Эксперымент у Мiнску: двары чысціць ад снегу новая машына

Райдар, ваш выезд!

Новую тэхніку — райдар — выкарыстоўваюць у Фрунзенскім раёне Мінска. Мінітрактар Husqvarna набылі ў КУП ЖЭУ № 7 у якасці эксперыменту, і за лета, восень і пачатак зімы абсталяванне, прызнаюцца работнікі прадпрыемства, не расчаравала. Карэспандэнт «Р» высвятляла, у чым перавагі гэтага малагабарытнага трактара.

 
Трактарыст Мікалай Дражын спрытна спраўляецца з тэхнікай і расчышчае дарожку ад снегу і наледзі за лічаныя хвіліны
Фота Уладзіміра ШЛАПАКа

Райдар Husqvarna R 316 T AWD вышынёй усяго 115 см, а даўжыня яго складае крыху больш за 200 см. Здаецца, з чым можа ўправіцца такі «малышок»? Як аказалася, шмат з чым: улетку ён косіць траву, восенню збірае і здрабняе лісце, падмятае з дапамогай шчоткі тэрыторыі, а зімой ачышчае дарожкі ад снегу і пасыпае іх соллю. Аляксей Бурдун, начальнік службы 43 ЖЭУ № 7 Фрунзенскага раёна, згадвае сярод пераваг таксама эканамічнасць, універсальнасць і якраз малагабарытнасць:

— Мы апрабавалі ўжо практычна ўсе насадкі і засталіся задаволеныя. Дзякуючы свайму памеру райдар без праблем заязджае ў двары, дзе, напрыклад, шмат машын і куды звычайны трактар не праціснецца. Таксама яго плюс у тым, што заднія колы паварочваюцца — можна развярнуцца практычна на месцы. Звычайны трактар не пакосіць, лісце не збярэ, пешаходныя дарожкі не пачысціць, а тут усё ў адным райдары.

Жыхары раёна гэтай тэхніцы дзівяцца: прызвычаіліся бачыць такую толькі ў прыватным сектары. Але, магчыма, улічваючы ўдалы эксперымент, у хуткім часе міні-трактары можна будзе сустрэць і ў іншых раёнах горада. Ірына Берташ, намеснік дырэктара ЖЭУ № 7 Фрунзенскага раёна, дзеліцца, што ў планах іх прадпрыемства набыць яшчэ дзве адзінкі такой тэхнікі:

— Таму што гэта істотная эканомія. У летні перыяд райдар замяняе чатыры касцы, а ў зімовы — працу 2—3 чалавек. Мы падлічылі, што гадавая эканомія ад прымянення райдара складае

10 184,6 рубля. Напрыклад, летам на газонакасілкі ідзе шмат паліва, розных камплектуючых, ды і кадры трэба падрыхтаваць. А для працы на райдары не патрабуецца праходжання  тэхагляду, наяўнасцi правоў і дадатковых навыкаў. За месяц ён скошвае 84 працэнты газонаў, за выключэннем схілаў і, напрыклад, тэрыторыі каля лавак, дрэў, там ужо працуюць спецыялісты. А ўвосень райдар не толькі збірае лісце, але і здрабняе яго, у выніку яно застаецца на газонах у якасці ўгнаення.

Работнікі ЖЭУ запэўніваюць, што райдар выдатна расчысціць пешаходныя дарожкі.

Цікава, а зімой міні-трактар справіцца са снегам, калі да нас завітае цыклон накшталт «Хаўера»? Работнікі ЖЭУ запэўніваюць, што ён выдатна расчысціць пешаходныя дарожкі. Зусім хутка ў КУП ЖЭУ № 7 прыбудзе насадка для райдара, якая зможа пасыпаць дарожкі соллю: раней прадпрыемства заказвала для гэтых мэт тэхніку, якая з-за свайго вялікага памеру не ўсюды магла праехаць.

У зімовы перыяд райдар замяняе працу 2—3 чалавек

Што ж, вырашаю пераканацца ў эфектыўнасці райдара на свае вочы. Сядзець за яго рулём, нягледзячы на  тое, што асаблівых навыкаў для гэтага не трэба, работнікі ЖЭУ даручылі трактарысту з вопытам. Мікалай Дражын спрытна спраўляецца з тэхнікай і расчышчае дарожку ад снегу і наледзі за лічаныя хвіліны. Прызнаецца, што хоць ездзіць на такім маленькім трактары і зручна, не ўсё так проста: ёсць нюансы ў кіраванні.

Ірына Берташ распавяла, што кошт у лізінг райдара разам з навясным абсталяваннем склаў 32 618,5 рубля, а тэрмін яго акупнасці — 3,2 года. Адзіная праблема пакуль заключаецца ў тым, што ў нашай краіне для райдара Husqvarna не прадаюцца запчасткі, прывозяць іх са Швецыі — чакаць даводзіцца каля месяца.

matuzova@sb.by  
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter