Районы, кварталы, жилые массивы. Что может измениться к лучшему в городских дворах

Раёны, кварталы, жылыя масівы

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва распрацавала нарматыўны дакумент па ўдасканаленні нашых жылых кварталаў. У ім улічылі асноўныя напрамкі: стварэнне шматузроўневых стаянак і парковак, велапарковак, абсталяванне дзіцячых пляцовак, фарміраванне бяспечнага асяроддзя, арганізацыю выдалення смецця. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, як гульнявыя пляцоўкі можна падзяліць па ўзростах і што прапануецца, каб разгрузіць двары ад транспарту.

Адна з цікавых прапаноў — арганізацыя асобных гульнявых пляцовак для дзяцей. Ідэя ў тым, каб дашкольнікі і школьнікі гулялі ў розных зонах. Для чаго гэта трэба, тлумачыць Таццяна Гаўрыленка, начальнік аддзела горадабудаўніцтва галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі міністэрства:

— Для бяспекі, у першую чаргу. Мы падгледзелі вопыт арганізацыі такіх пляцовак у Маскве. Звычайна зоны аддзяляюцца жывой агароджай альбо пешаходнай дарожкай. Зразумець, дзе чыя пляцоўка, вельмі проста. Для дашкольнікаў заўсёды абсталявана тая ж пясочніца, а арэлі — адпаведных габарытаў,  для школьнікаў — іншыя атракцыёны. Для дарослых мы прапануем уладкаваць пляцоўкі для вольнага часу і заняткаў спортам.

Адна з прапаноў — арганізаваць дзіцячыя пляцоўкі так, каб дашкольнікі і школьнікі гулялі ў розных зонах
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

У нарматыўным дакуменце асаблівая ўвага надаецца бяспецы ў дварах: гэтаму пытанню прысвечаны новы раздзел. Так, напрыклад, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва заклікае ўстанавіць дадатковае відэаназіранне:

— Зараз камеры ставяць з мэтай прасачыць за тымі, хто заходзіць у жылы дом. Мы ж прапануем назіраць і за бяспекай у дварах. Бацькам дзяцей, якія гуляюць на пляцоўках, так будзе спакайней. Да таго ж часта ў дварах пашкоджваюць аўтамабілі — камеры б дапамаглі хутка ўстанавіць парушальнікаў.

Таксама ў міністэрстве разглядаюць розныя варыянты абмежавання доступу транспарту ў двары. У адных кварталах, мяркуюць распрацоўшчыкі, можна дазволіць праезд толькі для спецтэхнікі, у іншых — ізаляваць тэрыторыю часткова з дапамогай шлагбаумаў, а ў некаторых — стварыць асобныя зоны для паркоўкі:

— Дазволіць праезд толькі для спецтэхнікі можна ў новых кварталах. У ідэале трэба будаваць дом і падземную паркоўку для яго жыхароў, каб у дварах машын не было зусім. 

Пры распрацоўцы дакумента абапіраліся на вопыт Расіі і Казахстана. Праект падрыхтаваны і накіраваны на разгляд ва ўсе зацікаў-леныя міністэрствы і ведамствы. Плануецца, што дакумент уступіць у сілу ўжо да снежня гэтага года, заўважае Таццяна Гаўрыленка:

— Мы ўнеслі свае прапановы, але галоўнае пытанне — у фінансаванні і рэалізацыі гэтых ідэй.

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter