтарам чатырохтомнай «Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры», які прыцягнуў юнака да работы ў рэдакцыі школьнай газеты. Ён апрацоўваў пісьмы, пісаў фельетоны. Разам з іншымі камсамольцамі насіў у турму падаянкі, раскідваў па горадзе лістоўкі, дапамагаў у вучобе слабейшым. За актыўны ўдзел у вучнёўскай забастоўцы, наладжанай у першы дзень апеляцыйнага працэсу ў справе Беларускай сялянска-работніцкай грамады (29 лютага 1929 года), яго выключылі з гімназіі, і паліцэйскі адвёз хлопца дадому.

Да гэтага па закліку КПЗБ народ узняўся на абарону сваёй легальнай арганізацыі. У Косаве адбылася масавая дэманстрацыя сялян. «Супраць бяззбройнага насельніцтва ўрад паслаў паліцыю і ўзброеныя банды фашысцкіх арганізацый. Ціхія косаўскія вуліцы былі заліты крывёю рабочых і сялян. Шэсць чалавек было забіта, дзясяткі паранены». Пад кіраўніцтвам КПЗБ рабочыя правялі ў 1927 — 1928 гадах шэраг буйных забастовак. Іх удзельнікамі сталі гродзенскія хімікі, валожынскія леснікі, брэсцкія лесапільшчыкі, працаўнікі Пінскай запалкавай фабрыкі і іншыя.

Вуліца ў Косаве, дзе адбыўся расстрэл.

Прыведзеныя Якубам Міско дакументы сведчаць пра тое, што ў адказ фашысцкі ўрад Польшчы абрушыў на рабочых і сялян новыя цяжкія ўдары. Для іх запалохвання арганізавалі масавыя палітычныя працэсы. У выніку ў Беластоку асудзілі 133 чалавекі, у Гродне — 75, у Вільні — 56. Але як панская зграя ні лютавала, задушыць рэвалюцыйны рух ёй не ўдалося. Уплыў камуністаў на людзей не толькі не змяншаўся, а, наадварот, узмацняўся. У сакавіку 1928‑га на выбарах у польскі сейм толькі ў васьмі выбарчых акругах Заходняй Беларусі рабоча-сялянскі блок атрымаў 328 832 галасы — 26 працэнтаў ад усіх пададзеных.

Казімір Петрусевіч з жонкай Янінай.
Якуб Герасімавіч у нарысе «Летопись борьбы» піша пра ўражанні ад тых дакладных паведамленняў, рапартаў, заклікаў і справаздач, з якімі ён пазнаёміўся, вывучаючы двухтомнік «Барацьба працоўных Заходняй Беларусі...».

У 1929‑м у навагрудскай вёсцы Асташына з паліцыяй сутыкнуліся каля тысячы сялян. Шмат каго арыштавалі… Як паведамляла газета «Барацьба», чатырох удзельнікаў прыгаварылі да смяротнага пакарання. Яны ішлі на шыбеніцу пад «Інтэрнацыянал» у выкананні вязняў Навагрудскай турмы.

Улетку 1933‑га даведзеныя да ад­чаю карнымі экспедыцыямі ся­ля­не Кобрынскага павета выступілі супраць іх са зброяй у руках! Сур'ёзныя сутычкі адбыліся ў вёсках Леплеўка, Паўлаполь, Дарапеевічы і Навасёлкі. У апошняй абяззброілі суседніх асаднікаў і напалі на паліцэйскі ўчастак. Падчас працэсу над дзевяццю паўстанцамі адзін з абвінавачаных, Васіль Ніканчук, сказаў: «Справядлівасці не чакаю, таму што суд паноў-акупантаў не можа быць справядлівым».

У дакументах, пра якія распавядае Якуб Герасімавіч, шмат матэрыялаў, прысвечаных Беларускаму сялянска-рабочаму клубу «Змаганне» і Таварыству беларускай школы. Яны выкрывалі рэакцыйную палітыку ўрада Пілсудскага, здрадніцкую ролю беларускіх буржуазных нацыкаў. У жніўні 1930‑га, пасля роспуску сейма, дэпутатаў арыштавалі і павятовыя сакратарыяты «Змагання» разграмілі. У 1933‑м судзілі чальцоў арганізацыі, сярод якіх быў Рыгор Шырма. «Я ўспамінаю, — піша Міско, — і, як сёння, бачу збітых, з перавязанымі галовамі І. Дварчаніна, І. Гаўрылі­ка, П. Крынчыка. А яны ж па Канстытуцыі павінны былі карыстацца правам дэпутацкага недакранання. Вось так выглядала хвалёная панская дэмакратыя».

У той час аўтар працаваў у цэнтральным сакратарыяце «Змагання», які карыстаўся правам недатыкальнасці. Разам з Мацеем Тарасюком, распавядае Якуб Герасімавіч у аповесці «Было яно калісьці...», ён пісаў лістоўкі і друкаваў іх на гектографе. Прымаў удзел у рэдагаванні легальных газет, вазіў у павятовыя сакратарыяты інструкцыі і ўсялякую літаратуру. Але супрацоўнікаў сакратарыята ўсё ж арыштавалі… У адну з камер-адзіночак другога павільёна славутых «Лукішак» трапіў і 19‑гадовы Якуб. Недзе праз год яго з Тарасюком перавялі ў Стэфанаўскую турму. Скончыліся ж два з паловай гады зняволення ў далёкіх Уронках, каля самай заходняй граніцы Польшчы. Свой першы астрожны тэрмін ён скончыў у чэрвені 1932‑га, які стаў годам вострых класавых баёў. Найбольш яскрава гэта паказалі падзеі ў навагрудскай вёсцы Асташын.


З чэрвеня 1934‑га Якуб пачаў працаваць у віленскай «Беларускай газеце», ды на 17‑м нумары яе закрылі, а супрацоўнікаў арыштавалі. Па дарозе ў Савецкі Саюз Якуба Міско і Валянціна Таўлая арыштавалі і адвезлі ў маладзечанскую дэфензіву — узорную катоўню камуністаў, адкуль у кайданах, пад канвоем паліцэйскага Міско адправілі ў Вільню, на «Лукішкі», дзе ўжо знаходзіўся Таўлай. Следства ішло… 28 месяцаў! У ліку шаснаццаці падсудных былі Валянцін Таўлай, Піліп Пестрак, Алесь Карповіч, Пётр Радзюк і Якуб Міско.

Працэс «Малой грамады» па­чаўся 21 сакавіка 1936 года. Пад восень 1937‑га частку вязняў, у ліку якіх быў і Міско, перавезлі ў Гродзенскую турму.

Над горадам у другой палове дня 19 верасня 1939 года з'явіліся савецкія самалёты. Яны раскідвалі лістоўкі, якія заклікалі спыніць супраціўленне, бо «Чырвоная армія ідзе, каб узяць пад абарону заходніх беларусаў і заходніх украінцаў». І нішто ўжо не магло азмрочыць радасці і лікавання Якуба Міско, Піліпа Пестрака, Валянціна Таўлая ды іншых шматлікіх беларусаў, якія зноў аказаліся ў складзе адзінай і роднай Беларусі.

Уладзімір БАРЫСЕНКА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter