«Белгеодезия» разрабатывает интерактивную карту страны и приложение к ней

Разабраліся на мясцовасці

Ёсць рэчы, якія неабходны заўсёды — і сто гадоў таму, і зараз. Пра што гэта мы? Пра карты. Яны — тое, без чаго нават мабільны чалавек заблукае на невядомай мясцовасці. Ужо не кажучы пра прафесіі, дзе без карт як без рук. Так як мы жывём у эпоху «лічбы», у навігацыйных картах — дакладных і разумных — ёсць пастаянная патрэба. У нас за стварэнне такой адказвае дзяржаўнае прадпрыемства «Белгеадэзія», дзе распрацоўваюць канкурэнта знакамітым картам Google і Yandex — інтэрактыўную карту нашай краіны і дадатак. Карэспандэнт «Р» даведалася падрабязнасці.

Маршрутызацыя дазволіць выкарыстоўваць дадатак і як навігатар.

Пункты гледжання


Відаць, адрасам не памылілася: на ўваходзе ў будынак «Белгеадэзія» стаіць невялікi гандлёвы пункт з разнастайнымі картамі: і ў адным маштабе, і ў іншым, і з рознай паперы. Але прыйшла я, каб даведацца пра карту, якая адлюстроўваецца з электронных прылад — камп’ютараў, лэптопаў, смартфонаў, планшэтаў. За яе адказваюць спецыялісты аддзела навігацыі і маніторынгу лічбавых тапаграфічных карт прадпрыемства. Растлумачаць мне, для чаго патрэбна нашай вытворчасці інтэрактыўная навігацыйная карта, намеснік дырэктара Фёдар Ляўша, начальнік аддзела Вольга Шышканава і праграміст Уладзіслаў Кошалеў. Апошні разам з калегамі працуе над дадаткам BelgeoMap — анлайн-картай краіны на базе Android. Фёдар Ляўша расказвае, чаму з’явілася неабходнасць у стварэнні прадукту:

— Наша прадпрыемства вызначана аператарам па карта-графічным забеспячэнні спа-жыўцоў навіга-цыйных паслуг у адпаведнасці з заканадаўствам. Яшчэ з 2011 года займаемся стварэннем і абнаўленнем дзяржаўных навігацыйных карт. З тых часоў створана вялікая колькасць наві-гацыйных карт для ўсіх буйных населеных пунктаў у маштабе 1:10 000 і ў маштабе 1:100 000 для іншых тэрыторый краіны на аснове дзяржаўных тапаграфічных карт аналагічных маштабаў. Што да новай навігацыйнай карты, над якой мы працуем, то прызначана яна для ўсяго таго, што так важна ў сучасным свеце, тым больш у IT-краіне: для фарміравання і развіцця рынку навігацыйных паслуг, выкарыстання ў інтэлектуальных транспартных сістэмах, у сістэмах персанальнай і маніторынгавай навігацыі аўтатранспарту, у тым ліку якія выкарыстоўваюць інтэрнэт-рэсурсы.

Вольга ШЫШКАНАВА і Уладзіслаў КОШАЛЕЎ гавораць, што на iх карце ўся інфармацыя максімальна  дакладная — сваю краіну яны ведаюць лепш за ўсіх.


Патэнцыяльнымі карысталь-нікамі такой інфармацыі з карты будуць дзяржаўныя і камерцыйныя арганізацыі, а таксама любы чалавек, якому трэба з пункта А ў пункт Б дабрацца без прыгод ці адправіць свае каардынаты, скажам, кіроўцу таксі або бацькам.

Праграміст Уладзіслаў Кошалеў, які распрацоўвае Android-дада-так, для пачатку менавіта ў браўзеры адкрывае сайт geo.by, дзе знаходзіцца новая інтэрактыўная карта. На web-сэрвісе маецца картаграфічная падкладка, сетка аўтамагістраляў, а таксама адрасы. На ёй ужо ёсць даныя па самых вялікіх гарадах і пасёлках краіны — іх тут больш за 120. Самае цікавае — што я магу зрабіць у гэтай карце? Правяраю. Можна паставіць сваю пазнаку-спасылку на карце і ўвесці да яе подпіс. Напрыклад, напісаць: «Я тут». Вось на экране з’яўляецца спасылка з маёй пазнакай. Капірую яе і пасля магу адправіць сябру, каб ён знайшоў мяне па гэтым адрасе. Тое, што можна набліжаць, аддаляць карту для зручнага прагляду, не абмяркоўваецца: вядома, ёсць і гэта. Яшчэ адна кнопка, якую не абміну ўвагай, называецца «Ёсць памылка?». З дапамогай яе юзеры могуць апавясціць распрацоўшчыкаў пра тое, што ў пэўным месцы нешта змянілася. Напрыклад, вуліцу перайменавалі. Тыя адразу ўнясуць карэктывы. Вольга Шышканава неаднаразова звяртае на гэта ўвагу — распрацоўшчыкі чакаюць заўвагі і прапановы ад карыстальнікаў: «Зваротная сувязь — вельмі важны момант у працы».

Вядома, спецыялісты самі імкнуцца надзяліць свой карта-графічны сэрвіс максімальнай дакладнасцю. І ў гэтым іх асноўная перавага перад тымі прадуктамі, якімі мы з вамі карыстаемся са сваіх смартфонаў і камп’ютараў зараз. Якія ж казыры ў руках у нашых картографаў?

Дакладнасць з гарантыяй


Па-першае, створаныя дзяр-жаўныя навігацыйныя карты нашай краіны ў адрозненне ад іншых пошукавых сістэм Google і Yandex забяспечваюць картаграфічную дакладнасць вызначэння месцазнаходжання аб’ектаў.

— Звычайнаму чалавеку няма вялікай розніцы, дом, вуліца будуць на карце бліжэй да яго ці далей на 5—10 метраў. Але для геадэзістаў, картографаў, спецыялістаў будаўнічай сферы і іншых важна ведаць дакладна, дзе яны знаходзяцца, дзе будуць праводзіцца пэўныя работы і гэтак далей, — тлумачыць нюансы Вольга Шышканава. — Таму ў нас усё максімальна дакладна — сваю краіну мы ведаем лепш за ўсіх. Напрыклад, працуючы з дзяржаўнымi  арганізацыямі, мы заўсёды маем актуальную інфармацыю.

Яшчэ перавагі? Гэтая інтэрактыўная карта грунтуецца на тапаграфічнай карце краіны, створанай па нарматыўных дакументах. Важны момант: спецыялісты рэгулярна выязджаюць на палявое абследаванне  мясцовасці. Яны ўдакладняюць адрасы, хуткасныя рэжымы і абмежаванні на дарогах, развязках. Усё гэта неабходна для дакладнай навігацыі, месцазнаходжання карыстальнікаў карты, хуткага абнаўлення актуальнай інфармацыі. Вось, напрыклад, зусім хутка адбудзецца вялікае абследаванне Мінскага раёна, якога пакуль няма ў падрабязнасцях у сэрвісе навігацыйнай карты. Да канца года на карту плануюць дадаць яшчэ 24 гарады. Пашыраць пералік населеных пунктаў з адраснай прывязкай, уключаючы і сельскія, будуць паступова. Мяжы ў гэтай працы, вядома, няма: увесь час нешта будуецца, з’яўляецца, змяняецца.



— Яшчэ адна перавага: мы гарантуем дакладнасць даных у адрозненне ад іншых уладальнікаў навігацыйных рэсурсаў і сэрвісаў. Яны нават не прымаюць прэтэнзій да іх якасці. Да нас жа звяртаюцца, напрыклад, у судовых выпадках, калі неабходна дакладна вызначыць адлегласць паміж адным і іншым месцазнаходжаннем у нейкай справе, — Вольга Шышканава акцэнтуе ўвагу: інфармацыя, размешчаная на навігацыйнай карце, фарміруецца на аснове нарматыўна-прававых дакументаў. Увесь яе адрасны складальнік падрыхтаваны на аснове рэестра адрасоў краіны, які ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам з’яўляецца абавязковым для выкарыстання ўсімі дзяржаўнымі структурамі.

Пабудаваць маршрут


Праграміст Уладзіслаў Кошалеў распавядае аб дадатку да карты, які распрацоўвае з двума калегамі на працягу года:

— Дадатак працуе на версіях Android 4.0 і вышэй. Скачаць бясплатна яго можна будзе ў Play Market, аўтарызацыя ў ім не патрабуецца. З яго дапамогай можна вызначаць свае каардынаты з магчымасцю капіравання інфармацыі і перадачы, — Уладзіслаў паказвае нам бэта-версію. — Вы бачыце пакуль у ім не адрас, а геаграфічныя каардынаты, але часам менавіта яны і патрэбныя. Ведаю, што кіроўцам таксі лепш перадаваць даўгату і шырату, чым адрас — так дакладней праз навігатар зарыентавацца, куды ехаць. Гэта карысная функцыя, але яна не адмяняе адрас. У нашым дадатку таксама можна пераключаць сувязь: выбіраць GPS або інтэрнэт. Нават калі ў вас няма інтэрнэту, а пра сваё месцазнаходжанне трэба камусьці паведаміць, па GPS у афлайн-рэжыме дадатак дасць вам пазнаку, хай нават карта і не будзе загружацца без інтэрнэту. У іншых картаграфічных дадатках функцыі пераключэння паміж гэтымі дзвюма сістэмамі няма. Калі ў іх хочаце выбраць нешта з гэтага, неабходна пераходзіць у настройкі тэлефона.

Каб інфармацыя была актуальная, дадатак сінхранізуецца з навігацыйнай картай краіны, пра якую казалі вышэй. Уладзіслаў Кошалеў працягвае:

— Гэтак жа, як і на карце, хочам укараніць feed-back — зваротную сувязь для карыстальнікаў. Практычна ўсе, калі адкрываюць новы картаграфічны сэрвіс, хочуць паглядзець на месца свайго жыхарства, працы. Калі ёсць нейкія змены на мясцовасці, людзі змогуць паведаміць пра гэта нам.

Што далей у планах? Дадаць функцыі пошуку адраса і складання маршруту. У апошнім з’явяцца розныя крытэрыі аптымізацыі — самы кароткі, доўгі, зручны шлях. Маршрутызацыя дазволіць выкарыстоўваць дадатак і як навігатар. Дарэчы, уладальнікаў смартфонаў на аперацыйнай сістэме iOS не пакрыўдзяць: як будзе гатова для Android, возьмуцца і за адаптацыю пад яе.

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter