Што зычаць любімай газеце, яе калектыву і чытачам палескія настаўнікі, даўнія нашы сябры Марыя Сцяпанаўна і Мікалай Паўлавіч Рай

Райскi педсавет

Што зычаць любімай газеце, яе калектыву і чытачам палескія настаўнікі, даўнія нашы сябры Марыя Сцяпанаўна і Мікалай Паўлавіч Рай 

Мікалай Паўлавіч і Марыя Сцяпанаўна— 75 гадоў разам.

З ТРЫЦЦАТЫХ гадоў мінулага стагоддзя пастаянна чытае нашу газету ветэран трох войнаў, стагадовы юбіляр Мікалай Паўлавіч РАЙ з палескай вёскі Малыя Арлы. Не меншы чытальніцкі  стаж і  ў яго жонкі Марыі Сцяпанаўны. Семдзесят пяць гадоў яны разам, паўвека настаўнічалі, выхавалі і далі вышэйшую адукацыю ўсім семярым дачкам і сынам, дачакаліся не толькі ўнукаў, але праўнукаў і прапраўнукаў, якія працягваюць дынастыю вясковых настаўнікаў. “Сельская газета” і сёння галоўная ў іх доме.

У ПЕРШЫЯ гады савецкай улады ў глыбіннай тураўскай вёсцы Хачэнь адкрылася хата-чытальня, дзе праводзілі лікбез для мясцовых жыхароў. Тут вучыў аднавяскоўцаў грамаце былы салдат царскай арміі Павел Рай. Гаспадар ён быў руплівы, а ў вольны час любіў пагартаць свежыя газеты. Адзіны на ўсю вёску шляхціц Павел Дарафеевіч выпісаў раённую газету “Чырвоная  Тураўшчына” і “Белорусскую  деревню”.   У апошнім выданні цікава расказвалася пра ўтрыманне хатняй жывёлы, друкаваліся   ўрадавыя   законы і распараджэнні,   асвятляліся сельскагаспадарчыя кампаніі. Карэспандэнцыя толькі праз некалькі дзён паступала на тураўскую пошту. У вясновае і асенняе разводдзе, калі да гарадка праз Прыпяць было немагчыма дабрацца, па некалькі тыдняў затрымлівалася пошта. Зімою па замерзлай рацэ прывозілі падпісныя выданні. Доўгімі вечарамі збіраліся ў прасторнай хаце Паўла Рая аднавяскоўцы, і старэйшы яго сын Пеця па складах чытаў услых рускамоўныя артыкулы. Лягчэй даваўся тэкст хлопчыку, калі газета стала выходзіць на роднай мове. Асабліва сялян цікавілі матэрыялы пра калектывізацыю, якая дайшла і ў палескі куток. Больш заможных гаспадароў улады аб’явілі кулакамі, і іх сем’і вывезлі ў Сібір. Вёска адразу апусцела. Хваляваўся і Павел Рай за сваю сям’ю. Статак кароў, коні, вялікі зямельны надзел, малатарня — усё гэта нажыў стараннай працай. Ад высялення выратавала вялікая сям’я. Усю жыўнасць з прыватнай гаспадаркі Паўла Рая абагульнілі ў створаны вясковы кааператыў. Пакінулі сям’і толькі карову.

 
1945 г. Маладая сям`я: Мікалай і Марыя РАЙ.

Аднымі з першых у Хачэні ўступілі ў калгас Павел Рай і яго жонка Ганна. А іх васьмёра дзяцей вучыліся ў Хачэньскай пачатковай школцы. Лягчэй за ўсіх давалася навука малодшаму сыну Мікалаю, які пасля чатырох класаў прадоўжыў вучобу ў Тураўскай сярэдняй школе. Штораніцы са стрыечнымі братамі адпраўляліся за чатыры кіламетры ў старажытны горад на заняткі. Прозвішча выдатніка вучобы Мікалая Рая красавалася на школьнай дошцы гонару. 

Бацькі падтрымлівалі імкненне сына да навукі. Мікалай лёгка рашаў самыя складаныя матэматычныя задачы, захапляўся гісторыяй і геаграфіяй. Паспяховаму выпускніку сярэдняй школы прапанавалі настаўнічаць у Тонежскай сямігодцы. Акружаная з усіх бакоў густымі барамі і балотам вялікая вёска славілася вядомым на ўсю краіну калгасным хорам. Неаднойчы выступалі тонежцы і на тураўскіх святах. Амаль дзень па грэблі праз балоты дабіраўся юнак з Турава ў Тонеж. Уладкаваўся ў вясковую сям’ю на кватэру і пачаў сваё настаўніцтва. Але доўга працаваць не давялося. Атрымаў павестку на службу ў армію. Увесь прызыў эшалонам накіравалі ў Карэлію, дзе пачалася вайна з Фінляндыяй. 

РАДАВОГА Мікалая Рая прызначылі ў дэсант на карабель імя Герцана. Неаднойчы даводзілася глядзець смерці ў вочы, удзельнічаць у кровапралітных баях. Фінская вайна запомнілася яму лютымі маразамі. Прачыналіся раніцай байцы ў зямлянках, а мароз пад пяцьдзясят градусаў трашчаў. Многа страцілі салдат з-за сцюжы.

Далей былі Латвія і Эстонія. У адным з баёў Мікалай атрымаў раненне. Пасля лячэння ў шпіталі вярнуўся ў Тонежскую сямігодку, дзе ў пачатковых класах настаўнічала маладая стройная дзяўчына з густой касой — Марыя Бялко. Вяскоўцы яе прыгажосцю любаваліся. Пры сустрэчы спыняліся, здымалі шапкі і паклонам віталіся. 

Вечарамі тонежцы збіраліся ў пабудаваным драўляным клубе, дзе ладзіліся танцы. Не кожны кавалер асмельваўся запрасіць на польку маладую настаўніцу. Адважыўся служывы Мікалай Рай, хаця спрыту ў скоках яму не ставала. Па дарозе дамоў маладым настаўнікам было пра што гаварыць. Сустракаліся і на пачатку лета адправіліся ў зарэчную вёску Поўчын знаёміцца з бацькамі Марыі. У нядзелю за сталом сабралася радня нявесты, але тут ускочыла ў хату ўсхваляваная суседка і ашаламіла весткай: пачалася вайна. 

У пачатку ліпеня фашысты акупіравалі Тураўшчыну. Хутка Мікалай Рай з сёстрамі, братамі і нарачонай Марыяй Бялко падаліся ў створаны партызанскі атрад “За Радзіму”, якім кіраваў камандзір Засінец. Моладзі давяралі самыя адказныя заданні. Сёстры Серафіма і Надзея хадзілі па навакольных мясцінах у разведку. Мікалай разам з братамі ўдзельнічаў у баявых аперацыях. У баях браты загінулі. Важныя заданні выконвала і яго маладая жонка Марыя, з якой яны згулялі вяселле ў партызанскім атрадзе. Аднойчы разам з баявымі сяброўкамі глыбокай восенню адправіліся ў тураўскую вёску Семурадцы за «языком». Калі перапраўляліся праз раку Сцвігу, лодка перавярнулася, і Марыя ледзьве не патанула. Партызанкі дапамаглі ёй выбрацца на бераг. У лясным курані пасушыліся і прадоўжылі свой шлях. У атрад вярнуліся з «языком».

— Камандаванне партызанскага атрада атрымала ад прыведзенага «языка» каштоўную інфармацыю і дамовілася на падтрымку сувязі, — распавядае Марыя Сцяпанаўна. — Яго потым адпусцілі назад у гарнізон, што кватараваў у Тураве, і адтуль ён перадаваў важныя звесткі. 

ПЕРШАЯ дачка партызанскай сям`і нарадзілася ў зямлянцы. Роды прымала вясковая фельчар. Немаўля захуталі ў пялюшкі, і маці ўсюды за сабою насіла, а камандаванне атрада для дзяўчынкі, якую назвалі Тамарай, малако выдзеліла. 

— Партызаны часта ўступалі ў бой з фашысцкімі акупантамі, — дадае Мікалай Паўлавіч. — У адной з такіх сутычак знішчылі амаль два дзясяткі гітлераўцаў, а нашы байцы ўсе засталіся жывыя. Фашысты лютавалі ў навакольных вёсках. Перад Ражаством Хрыстовым у Тонежы сагналі ў царкву і зажыва спалілі 261 вяскоўца. 

— Сведкі той жудаснай падзеі расказвалі, што, калі заганялі тонежцаў у царкву, дзяўчына пайшла следам за каханым у будынак, — сцішана гаворыць Марыя Сцяпанаўна. — Там яны і згарэлі разам. У вёсцы Поўчын нелюдзі знішчылі маіх родных. Маці, бацька, бабуля, старэйшая сястра з чатырма дзецьмі жывымі згарэлі. 280 маіх аднавяскоўцаў спалілі акупанты. Хіба такое можна забыць?..

У партызанскім атрадзе ў Мікалая і Марыі нарадзіўся і сынок. Партызаны назвалі яго Лёнькам. 

ПАСЛЯ Перамогі капітан Рай адправіўся на Далёкі Усход, ваяваў супраць японцаў. Дамоў з вайны вярнуўся восенню 1945 года. Паступіў на завочнае аддзяленне Пінскага педагагічнага інстытута і ўзначаліў Альшанскую сямігодку ў суседнім Столінскім раёне. Тры першыя пасляваенныя гады кіраваў малады дырэктар школай, у якой займалася амаль 600 вучняў. Сям’я папоўнілася дачкой Людмілай і сынам Генадзем. Затым Мікалай Паўлавіч дырэктараваў і ў створанай Аздаміцкай сямігодцы, адкуль пераехалі ў Малыя Арлы, што за Давыд-Гарадком.

— У той час там арганізоўваліся калгасы, і мы з жонкай днямі хадзілі па вёсках і агітавалі людзей уступаць у іх, — вяртаецца ў думках у пасляваенныя гады стагадовы Мікалай Паўлавіч. – У наваколлі дзейнічалі банды. У вёсцы Дубай, напрыклад, сярод белага дня забілі актывіста Рыгора Зайцава, у Магільным — Мікалая Каральчука. Страшна было, але перажылі гэты час. У нас ужо пяцёра дзетак падрастала. Для іх выпісвалі “Пионерскую правду”, а потым “Піянер Беларусі”, “Зорьку”, і ўвесь гэты час — “Колхозную правду”. Вяскоўцы нас паважалі. Жылі мы, як і ўсе. Трымалі хатнюю гаспадарку і ў калгасе соткі буракоў апрацоўвалі, жыта жалі. Нават больш за норму бралі ўчасткі, каб дзеці маглі зарабіць і падрыхтавацца да школы. Большасць вясковых сем’яў трымалі па дзве каровы, а ў нас было тры. Усёй сям’ёй нарыхтоўвалі сена.

Сельсавет выдзеліў будаўнічы лес, і мы зімою ездзілі за сорак кіламетраў уручную пілаваць яго, коньмі перавозілі па некалькі бярвенняў і складалі зруб. І сёння ў тым доме жывём разам з самай малодшай дачкою Эльмірай. Усе сямёра нашых дзяцей настаўнічалі ў розных кутках былой вялікай краіны. Ужо самая малодшая Эльміра на пенсіі, а яе муж Мікалай Вярэніч выкладае фізіку ў школе. І ўнучка Марыя Міцкевіч пасля Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта вярнулася дамоў настаўніцай роднай мовы і літаратуры. Дваццаць адзін вясковы педагог выйшаў з нашай сям’і. 

— Напэўна, найбольшае шчасце бачыць працяг у дзецях і ўнуках?

— Шчаслівы той, хто мае сям’ю, дзяцей і запатрабаваны ў дзяржаве, — лічыць Мікалай Паўлавіч.

— І калі твае родныя здаровыя, — дадае Марыя Сцяпанаўна. — У нашым сямейным жыцці ўсяго хапала. На жанчын глядзеў мой гаспадар, і нават у сто гадоў такі ж. Часам ходзіць да суседак і зараз. А я  хвалююся. Турбуе мяне і тое, што пражылі нявенчанымі 75 гадоў. 

— Ці адчулі вы розніцу ў культуры, паводзінах жыхароў вёсак, дзе вам даводзілася жыць і працаваць?

— У Альшанах народ працавіты. Там можаш пакласці грошы, і яны будуць на месцы ляжаць. Чуллівыя і добрыя ўсе палешукі.

— Якія самыя шчаслівыя моманты вашага сумеснага жыцця?

— Нараджэнне дзяцей. Нас Гасподзь адарыў цудоўнымі дзеткамі. Нявесткі і зяці папоўнілі наш род. Нявестка Валянціна Рай узначальвала Жабінкаўскі райвыканкам, выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Павагай сярод людзей карыстаюцца і нашы зяці. Унукі і праўнукі працягваюць лепшыя традыцыі сям’і Рай. Дачакаліся і прапраўнукаў. Усе разам летам збіраемся на Райскі педсавет у нашым доме. Дачка Ларыса, якая жыве ў Карэліі і ўжо на пенсіі, час вымярае не гадзінамі, а ўрокамі. Калі адзінаццаць гадзін, значыць трэці ўрок ідзе.

— Школьныя прадметы вы выкладалі на роднай мове. Не забылася яна вам? 

— У нас дамашняя цудоўная бібліятэка. Мікалай Паўлавіч і зараз не можа без газет, усе перачытвае. Больш за нашу сям’ю ніхто не выпісвае ў вёсцы. Працягваем выпісваць любімую “Сельскую газету”. 

— Ваш любімы сямейны  пісьменнік?

— Творчасць Івана Мележа немагчыма пераацаніць. Яго творы яскрава характарызуюць жыццё палешукоў на пачатку мінулага стагоддзя. Пісьменнік трапна перадаў вобразы, характары, норавы нашых землякоў. Ганна Чарнушка і Васіль Дзятлік быццам жывыя для нас. 

— Ваша сямейная страва?

— Спечаны на чаране хлеб. Расчынялі яго ў дзяжы і пяклі на дубовых ці капусных лістах. А бывала, што печ вычышчалі і садзілі цеста на чарэн. 

— Са школай падтрымліваеце сувязь?

— Нас не забываюць і запрашаюць на розныя святкаванні. На кожнае свята атрымліваем шмат віншаванняў. У юбілей Мікалая Паўлавіча пазваніла з аграгарадка Альшаны васьмідзесяцігадовая былая наша вучаніца Пархоменка і расказала, што яе ўнук прачытаў у раённай газете “Навіны Палесся” пра стагадовы юбілей Мікалая Паўлавіча. Як пачула гэта прозвішча, адразу пайшла ў царкву заказваць службу за яго здароўе. Па дарозе сустрэла сяброўку, і расказала той пра юбілей. Усёй вёскай заказалі агульную службу за здароўе былога дырэктара Альшанскай школы Мікалая Паўлавіча Рая. 

— Мікалай Паўлавіч, не палохаецеся, што вас віншуюць са стагоддзем?

— Спадзяюся, што гэта не апошняя круглая дата ў маім жыцці. І любімай “Сельской газете” жадаю таксама новых юбілеяў, а тым, хто стварае такую цудоўную газету і чытае яе, — дажыць да майго веку!

Уладзiмiр СУБАТ

Столінскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Мікалая Паўлавіча Рая
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter